Как поддержать одиноких пенсионеров

На старым месцы, у той самы час

Як падтрымаць адзінокіх пенсіянераў?
Вось і прыйшоў «трэці ўзрост» да чалавека: гэта значыць, ён стаў паўнацэнным пенсіянерам. Добра, калі побач з ім родзічы, дзеці, унукі, і яшчэ лепш, калі яны паважаюць, любяць і шчыра клапоцяцца пра старога. А калі пенсіянер адзінокі? Такіх, на жаль, у нашай краіне нямала: звыш 128 тысяч. Тых пенсіянераў, хто па розных прычынах жыве адзінока, больш за 582 тысячы. Адзінокіх ветэранаў Вялікай Айчыннай — 2936. Як жа падтрымаць iх? 


Розныя жыццёвыя абставіны прыводзяць старога да адзіноты. Скажам, зусім забыліся пра яго ў тым калектыве, дзе раней працаваў. Напаткала няшчасце, не стала жонкі. Не было дзяцей. Альбо ёсць і дзеці, і ўнукі, ды жывуць далёка, таму і не прыязджаюць. І самае цяжкае і горкае: і дзеці, і ўнукі жывуць з ім, скажам, у адным горадзе, ды такія чэрствыя і бяздушныя, што кінулі яго на волю лёсу.

Клопат пра ветэранаў у нашай краiне няспынны, прычым на ўсіх узроўнях улады — ад сельскага Савета да Прэзідэнта. Формы і метады работы з гэтай катэгорыяй насельніцтва самыя разнастайныя. Асаблівая роля тут адводзіцца тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вопыт лепшых з іх актыўна абагульняе і распаўсюджвае Рэспубліканскі савет Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Старшыня Савета Анатоль Новікаў канстатуе:

— Практыка паказала, яны асабліва запатрабаваныя жыццём, бо паспяхова вырашаюць важнейшую задачу — падтрымліваць у першую чаргу старых, адзінокіх, інвалідаў. Галоўная адметнасць іх работы — комплекснае абслугоў-ванне. Гэта значыць, што ветэран, які звярнуўся у цэнтр, можа атрымаць любую паслугу, у якой мае патрэбу. А запатрабаванні ў нашых ветэранаў высокія. І самыя розныя, што нас радуе.

Цяпер нашы ветэраны зусім не такія, як былі раней. Сёння ім карціць сабрацца разам, і не дзе-небудзь, а ў прыстойным месцы, скажам, у Палацы культуры, у клубе па інтарэсах. Многія хочуць «удасканаліць» сваё ўменне ў танцах, займаюцца ў школе зда-роўя, авалодваюць камп’ютарам, спрабуюць сябе ў песнях ці музыцы і г. д. Словам, старыя людзі імкнуцца жыць цікава і змястоўна, тады не так даймаюць хваробы. 

Рэспубліканскі савет згаданага ветэранскага аб’яднання праводзіў выязное пасяджэнне свайго прэзідыума ў ТЦСАН Цэнтральнага раёна Мінска. Гасцей прыемна здзівіў, па-першае, незвычайна шырокі асартымент самых розных паслуг, якія атрымліваюць тут пенсіянеры.
«Кожны, хто прыходзіць да нас, знойдзе сабе занятак па душы, — расказала дырэктар цэнтра Іна Герасімава. — Шмат гурткoў па інтарэсах. Паслугі, што адпавядаюць рэаліям сённяшняга жыцця: асваенне камп’ютара, вывучэнне замежных моў — англійскай, італьянскай, нямецкай. У клубе «Рада» жадаючыя займаюцца танцамі. А яшчэ юрыдычныя кансультацыі: калі ветэран цяжка хворы, то яны праводзяцца нават у яго дома, прычым бясплатна. Сацыяльнае таксі — сёлета такой паслугай карыстаюцца ўжо 5 тысяч чалавек.

Другое, што глыбока кранула  ўдзельнікаў пасяджэння, — выключная чалавечнасць супрацоўні-каў цэнтра. Паслухаем, чым вабіць ён Вікторыю Кацелкіну.

«Летам я на дачы, а зімою прыходжу сюды, — распавядае пенсiянерка. — Засумаваць тут проста не атрымаецца. Асвойваю камп’ютар, вучуся вышываць стужкамі, шмат цікавага прапануе нам клуб «У гасцях у бабулі».  

Нядаўна Рэспубліканскі савет ветэранскага аб’яднання абагульніў практыку работы з ТЦСАН на Гродзеншчыне. У названых цэнтрах створана 121 ад-дзяленне, якія забяспечваюць ветэранам і пажылым людзям даступнасць сацыяльных паслуг. Напрыклад, у пенсіянера нечакана пагоршылася здароўе, або канфлікт у сям’і, ці яшчэ нейкая непрыемнасць. Таму ў цэнтрах створана сем «крызісных пакояў» і дзве кватэры сацыяльнага патраніравання, дзе людзі знаходзяць часовы прытулак. У вобласці таксама функцыянiруюць 7 дамоў сумеснага самастойнага пражывання пажылых людзей.

Гэтым цэнтрам на надомнае абслугоўванне перададзены аддаленыя невялікія вёсачкі i хутары. 

Беларускi вопыт сацыяльнай палітыкі ў адносінах да пажылых людзей высока ацэнены Міжнародным саюзам «Садружнасць» грамадскіх арганізацый ветэранаў і пенсіянераў СНД (Масква). Калегі пераймаюць і ўкараняюць у сябе самае цікавае і карыснае. У тым ліку і работу ТЦСАН. Бо гэтыя цэнтры для многіх ветэранаў як родныя хаты...

Міхаіл ШЫМАНСКІ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter