На прыступку вышэй

Аграрыі Пухавіцкага раёна паставілі шэраг уласных рэкордаў

Аграрыі Пухавіцкага раёна паставілі шэраг уласных рэкордаў

Хаця гэты сельскагаспадарчы год быў далёка не з лёгкіх, і не ўсе планы ажыццявіліся, але ў многім для раёна яго можна лічыць знакавым.

Калі падвялі вынікі, то па шэрагу пазіцый было канстатавана — дасягнулі ўпершыню за шмат гадоў. Так, раён упершыню за апошнія 25 гадоў дасягнуў 100-тысячнага намалоту збожжа. Найлепшыя вынікі ў ААТ «Голацк» і «Агра-абярэг», гэтыя гаспадаркі пераўзышлі 10-тысячны рубеж па валавым зборы зерня. Звыш 7 тысяч тон намалацілі ў ААТ «Зазерка». А ПСУП «Дукора-агра» і КРСУП «Племзавод «Індустрыя» атрымалі найбольшы валавы прырост зерня ў параўнанні з леташнім. А самую высокую ўраджайнасць збожжавых атрымалі хлебаробы эксперыментальнай базы «Зазер’е», з кожнага гектара яны намалацілі па 58,6 цэнтнера зерня. Упершыню ў гісторыі раёна на двухтысячны рубеж па намалотах выйшаў камбайнер ПСУП «Дукора-агра» Мікалай Крукоўскі, на яго рахунку 2 тысячы 120 тон. 17 камбайнавых экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон, а 22 вадзіцелі перавезлі звыш за тысячу тон зерня.

Пухавіцкі раён сёлета ў ліку васьмі раёнаў Міншчыны, якія пераўзышлі 100-тысячны валавы намалот зерня. І ў дзясятцы па атрыманым ураджаі «другога хлеба» — пухаўчане накапалі больш за 30 тысяч тон бульбы. Яе вырошчваннем займаюцца эксперыментальная база «Зазер’е», ПСУП «Дукора-агра», ААТ «Голацк», «Зазерка» і «Агра-абярэг».

Тое, што змаглі дасягнуць пухаўчане ў сельскагаспадарчай галіне, натхняе іх на наступныя рашучыя крокі, якія, несумненна, будуць больш выніковымі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter