На холсте – Родина: в Национальном художественном музее открылась выставка витебчанина Вячеслава Шамшура

На палатне — Радзiма

У Нацыянальным мастацкiм музеi праходзiць выстава пастэлi i алейнага жывапiсу вiцябчанiна Вячаслава Шамшура

«У суладдзi душэўнасцi i цеплынi» — так называецца выстава шчырых работ мастака Вячаслава Шамшура, на якiх адлюстравана Айчына. Экспазiцыя адкрылася ў Нацыянальным мастацкiм музеi, у ёй каля 40 карцiн у тэхнiках пастэлi i алейнага жывапiсу — i ўсе перадаюць каларыт, прыгажосць i непаўторнасць нашай Радзiмы. «Вячэрняя зара» ў адным з гарадскiх дворыкаў, «Лучоса» ў розныя поры года, «Першыя промнi», «Пейзаж з касцом» у вясковых краявiдах, «Браслаўшчына. Ранiца», «Вiцьба майская» — што нi праца, то з душой.


Гэта ацанiлi госцi падчас адкрыцця выставы, якiя дзялiлiся ўражаннямi. Сярод прысутных сабралася шмат выкладчыкаў з Вiцебска — калег творцы. Вячаслаў Шамшур — кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва i тэхнiчнай графiкi ВДУ iмя П. М. Машэрава. Больш за паўстагоддзя выкладае ў роднай альма-матар, дзе быў паспяховым студэнтам i пераняў лепшыя традыцыi вiцебскай мастацкай школы.

— Вячаслаў Шамшур працуе ў розных тэхнiках, у творах гучыць вялiкая любоў да роднай зямлi, — звярнула ўвагу першы намеснiк старшынi Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговiч. — Сярод розных iпастасяў — даследчык, аўтар кнiг, выкладчык — важна, што Вячаслаў Шамшур знаходзiць час i iмпэт займацца менавiта мастацтвам, якое дае магчымасць заўсёды адчуваць сябе маладым i бадзёрым.


Калегi падкрэслiлi: Вячаслаў Вячаслававiч паважае студэнтаў, вучыць ад першакурснiкаў да дыпломнiкаў, нават кiруе магiстарскiмi дысертацыямi выхаванцаў з Кiтая i з усiмi знаходзiць агульную мову — мову фарбаў, пэндзля i бязмежнай павагi да Радзiмы. Дарэчы, заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзiмiр Пракапцоў таксама быў вучнем Вячаслава Шамшура:


— Памятаю, калi стаў студэнтам мастацка-графiчнага факультэта, на змену старэйшым мастакам вiцебскай школы прыйшла плеяда маладых педагогаў, у тым лiку i Вячаслаў Вячаслававiч. Найлепшыя ўспамiны захоўваю з тых часоў.

Мастак нарадзiўся на Мiёршчыне. «Дарагiя мясцiны майго дзяцiнства не даюць спакою. Іх цудоўныя сонечныя вобразы заўсёды стаяць перад маiмi вачыма i вельмi часта з’яўляюцца ў снах», — падкрэслiвае мастак у адным са сваiх вучэбна-метадычных дапаможнiкаў. Малая радзiма ў яго творчасцi займае вядучае месца — калi не па колькасцi карцiн, дык па iх эмацыянальнай насычанасцi.

— І сутнасць гэтай тэмы вельмi значная, — перакананы творца. — Таму што захапленне малой радзiмай паступова перарастае ў павагу да вялiкай Бацькаўшчыны. Лiчу, што такiя работы даюць патрыятычны iмпульс у духоўным увасабленнi чалавека.
З ранняга дзяцiнства Вячаслаў Шамшур нераўнадушны да гаючай прыроды. Дагэтуль памятае, як хораша яму тлумачыла мама назвы кветак, расказвала легенды пра азёры, паказвала краявiды. Хлопчык ужо тады пачаў усё гэта фiксаваць на паперы, каб прыгажосць не згубiлася. А аднойчы наогул зафiксаваў на кашулi. Мама апранула яго ў новенькую белую вопратку, каб паскакаў па канавах, нiбыта мятлiк, а заадно аднёс дзеду ў кузню навастрыць нажнiцы. Па дарозе юны мастак вырашыў праверыць, цi востры iнструмент, i выразаў на кашулi карункi.


З часам любоў да творчасцi толькi мацнела. Спачатку мастак працаваў у тэхнiцы лiнагравюры, стварыў цэлую серыю. Пазней пазнаёмiўся з тэхнiкай пастэлi i моцна ўпадабаў яе, паступова асвоiў. «Першы снег», напрыклад, ён паказвае ў антуражы прышвартаваных да берага лодак, яшчэ не замерзлага возера i прыцярушаных сняжком дахаў хат. Навокал «Вёсачкi Залессе» снежны неруш, i толькi па абкатанай каляiне крочаць поруч мужчына i жанчына. Ізноў пастэль — «Старая яблыня» ў вёсцы, дзе мала жыхароў, затое цнатлiвая прырода. Аўтару ўдаецца на сваiх творах запаволiць бег часу i паказаць нават гарадскiя вiдарысы ў нехарактэрным для iх спакоi, адсутнай мiтуснi.
Творы Вячаслава Шамшура ўносяць у будзённасць святочны настрой, асвету i прыгажосць. Гэта даецца не так складана, бо побач з мастаком таленавiтыя студэнты i руплiвая жонка, якая хоць i прыхiльнiк дакладных навук, але мастацтва паважае.




Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter