На кітайскай радыёхвалі

Двойчы на тыдзень на хвалях Міжнароднага радыё “Беларусь” гучыць перадача “Ваш сябар — Беларусь”
Двойчы на тыдзень на хвалях Міжнароднага радыё “Беларусь” гучыць перадача “Ваш сябар — Беларусь”. Вядучыя расказваюць слухачам пра адносіны Беларусі і Кітайскай Народнай Рэспублікі, сумесныя ультурныя і эканамічныя праекты. Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца дайджэсту навін з Беларусі.


Чжан Хаянь падчас выпуску перадачы Фота: Віталій Піваварчык

Міжнароднае радыё “Беларусь” сёння не проста радыё. Гэта — па-сапраўднаму разнапланавы медыярэсурс, які ўспрымаюць ужо не толькі на слых. Напрыклад, на сайце http://radiobelarus.tvr.by/ прадстаўлены відэаматэрыялы: інтэрв’ю, рэпартажы, каментарыі. Ёсць таксама публіцыстыка, праводзяцца розныя фотаконкурсы. Насычана навінамі і старонка радыёкампаніі ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук.

“Мы пашыраем вяшчанне ў інтэрнэце на ўсіх васьмі мовах — рускай, беларускай, англійскай, нямецкай, французкай, іспанскай, польскай, кітайскай, — гаворыць галоўны дырэктар Міжнароднага радыё “Беларусь” Навум Гальпяровіч. — Цяпер нас можна слухаць кругласутачна на разнастайных гаджэтах, праз спадарожнікаў HotBird, Galaxy 19, Белінтэрсат, таксама працуем у FM-дыяпазоне на бліжэйшыя рэгіёны. Нядаўна на сайце з’явілася відэа”.

Пазыўныя радыё “Беларусь” упершыню прагучалі ў радыёэфіры 11 мая 1962 года. Першапачаткова перадачы рыхтаваліся на беларускай мове для суайчыннікаў за мяжой. У той час гэта быў аддзел замежнага вяшчання ўсе­саюзнага радыё. Галоўнымі мэтамі яго была прапаганда савецкага ладу жыцця, барацьба з ідэалагічнымі сапернікамі, імкненне вярнуць на радзіму як мага больш савецкіх грамадзян, якія па тых ці іншых прычынах апынуліся за мяжой пасля Вялікай Айчыннай вайны. З 1985 года пачалося вяшчанне на нямецкай мове. У 90-ых, пасля атрымання краінай незалежнасці, памяняліся задачы: і сёння галоўнае — расказаць свету пра Беларусь. У 1998 годзе беларускае радыё пачулі на рускай і англійскай мовах. З 2006 года загучалі пазыўныя па-польску. З 2010 года ў эфір сталі выходзіць праграмы на французкай ды іспанскай мовах.

“У сетцы вяшчання — інфармацыйна-аналітычныя выпускі і выпускі навін; радыёсустрэчы з навукоўцамі, пісьменнікамі і музыкантамі, майстрамі мастацтва і народнай творчасці; спартсменамі; праграмы аб гісторыі, культуры, духоўных каштоўнасцях, — гаворыць Навум Якаўлевіч. — Усяго ў новым сезоне звыш 100 аўтарскіх праектаў, якія расказваюць пра розныя сферы жыцця беларусаў. Для суайчыннікаў за мяжой таксама захавалася перадача — “Беларусы ў свеце”.

Са студзеня 2013 года пра Беларусь сталі гаварыць па-кітайску. Перадача “Ваш сябар — Беларусь” выходзіць два разы на тыдзень — па аўторках і суботах. Яе вядучыя Чжан Хаянь, Чэнь Ваньлу, Цюй Хаа і Анастасія Чакулаева расказваюць слухачам пра асноўныя палітычныя, эканамічныя і культурныя падзеі краіны. Пры гэтым перадача, якая выходзіць па аўторках, — гэта своеаса­блівы дайджэст навін з акцэнтам на беларуска-кітайскае супрацоўніцтва ў розных сферах. Суботняя ж перадача прысвечана культуры, мастацтву, народным традыцыям, гісторыі Беларусі.

Ёсць у перадачы “Ваш сябар — Беларусь” і спецыяльны практычны раздзел для кітайскіх турыстаў. У ім распавядаецца, напрыклад, у якіх мінскіх кафэ або рэстаранах можна паспрабаваць нацыянальныя беларускія стравы, у якіх гасцініцах лепш пасяліцца, якія славутасці паглядзець… “Гэтая рубрыка перадачы ў нас вельмі папулярная, — гаворыць намеснік дырэктара Міжнароднага радыё “Беларусь” Вячаслаў Лакцюшын. — У Беларусі каля дзвюх тысяч кітайцаў, многія тут вучацца, іншыя прыязджаюць у камандзіроўкі, некаторыя бываюць як турысты”.

Вячаслаў Аляксандравіч працуе на радыё “Беларусь” з 1998 года, з моманту заснавання англійскай службы вяшчання. Ён жа займаўся і запускам кітайскага вяшчання, падбіраў вяду­чых, удзельнічаў у іх навучанні, так сказаць, перадаваў сакрэты майстэрства. Першымі супрацоўнікамі, чые галасы пачулі кітайскія радыёслухачы, былі выкладчык кітайскай мовы з БДУ, паэт Лі Цзо, выкладчыца кітайскай мовы ў адной са сталічных гімназій Ван Юй Хун, філолаг і журналіст Вераніка Карлюкевіч.


Цюй Хаа і Чжан Хаянь у студыі

Цяпер жа перадачу “Ваш сябар — Беларусь” вядуць аспірантка Інстытута журналістыкі БДУ, член Саюза журналістаў Беларусі Чжань Хаянь, выпускніца Інстытута журналістыкі БДУ Чэнь Ваньлу, студэнт 4 курса МДЛУ, намеснік старшыні Саюза кітайскіх студэнтаў Беларусі Цюй Хаа, выкладчык кітайскай мовы БДУ Анастасія Чакулаева. У падрыхтоўцы выпускаў перадачы ўдзельнічаюць таксама журналісты Дзмітрый Занеўскі, Аляксандр Краўчанка, Марына Драгіна.

Вячаслаў Лакцюшын адзначае: “Усе хлопцы і дзяўчаты — здольныя журналісты, з добрымі “радыйнымі” галасамі. А тое, што беларускія і кітайскія спецыялісты працуюць разам, пашырае сферу нашых магчымасцяў, паглыбляе кругагляд, а таксама дазваляе пазбегнуць шматлікіх крыўдных і недаравальных памылак. Анастасія Чакулаева, напрыклад, правярае тэксты вядучых, каб правільна былі напісаны назвы беларускіх гарадоў, прозвішчы культурных, дзяржаўных дзеячаў, каб не былі скажоныя гістарычныя рэаліі”.

Цесна ўзаемадзейнічае радыё “Беларусь” з міжнародным радыё ў Пекіне, дзе працуюць, дарэчы, і беларускія журналісты Раман Мышкоўскі і Вольга Гальпяровіч. З кітайскімі калегамі адбываецца абмен матэрыяламі, арганізоўваюцца сумесныя эфіры. У 2014 годзе пабываў у Кітаі і Навум Гальпяровіч. Як удзельнік прэс-тура наведаў тады многія рэдакцыі газет і часопісаў. Па-сапраўднаму ўразіла кіраўніка беларускага медыя-рэсурсу работа Міжнароднага кітайскага радыё: “Вялікі будынак, у якім працуюць сотні работнікаў. Вяшчанне вядзецца ледзь не на ўвесь свет, а сярод супрацоўнікаў — поўны інтэрнацыянал: і амерыканцы, і французы, і англічане, і немцы, і прадстаўнікі афрыканскіх краін”.

Супрацоўнічаюць беларускія журналісты і з Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі. Напрыклад, адзін з апошніх сумесных праектаў радыё “Беларусь”, пасольства КНР, а таксама Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі і Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ — конкурс эсэ на тэму “Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва. Шаўковы шлях і Індустрыяльны парк “Вялікі камень” маімі вачамі”. Прычым работы можна пісаць як у прозе, так і ў вершах, на беларускай, рускай і кітайскай мовах. Свае творы на конкурс ужо даслалі больш за 50 аўтараў як з розных абласцей Беларусі і правінцый Кітая, так і з іншых краін. Да прыкладу, з Польшчы. Эсэ публікуюцца на сайце радыёкампаніі, а таксама на інфармацыйным партале Выдавецкага дома “Звязда”, з якім заключана пагадненне аб абмене інфармацыйнымі матэрыяламі.


Са студзеня 2013 года пра Беларусь сталі гаварыць па-кітайску. Перадача “Ваш сябар — Беларусь” выходзіць два разы на тыдзень. Па аўторках — гэта своеасаблівы дайджэст навін з акцэнтам на беларуска-кітайскае супрацоўніцтва ў розных сферах. Суботняя ж перадача прысвечана культуры, мастацтву, народным традыцыям, гісторыі Беларусі



Начальнік Упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва БДПУ Святлана Кабачэўская, напрыклад, даслала эсэ “Мой Кітай…” адразу на трох мовах — рускай, беларускай і кітайскай. Вось што яна піша: “Для многіх Кітай — гэта легендарныя кіраўнікі Шунь і Яа, дынастыі Шан-Інь і Тан, Вялікая Кітайская раўніна і Тыбецкае нагор’е… Мой Кітай як адкрыццё — гэта амаль пяць­дзясят незвычайных маладых хлопцаў і дзяўчат, якія вучацца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Лю Цзін і Чжан Ліньюань, Чжаа Тунба і Чжэн Цзіньюй, Го Цуй і Чжан Мідун, Ні Ша і Ян Ібо… Працавітыя і дапытлівыя, непасрэдныя і адкрытыя, яны заўсёды з тэлефонамі, больш падобнымі да мініяцюрных камп’ютараў, якімі карыстаюцца як перакладчыкам, дыктафонам, фота­апаратам, компасам. Лёгка і прафесійна. Заўсёды ўсміхаюцца пры сустрэчы і злёгку нахіляюць галаву. І ты не можаш у адказ не ўсміхнуцца…”

“Работы ўсе цікавыя, кожная заслугоўвае ўвагі і падтрымкі, — гаворыць Навум Гальпяровіч. — Мы вырашылі: па выніках конкурсу будзе выдадзена кніга, у якую ўвойдуць лепшыя эсэ. А пераможцы будуць узнагароджаны яшчэ і падарункамі”.

Радыё “Беларусь” не ў першы раз заклікае слухачоў да так званага інтэрактыву. Да гэтага з поспехам прайшоў конкурс сэлфі “Прывітанне, Беларусь!”, у якім прынялі ўдзел звыш 300 000 наведвальнікаў сайта. Свае фота дасылалі слухачы нават з такіх незвычайных краін, як Новая Зеландыя, Бангладэш, Пакістан, ААЭ, шмат было “сэлфі-прывітанняў” з еўрапейскіх дзяржаў — Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі. А ў новым інфармацыйным сезоне, які пачаўся з верасня, аб’яўлена віктарына, прысвечаная 500-годдзю кнігадрукавання, а таксама конкурс “КлікБеларусь”.

На пытанне ж пра тое, хто слухачы кітайскага вяшчання беларускага радыё, Навум Якаўлевіч адказвае: “Нашы слухачы — гэта сацыяльна актыўныя людзі ад 25 да 45 гадоў. Як правіла, з вышэйшай адукацыяй, якія цікавяцца міжнароднымі праектамі, вучыліся альбо маюць дзелавыя кантакты з Беларуссю. Для многіх з іх наша перадача — зыходны пункт для прыезду ў краіну. У нас існуе і клуб аматараў вяшчання на кітайскай мове”.

Бліц-апытанне

Чжан Хаянь:

— У Мінск прыехала ў 2008 годзе, у 2009-м паступіла ў Інстытут журналістыкі БДУ. Цяпер вучуся ў аспірантуры гэтай навучальнай установы. На радыё “Беларусь” працую з 2013 года. Сама я родам з кітайскага горада Лаян. Дадому прыязджаю ў адпачынак, а жыць і працаваць планую ў Беларусі.

Мне вельмі падабаецца ваша краіна: шмат лясоў, чыстае паветра, прыгожае неба… Ведаеце, за гэтыя ­9 гадоў, што я тут жыву, Мінск вельмі моцна змяніўся: стала значна больш машын, з’явіліся гандлёвыя цэнтры, вышынныя будынкі. Гэта вельмі сучасны і дынамічны горад. Яшчэ я люблю беларускую кухню. Асабліва падабаюцца дранікі.

Цюй Хаа:

— Я прыехаў у Мінск з горада Сіянь кітайскай правінцыі Шансі. Вучуся ў МДЛУ, на 4 курсе. Пра радыё даведаўся ад выкладчыка кітайскай мовы, паэта Лі Цзо. Два гады назад ён вярнуўся ў Пекін, выкладае ва ўніверсітэце. А я стаў весці перадачу пра Беларусь замест яго. На радыё я з 2014. У асноўным перакладаю і чытаю навіны. Бывае, працую і як журналіст: бяру інтэрв’ю, раблю рэпартажы. Мне найбольш блізкая грамадска-палітычная тэматыка. У далейшым я хацеў бы працаваць карэспандэнтам альбо ў Беларусі, альбо ў Кітаі. Пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін гаворыць: “Кожны кітайскі студэнт у Беларусі — народны дыпламат”. Я адчуваю, што гэта сапраўды так.



Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter