Минск
+15 oC
USD: 2.04
EUR: 2.26

Начинающие детективы и мастера маскировки: мы посмотрели, как проходят первые дни службы на заставе Лоев

На краі краіны

Апошні прызыў папоўніў кожную заставу пагранічнай камендатуры Лоеў двума-трыма навабранцамі. Перад імі пастаўлена складаная задача па ахове дзяржаўная мяжы. Гэта род войскаў, які заўсёды знаходзіцца ў стане баявой гатоўнасці, таму да прызыўнікоў тут патрабаванні высокія. Мы высветлілі, як праходзяць першыя дні службы на заставе Лоеў.

Радавы Мікіта ДУДКІН (злева), радавы Сяргей КАРНЕЕНКА (справа) і службовы сабака па мянушцы Фэд.


19-гадовы Мікіта Дудкін усё жыццё пражыў у райцэнтры Бялынічы Магілёўскай вобласці. На юнацкім узроўні нядрэнна гуляў у футбол, аднак у прафесійны спорт вырашыў не ісці. Пасля школы скончыў архітэктурна-будаўнічы каледж. У гэтай сферы працуе і бацька, а таму хлопец бачыў: з месцам працы ў будаўнікоў горада праблем няма, будзе надзейная прафесія. Да таго ж хацелася быць прыкладам для малодшых брата і сястры.

— Уладкаваўся ў ПМК-241, дзе працуе бацька, але паспеў папрацаваць усяго некалькі дзён: 20 мая забралі ў армію.

Маладыя лейтэнанты — прыклад для навабранцаў.


Кажа, што думкі адкасіць нават не ўзнікла. Трэба — значыць трэба. Два месяцы ў навучальным пункце, і Мікіта трапіў у вайсковую часць 1242, а адтуль — на пагранзаставу Лоеў. Наваяўлены інспектар пагранічнай службы прызнаецца:

— Пакуль тут куды цікавей, чым на працы.

Пагранічнік павінен быць уважлівым, умець аналізаваць.

Сённяшняя задача — пагранічны нарад «Пост назірання». Лоеўская застава сочыць за 60 кіламетрамі дзяржаўнай мяжы. Участак, можа, не самы вялікі, аднак спецыфічны: праходзіць уздоўж вады. Узімку тут з’яўляюцца аматары прайсціся па лёдзе, бо так бліжэй да сваякоў з суседняй краіны, улетку — рыбакі, якія любяць пераблытаць берагі. Аднак за апошнія гады мясцовыя жыхары сталі больш дысцыплінаванымі, а вось браканьеры па-ранейшаму сустракаюцца.

Пасля нарада — абавязковая праверка зброі.

Задача Мікіты ў саставе нарада — сачыць і быць незаўважаным. Апошняе выклікае павагу адразу. Мы з фатографам дарма шукалі ваеннаслужачых самі. Пакуль яны не захацелі, каб мы іх убачылі, вакол быў толькі зарослы бераг Дняпра. Нават чатырохлапы баец Фэд не выдаў сваёй прысутнасці. 

— Мы павінны не толькі заўважаць людзей, якія могуць тут з’явіцца, але і любыя змены на мясцовасці. Нават просты акурак можа быць сігналам, што рыхтуецца парушэнне.


Сёння ў нарадзе радавы праводзіць пяць гадзін. Кажа, не шмат, можа быць і па дванаццаць. Да таго ж нават дажджу няма, только насякомых перацярпець. 

Па-за нарадам заняткаў таксама хапае. У пагранічнікі бяруць не толькі фізічна моцных, але і інтэлектуальна здольных. Колькасць дакументаў, інструкцый, нарматыўных актаў, якія трэба ведаць амаль на памяць, можна параўнаць з нагрузкай сапраўднай ВНУ. 


— Тут ёсць і бібліятэка з мастацкай літаратурай, аднак часу на яе пакуль не хапае. 

Да таго ж пагранічнік павінен быць уважлівым, умець аналізаваць і нават расследаваць. Адзін з абавязковых заняткаў — вывучэнне слядоў. На трэніровачнай кантрольна-следавай паласе некалькі дарожак, пакінутых чыімсьці абуткам. Па іх трэба сказаць, колькі чалавек прайшло, у якім напрамку, калі, высветліць пол і вагу. Намеснік начальніка заставы Аляксандр Рабушка праводзіць для нас маленькі лікбез.

Аб’ём тэарэтычных ведаў практычна як у ВНУ.


— Ёсць розныя спосабы схаваць правільны напрамак. Парушальнік можа прайсці спіной наперад, каб заблытаць і не выдаць свой напрамак руху, маўляў, хай мяне там шукаюць! Аднак мы бачым: на слядах ёсць паглыбленні на пятку. А калі ідзеш тварам наперад, паглыбленне заўсёды на насок. 

Просты след можа многае расказаць пагранічнікам.


Навучанне на заставе не спыняецца ні на дзень. Мінімум раз на месяц — стрэльбы. А яшчэ і года не хопіць на вывучэнне гісторыі самой заставы. Яна носіць імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Сушанава. У 1943-м яго батальён адным з першых фарсіраваў Днепр і прыняў актыўны ўдзел у баях за захоп і ўтрыманне плацдарма на яго заходнім беразе. У спальным памяшканні захаваўся яго ложак — сімвал таго, што герой заўсёды будзе часткай заставы. Яшчэ адна цікавая дэталь у гэтым пакоі — падушкі байцы складваюць на ложкі ў выглядзе ветразя, бо служаць усё ж такі на вадзе.

Ложак пагранічніка павінен быць у належным стане.


Сёння Мікіта Дудкін разам з саслужыўцамі становіцца сведкам яшчэ адной падзеі. Маладых лейтэнантаў прымаюць у рады афіцэрскага сходу, а ветэраны пагранічнай службы становяцца часткай раённай ветэранскай арганізацыі. У Мікіты ёсць на каго раўняцца. Думкі аб працягу кар’еры ваеннага яго ўжо наведвалі:

— Гэта моцнае пачуццё: ты ахоўваеш межы сваёй краіны!

Праўда, ёсць яшчэ адно моцнае пачуццё. Ёй 19 гадоў, клічуць яе Марыя, і яна вельмі чакае яго дома.

valchenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Иван ЯРИВАНОВИЧ
Загрузка...