На круглым стале да Дня роднай мовы расказалі, як папулярызаваць беларускую мову праз літаратурныя конкурсы

Што спрыяе развiццю валодання роднай мовы і як папулярызуецца беларуская мова сёння сярод моладзі? Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць у тым ліку літаратурныя конкурсы, упэўнены намеснік дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура”, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Віктар Шніп:

Фото из архива «СБ»

– Я з’яўляюся членам журы некалькіх конкурсаў, якія выяўляюць таленавітых творчых асоб. Гэта, напрыклад, конкурс “Ліхтар”, які праводзіць філалагічны факультэт БДУ. Прыемна адзначыць, што шмат студэнтаў добра пішуць на беларускай мове. На журфаку БДУ таксама ёсць літаратурны конкурс “БрамаМар”. Акрамя таго, гадоў сем таму Міністэрствам інфармацыі Беларусі разам з выдавецкім домам “Звязда” і выдавецтвам “Мастацкая літаратура” быў заснаваны конкурс “Першацвет”. Яго вынікі падводзяцца вялікім альманахам, вось нядаўна здалі шосты выпуск, дзе прадстаўлены 10 паэтаў і 10 празаікаў. Шмат конкурсаў для творчай моладзі ладзіць і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Таксама ёсць магчымасць надрукавацца ў часопісах “Бярозка”, “Маладосць”, “Полымя”.

Віктар Анатольевіч таксама дадаў, што заўсёды з радасцю адгукаецца на запрашэнні выступіць перад школьнікамі. Прыгадаў цікавую гісторыю:

– Нядаўна ў кнігарні “Светач” адбылася прэзентацыя маёй кніжкі “Кастусь і Міёна”. Выдавецкі дом “Звязда”, як заўсёды, не толькі арганізаваў выступленне, але і слухачоў. Прыйшлі вучні трэціх і чацвёртых класаў з дзвюх школ. Недзе вучняў шэсцьдзясят. Атрымалася ўсё проста цудоўна. Я нават і не чакаў, што пасля майго выступлення дзеці падбягуць да мяне, каб паабдымацца. Задавалі шмат пытанняў. Распытваліся пра Міёну, пра Кастуся, пра вершы, пра радню, пра любімыя кніжкі і пра ўсё, пра ўсё на свеце. Дзеці стараліся гаварыць па-беларуску. І, па-мойму, аніводнага не было, хто б не разумеў мяне. Пасля прэзентацыі да мяне падыйшоў хлопчык і запытаўся, ці можна яму для мяне расказаць верш. Расказаў. За хлопчыкам падбегла дзяўчынка і таксама захацела, каб я паслухаў, як яна чытае верш. “Чый твор?” – “Янкі Купалы”. 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter