На новым месцы

Падабраны ўчастак для аўтастанцыі, што заменіць «Маскоўскі»

Аўтастанцыю ў мікрараёне Уручча, якая павінна замяніць у Мінску аўтавакзал «Маскоўскі», плануецца размясціць у межах вуліц Шафарнянскай, Ложынскай і праспекта Незалежнасці.

— Плошча зямельнага ўчастка складае каля 1,2 га, ужо распрацавана тэхнічнае заданне на засваенне тэрыторыі з улікам усіх параметраў, неабходных магутнасцей і перададзена інстытуту «Мінскпраект», — паведамiў генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Лявонцій Папянок. — Тэрыторыя могілак «Уручча» па вуліцы Ложынскай не закранаецца. Тэрміны закрыцця аўтавакзала «Маскоўскі» пакуль не вядомы. Інфармацыя аб арганізацыі перавозак пасажыраў у новых умовах будзе прадастаўлена пазней.

На месцы аўтавакзала «Маскоўскі» ААТ «Белтрансгаз» пабудуе шматфункцыянальны комплекс. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Інвестар пакрые бюджэту Мінска страты, звязаныя з адборам зямельнага ўчастка і зносам размешчанага на ім комплексу будынкаў і збудаванняў аўтавакзала «Маскоўскі» ў суме $ 13,7 млн.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter