На праздник ткачества в Лиде соберутся мастера со всей области

Свята ткацтва праходзіць штогод у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» з 2017 года. У гэтым годзе свята «Карункі» запланавана на суботу, 28 кастрычніка.

– У 2021 годзе на базе аддзела традыцыйнай культуры і рамёстваў быў створаны грамадска кансультацыйна-практычны цэнтр па навучанні розным тэхнікам ткацтва, – нагадала намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч. – На тэрыторыі ўстановы паспяхова працуе майстэрня па навучанні ткацтву. Яна налічвае сем ткацкіх станкоў, дзе працуюць тры выбітныя ткачыхі, сярод якіх народны майстар Валянціна Генрыкаўна Сільвановіч, адзін з носьбітаў традыцый белаўзорыстага ткацтва Панямоння.

Як вядома, традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Сучаснае абсталяванне, ткацкія станкі, багатая выставачная экспазіцыя ўзораў ткацтва прыцягваюць увагу турыстаў, мясцовых жыхароў рознага ўзросту. Дасведчаныя майстры выдатна валодаюць шматлікімі традыцыйнымі тэхнікамі ткацтва, ствараюць ручнікі, палотны і тэкстыль, з якога шыюць рэгіянальнае традыцыйнае адзенне.

– Свята ткацтва – гэта дэманстрацыя і папулярызацыя рэдкага ўнікальнага рамяства, – падкрэсліла Наталля Рамановіч. – Штогод на свяце прадстаўляюць арыгінальныя аўтэнтычныя вырабы, аўтарскія калекцыі ткацтва майстроў Гродзеншчыны, праводзяцца майстар-класы і творчыя сустрэчы. І гэты год не выключэнне. Падчас свята спецыялісты распавядуць аб асаблівасцях ручнога ткацтва, яго гісторыі і традыцыях, працэсе вытворчасці. Усім гасцям можна будзе на свае вочы ўбачыць, як збіраюцца кросны, закладваюцца ніткі, нараджаецца ўзор. Шырока на выставе таксама прадставяць прылады і прыстасаванні для апрацоўкі льну і атрымання ўзорыстых тканін: часалкі, цёрніца, трапло, прасніцы, верацёны, калаўроты, чаўнакі, цэўкі, сукала, кросны…

Дарэчы, традыцыі ткацтва рамяства шануюць у кожным з 17 раёнаў Гродзеншчыны. 11 старэйшым носьбітам і захавальніцам ткацкіх традыцый нададзены ганаровы статус “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”.

У рамках свята адбудзецца юбілейная святочная праграма “Паміж мінулым і сучасным – як песней льецца рамяство”, прысвечаная 20-годдзю заснавання аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

   

Фота Наталлі Рамановіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter