На старце

Вызначаны парадак выступленняў у адборы на «Еўрабачанне-2013»

Вызначаны парадак выступлення фіналістаў нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне-2013»

Белтэлерадыёкампанія абвясціла вынікі жараб’ёўкі фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура на Міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне-2013». Як стала вядома, дзесяць адабраных журы прэтэндэнтаў выступяць у наступным парадку: Віталь Варанко, Макс Лорэнс, Алёна Ланская, Яnkey, група «Beaver Band», Дарыя, Uzari, Аляксей Грос, група «Nuteki», Сацура.

Фінал пройдзе 7 снежня. Шоу пачнецца ў 22.00 і будзе трансліравацца са студыі «600 м» Белдзяржрадыёкампаніі ў прамым эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і спадарожнікавага «Беларусь 24». Вядучымі шоу стануць Вольга Рыжыкава і Дзяніс Дудзінскі.

Лідар фіналу, які стане афіцыйным прадстаўніком нашай краіны на «Еўрабачанні-2013», вызначыцца традыцыйна: па выніках галасавання гледачоў і ацэнках журы.

Разам з «пуцёўкай» на конкурс пераможца атрымае спецыяльную ўзнагароду — стылізаванае сiмвалiчнае сэрца. Прыз вырабляюць па заказе Белтэлерадыёкампаніі на шклозаводзе «Нёман».

У якасці запрошаных гасцей у фінальным шоу прымуць удзел першы прадстаўнік Беларусі на «Еўрабачанні-2004» дуэт «Аляксандра і Канстанцін», папулярная спявачка Гюнэш, якая неаднаразова штурмавала нацыянальныя адборы, а таксама Дзмітрый Калдун, які заняў 5-е месца на конкурсе 2007 года і чый вынік дасюль застаецца лепшым выступленнем ад нашай краіны на «Еўрабачанні».

Нагадаем, наступны міжнародны песенны конкурс пройдзе ў маі будучага года ў шведскім горадзе Мальмё.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter