На падмурку сяброўства

ЕС прафінансаваў на Брэстчыне 26 трансгранічных праектаў

Па Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС прафінансаваў на Брэстчыне 26 праектаў.

Аб гэтым Канстанцін Сумар паведаміў у час сустрэчы з ваяводам Падляскім Мацеем Жыўно. Паводле слоў старшыні Брэсцкага аблвыканкама, рэгіён атрымаў для рэалізацыі сумесных праектаў 23 млн. еўра, 11 з якіх былі накіраваны на мадэрнізацыю памежнага пераходу «Пясчатка».

Як адзначыў ваявода Падляскі, праграма трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча—Беларусь—Украіна» — прыклад паспяховага праекта, які трэба працягваць. Паводле слоў Мацея Жыўно, ужо цяпер разглядаецца наступны праграмны этап, разлічаны на 2014—2020 гады. Мяркуецца, што менавіта ў гэты перыяд будзе пабудаваны новы пераход «Тамашоўка—Уладава».

Абодва кіраўнікі рэгіёнаў падкрэслілі зацікаўленасць у актывізацыі бізнес-супрацоўніцтва. Сёння тавараабарот паміж Брэсцкай вобласцю і Польшчай складае больш за 308 тысяч долараў. Садзейнічанне перамяшчэнню прадпрымальнікаў праз мяжу, на думку Мацея Жыўно, магло б павялічыць аб’ём гандлю і інвестыцый. Канстанцін Сумар адзначыў, што ў першую чаргу Брэстчына зацікаўлена ў экспарце паслуг — будаўнічых, транспартна-лагістычных і турыстычных.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter