На нетры — «іншымі вачыма»

Навуковец БНТУ прапанаваў новы метад даследавання нетраў

Ці з’явяцца ў геолагаразведкі новыя магчымасці?

Ломаная лінія, якую самапісец сейсмографа пакідае на папяровай стужцы пасля натуральных ці штучных падземных штуршкоў, можа шмат чаго паведаміць спецыялістам. З дапамогай гэтага метаду яны паспяхова даследуюць землятрусы, шукаюць радовішчы карысных выкапняў, вывучаюць геалагічныя структуры на месцах будаўніцтва жылля, прадпрыемстваў і гідратэхнічных збудаванняў. Але ці дакладную інфармацыю атрымліваюць яны ад прыбора? Магчыма, і не зусім дакладную, мяркуюць навукоўцы, але іншых інструментаў ды іншых метадаў на сённяшні дзень няма.

Зразумела, пастаянна ўводзяцца новыя вылічальныя магутнасці і выкарыстоўваецца больш дэталёвы матэматычны апарат, што павя-лічвае дакладнасць даследаванняў, удасканальваюцца методыкі. Але вось ужо гадоў 30 яны прынцыпова не мяняюцца, бо да апошняга часу новых ідэй у гэтай сферы проста не было. З’явіліся яны, як гэта часцей за ўсё бывае, раптоўна і з таго боку, адкуль ніхто не чакаў.

На чарговай канферэнцыі, наладжанай Еўрапейскім геалагічным саюзам, «падбухторшчыкам спакою» выступіў прадстаўнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, загадчык лабараторыі дынамікі сістэм і механікі матэрыялаў доктар фізіка-матэматычных навук дацэнт Ігар Міклашэвіч. Не будучы спецыялістам у галіне сейсмічных даследаванняў зямных нетраў, ён, тым не менш, выказаў думкі, якія здаліся кваліфікаванай аўдыторыі вельмі слушнымі. Хутка прапанаваная беларусам ідэя больш грунтоўна падмацавалася і яго публікацыямі за мяжой у рэцэнзаваных навуковых часопісах.

— Справа ў тым, што я пэўны час займаўся зусім іншымі праблемамі — працэсамі разбурэння, — тлумачыць Ігар Аляксандравіч. — Каб высветліць, як распаўсюджваецца расколіна ў розных складаных асяроддзях, патрабавалася выкарыстоўваць спецыфічныя падыходы, якія не характэрны для геафізічных метадаў. Яны і прывялі да ідэі аб тым, што распаўсюджванне расколіны ці хвалі можна прамадэляваць, калі пабудаваць умоўную лінію, якая звязвае найменш трывалыя зоны матэрыялу. Бо па шляху мінімальнага супрацiўлення расколіна і распаўсюджваецца. Гэтыя падыходы, якія распрацоўваліся для цвёрдых целаў і зараз шырока выкарыстоўваюцца ў оптыцы, акустыцы, радыёсувязі, могуць быць перанесены на зямныя пароды. Для апісання гэтых падыходаў можа быць прыменены аднолькавы матэматычны апарат. Пакуль гатовага метаду, якім можна карыстацца на практыцы, у мяне няма. Ёсць толькі ідэя і сістэма ўраўненняў, якую трэба яшчэ «развязваць». Неабходна шмат чаго зрабіць, каб распрацаваць спосабы аднаўлення структуры палёў дэфектаў на падставе аналізу геаметрычных уласцівасцяў траекторыі сігналу, знайсці раўнанні траекторыі сігналу ў аднародным і неаднародным асяроддзі, улічыць усе магчымыя тыпы недасканаласцяў. Толькі ў выніку ўсёй гэтай працы можа з’явіцца інструмент павышэння дакладнасці прагнозу ў геолагаразведцы.

Навуковец пры гэтым зусім не лічыць, што прапанаваная ім ідэя пахавае ўсе астатнія сродкі даследаванняў нетраў. Метад, які выкрышталізуецца з прапанаванай тэорыі, будзе, на яго думку, эфектыўным, але адным з многіх інструментаў геалагічнай навукі. Напрыклад, калі структура нетраў слаістая і кожны пласт мае выразную мяжу, традыцыйныя метады трапна адлюстроўваюць карціну. А калі падземныя гарызонты пераблытаны, то больш дакладна будзе працаваць новы метад. З яго дапамогай, дарэчы, можна будзе правесці рэвізію старых сейсмаграм і, не праводзячы новых даследаванняў, выявіць шмат карыснай інфармацыі, якая доўгі час заставалася незаўважанай.

Калі усё гэта з’явіцца ў арсенале беларускіх геолагаў і геафізікаў? Як той казаў, як толькі, дык адразу. Бо гэта работа не фінансуецца з дзяржбюджэту, і каб знайсці сродкі, патрэбен зацікаўлены заказчык. Таму, як толькі такая дзяржаўная ўстанова ці прыватная кампанія з’явіцца, адразу будзе сфармулявана задача для праграмістаў, у штатны расклад увойдуць новыя спецыялісты і пачнецца перавод ідэі ў рэальны кампутарны код. Пры ўдалым раскладзе можна будзе абысціся і без дзяржаўнай дапамогі.

Але і яна не пашкодзіць. Таму ў лабараторыі дынамікі сістэм і механікі матэрыялаў разлічваюць на новую суперкампутарную праграму Саюзнай дзяржавы — «СКІФ-Нетры». Яе галоўнай мэтай павінна быць стварэнне неабходных праграмных сродкаў і кампутарнай інфраструктуры для развіцця аптымальных спосабаў разведкі і распрацоўкі радовішчаў. Удзел у праграме дапаможа наблізіць рэалізацыю новай ідэалогіі дэшыфроўкі сейсмаграм.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter