На ўсе сто!

ЦТ-2013: Колькасць 100-бальнікаў па рускай мове вырасла ўдвая

Колькасць стобальнікаў расце з года ў год.

Вось і падышло да канца цэнтралізаванае тэсціраванне. Сёння абітурыенты здадуць апошні іспыт — па геаграфіі. Нагадаю, што для ўдзелу ў ім зарэгістраваліся 1899 хлопчыкаў і дзяўчынак. Наперадзе — толькі рэзервовы дзень для правядзення ЦТ па ўсіх прадметах (4 ліпеня) і непасрэдна падача дакументаў у ВНУ і залічэнне.

Нагадаю, што сталі ўжо вядомыя першыя вынікі ЦТ па дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама біялогіі. Можна сказаць, што рэкорд мінулага года па першых іспытах пабіты. Бо калі па выніках ЦТ-2012 толькі 19 абітурыентаў прайшлі іспыт па рускай мове на «выдатна», то ў гэтым годзе вышэйшы бал набралі 39 чалавек! Разам з тым колькасць абсалютных вынікаў па беларускай мове фактычна засталася на ўзроўні мінулага года. А вынік па біялогіі, насупраць, знізіўся з 7 лепшых работ у мінулым годзе да 4 па выніках гэтага года.

Разам з тым агульная колькасць стобальнікаў толькі па выніках трох першых экзаменаў ЦТ-2013 склала 49 чалавек, у той час як у мінулым годзе лепшых было ўсяго 33. Несувымерна вырасла колькасць тых, хто атрымаў абсалютны бал, у параўнанні з вынікамі ЦТ 2011 года. Тады па выніках тэстаў па мовах і біялогіі іх было ўсяго 13 чалавек. «Гэтыя лічбы сведчаць аб даступнасці тэстаў для ўдзельнікаў тэсціравання», — падкрэслівае дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Мікалай Фяськоў.

Калі і па іншых выпрабаваннях абітурыенты будуць дэманстраваць бліскучы вынік, абсалютная лічба тых, хто набраў максімальны бал, будзе перакрытая. Нагадаю, у мінулым годзе колькасць лепшых работ складала 120, што перавышала паказчык 2011 года фактычна ўдвая.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter