На “Вечары садружнасці” ў Цэнтры рускай культуры Даўгаўпілса гучалі творы беларускага паэта Станіслава Валодзькі

На мове сяброўства

На “Вечары садружнасці” ў Цэнтры рускай культуры Даўгаўпілса гучалі творы беларускага паэта Станіслава Валодзькі

Няшмат у замежжы літаратараў з беларускімі родавымі каранямі, якія належаць да творчых суполак і Бацькаўшчыны, і краіны пражывання. У Расіі, згадаем, плённа працуюць масквіч Валерый Казакоў, цюменец Уладзімір Шугля — вядомыя людзі беларускай дыяспары. А ў Латвіі, у Даўгаўпілсе даўно жыве Станіслаў Валодзька — ён сябар як Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі. Чытачы “Голасу Радзімы” ведаюць: ураджэнец Астравеччыны актыўна “ходзіць у народ”, ладзіць творчыя сустрэчы і ў Латвіі, і ў Беларусі. А напрыканцы года ў Цэнтры рускай культуры Даўгаўпілса прайшоў “Вечар садружнасці” — творчая сустрэча з нашым супляменнікам.

Станіслаў чытаў свае вершы, адрасаваныя дарослым і дзецям: “Мёд Радзімы”, “Сонечны гадзіннік”, “Вербнай нядзеляй”, “Золаташвейка”, “Дзярага”, “Завейны танец” і “Куды падзеўся апетыт?” Як вядома, многія творы паэта ўжо сталі песнямі: дзякуючы кампазітарам Генрыху Галіцкаму, Станіславу Клімаву, Аляксандру Рудзю, Юліі Васільевай, Альберту Белусю ды іншым. На сустрэчы яны гучалі на рускай і беларускай мовах. Цікава, што некаторыя з твораў на гэты раз спявалі вакальныя калектывы Цэнтра рускай культуры: хор “Малиновый звон”, ансамблі “Русичы” ды “Славянка”. З песняй “Мірта” выступіў і ансамбль “Спадчына”, якім кіруе Яніна Юзэфовіч, — гэта калектыў Цэнтра беларускай культуры і беларускага таварыства “Уздым”. А яшчэ спевакі “Спадчына” выконвалі песні “Родны край” польскіх аўтараў Хэлены і Тадэуша Мікуцкіх ды “Ціхая ноч” нямецкіх аўтараў Франца Грубера ды Йозэфа Мора: абедзьве пераклаў на беларускую мову Станіслаў Валодзька. І спявак Сяргей Піманаў парадаваў удзячных гледачоў песнямі “Не плач…” і “Восень”.  

Добрыя словы паэту, у якога душа чуйная да розных моваў, а вершы лёгка кладуцца на музыку, на вечарыне казалі метадыст Цэнтра рускай культуры Альбіна Багародзь і метадыст Цэнтра беларускай культуры Марыя Памецька. Цёплыя ноткі ў сямейную, свойскую атмасферы вечарыны прыўнесла і вядучая Алена Валодзька, сябар таварыства “Уздым”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter