На ўсе сто!
28.06.2013
Колькасць стобальнікаў расце з года ў год.
Вось і падышло да канца цэнтралізаванае тэсціраванне. Сёння абітурыенты здадуць апошні іспыт — па геаграфіі. Нагадаю, што для ўдзелу ў ім зарэгістраваліся 1899 хлопчыкаў і дзяўчынак. Наперадзе — толькі рэзервовы дзень для правядзення ЦТ па ўсіх прадметах (4 ліпеня) і непасрэдна падача дакументаў у ВНУ і залічэнне.
Разам з тым агульная колькасць стобальнікаў толькі па выніках трох першых экзаменаў ЦТ-2013 склала 49 чалавек, у той час як у мінулым годзе лепшых было ўсяго 33. Несувымерна вырасла колькасць тых, хто атрымаў абсалютны бал, у параўнанні з вынікамі ЦТ 2011 года. Тады па выніках тэстаў па мовах і біялогіі іх было ўсяго 13 чалавек. «Гэтыя лічбы сведчаць аб даступнасці тэстаў для ўдзельнікаў тэсціравання», — падкрэслівае дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Мікалай Фяськоў.
Калі і па іншых выпрабаваннях абітурыенты будуць дэманстраваць бліскучы вынік, абсалютная лічба тых, хто набраў максімальны бал, будзе перакрытая. Нагадаю, у мінулым годзе колькасць лепшых работ складала 120, што перавышала паказчык 2011 года фактычна ўдвая.