Дзень вясенняга раўнадзенства — свята Наўруз — адзначылі ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі прадстаўнікі многіх дыяспар Беларусі

Наўруз святкавалі ў Мінску

Дзень вясенняга раўнадзенства — свята Наўруз — адзначылі ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі прадстаўнікі многіх дыяспар Беларусі

Вельмі шмат людзей сабралася: прыкладна каля 400 чалавек. Сям’я Султанбі Гулішоевай, напрыклад, жыве ў Беларусі больш за 20 гадоў. З Таджыкістана пераехалі ў 90-я. Спачатку гасцявалі ў армейскага сябра мужа, пасля ўладкаваліся ў вёсцы Паўлава, што ў Круглянскім раёне Магілёўшчыны. Пра такі “паварот лёсу” не шкадуюць. “Ёсць дом, праца, ва ўсіх шасцярых дзяцей — вышэйшая адукацыя, — гаворыць Султанбі. — У дочак ужо свае сем’і”. Шмат беларускага пераняла таджыцкая сям’я: разам з вяскоўцамі святкуюць перасяленцы Вялікдзень, скачуць цераз агонь на Масленіцу. А на мусульманскі Наўруз запрашаюць сяброў да сябе і заўсёды частуюць традыцыйнымі стравамі. Вось і на свята, якое ладзілася ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі, Султанбі Гулішоева прывезла свае ляпёшкі і самбусу.

Музыкі гурта “Няўрыда” на свяце Наўруз
Музыкі гурта “Няўрыда” на свяце Наўруз. Фота аўтара

Наўруз — гэта старадаўняе свята, яго адзначаюць казахі, кыргызы, таджыкі, іранцы, аф­ганцы, туркмены, азербайджанцы, сірыйцы, татары, башкіры… Сёлета прад­стаўнікі многіх дыяспар, якія жывуць у Беларусі, разам ды з размахам сустрэлі свой Новы год, Дзень абуджэння прыроды і вясенняга сонцастаяння. “Правесці сумесны Наўруз прапанавалі пасольствы Казахстана, Тад­жыкістана і Кыргызстана, пад­трымала іх ідэю Міністэрства куль­туры Беларусі, — расказаў мне дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў. — Таму свята і атрымалася маштабным. Думаю, традыцыя будзе мець працяг”.

У Мінскім палацы дзяцей і моладзі разам весяліліся прадстаўнікі дыяспар, па­сольстваў і дыпкорпуса, ганаровыя госці ад міністэрстваў і ведамстваў краіны, выканкама СНД у Беларусі, а таксама беларускія сябры, якім цікавае гэтае свята. Шмат можна было даведацца пра гісторыю і традыцыі Наўруза, пачаставацца нацыянальнымі стравамі. Фарангіс Даўлатава расказала мне, як рыхтуюцца да Наўруза ў яе сям’і ў Душанбэ: “На стале абавязкова павінны быць сем страваў, назвы якіх пачынаюцца з літары “с”, і яшчэ сем — на літару “ш”. Аднак галоўнае — гэта суманак, напой, які гатуюць з прарошчанай пшаніцы. Ён лічыцца вельмі каштоўным і нават лекавым”. А Арзу Мірзалізадэ з Азербайджана, якая вучыцца ў адной з мінскіх вну, узгадвае, як штогод у Наўруз частуе сукурснікаў пахлавой, а ўвечары ўсе разам у інтэрнаце скачуць цераз запаленыя свечкі. Ну як беларусы, падумала я, цераз Купальскае вогнішча!

На нацыянальных падворках таджыкаў, кыргызаў і татара-башкіраў шмат прыгожых прадметаў прыкладнога мастацтва. А ў казахаў нават сапраўдная юрта: заходзь! Навокал — яркія колеры ўсходніх касцюмаў, чароўныя гукі музыкі, усмешкі шчаслівых людзей... На сцэне тым часам асобныя выканаўцы, гурты этнасупольнасцяў змя­нялі адзін аднаго. Толькі заціхалі гукі казахскай домры, як гучала “Арабскае фламенка”, а за гэтай музыкай — таджыцкі “Фалак”… Культуру татара-башкіраў прадстаўлялі гурты “Лейсэн” і “Няўрыда”. Прыйшоўся да месца і беларускі фальклорны гурт “Вербіца” з песнямі-вяснянкамі.

Усё на мінскім свяце Наўруз было надзіва гарманічным, сонечным, радасным. Зрэшты, так і быць павінна: гэта ж сустрэча вясны, абнаўленне прыроды, ачышчэнне душы чалавека. Дарэчы, 21 сакавіка лічыцца Міжнародным днём Наўруза, а з 2009-га свята ўключана ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter