У Беларусі развіваюцца розныя адзінаборствы, у тым ліку і экзатычная пакуль для нас іранская барацьба Зурханэ

На хвалях сілы і прыгажосці

У Беларусі развіваюцца розныя адзінаборствы, у тым ліку і экзатычная пакуль для нас іранская барацьба Зурханэ

edinoborstva.pngШто такое Зурханэ — тое можна было пабачыць нядаўна ў Мінскім цэнтры алімпійскага рэзерву па барацьбе імя трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. У народзе гэта: Дом Мядзведзя. Там і збіраліся на чацвёрты чэмпіянат Еўропы па Зурханэ прадстаўнікі 17 краін, усяго больш за 100 спартсменаў. Мне ж, прызнацца, было крыху нязвычна назіраць такое відовішча. У цэнтры залы — група мужчын, абсалютна розных вагавых катэгорый. Бегаюць, сінхронна робяць практыкаванні, у тым ліку складаныя скачкі і перавароты. “Гэта і ёсць Зурханэ?” — спытала ў мужчыны, што стаяў побач. “Гэта адзін са складнікаў Зурханэ — танцавальная размінка перад спаборніцтвамі: для ўздыму баявога духу і настрою”, — ахвотна патлумачыў ён.

Яшчэ некалькі гадоў таму пра Зурханэ не ведалі і спецыялісты па барацьбе. Але ўдалыя выступленні іранскіх барцоў на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах і кубках свету прымусілі звярнуць пільную ўвагу на методыкі іх трэніровак. У аснове тых перамог — фізічная падрыхтоўка і майстэрства з народных школ старажытнага персідскага баявога мастацтва. Увогуле ж у перакладзе з фарсі Зурханэ азначае “дом сілы”. Комплекс практыкаванняў і барацьбы мае даўнюю гісторыю, лічыцца спортам волатаў. Гэта і атлетыка, сілавы трэнінг, і гімнастыка адначасова. Далёка не кожны і добра падрыхтаваны еўрапейскі спартсмен здолее выканаць хаця б палову тых элементаў. Таму цікавасць да Зурханэ ў Беларусі — заканамерная. Створана Еўрапейская спартыўная канфедэрацыя Зурханэ, у якую ўвайшлі і беларускія спартсмены. Яе ўзначаліў сябар легендарнага іранскага барца Тахці, наш не менш легендарны Аляксандр Мядзведзь. Дарэчы, мой субяседнік-іранец Аразм Ханары якраз аказаўся яго дарадцам. Ён 10 гадоў жыве ў Беларусі, вялікі аматар Зурханэ і спадзяецца, што яго веды ў гэтым відзе спорту тут спатрэбяцца.

Пакуль Зурханэ прыйшла ў нас у студэнцкае асяроддзе: іранскую барацьбу развіваюць на базе БНТУ, майстар-класы даюць іранскія спецыялісты. І ўжо ёсць поспехі. На чэмпіянаце Еўропы нашы хлопцы ў адным з кірункаў Зурханэ занялі другое месца. Па словах Аразма Ханары, азербайджанцам яны “наступаюць на пяткі”, тыя ж даўно зацікавіліся методыкай і актыўна яе практыкуюць. Беларускія трэнеры праяўляюць немалую цікавасць да Зурханэ. Магчыма, персідскі досвед будзе выкарыстаны і пры падрыхтоўцы нашых барцоў да XXXI Алімпійскіх гульняў. Дарэчы, пад час чацвёртага Еўратурніру іранская спартыўная дэлегацыя наведала штаб-кватэру Нацыянальнага алім­пійскага камітэта Бе­ларусі.

Варта дадаць, што цяпер у краіне шмат увагі надаецца сучасным і традыцыйным сістэмам аздараўлення і адзінаборстваў. Пры тым выкарыстоўваецца досвед майстроў розных відаў баявых мастацтваў: дзюдо, каратэ-до, ушу, вьетвадао, таэквандо, айкідо, тай-чы, самба, рукапашнага бою, джыу-джытсу, курэш. Цяпер у тым шэрагу і Зурханэ. Што ж, на хвалях здаровай сілы і прыгажосці лягчэй рухацца ў будучыню. Спецыялісты лічаць, што “экзатычныя” секцыі, спартклубы прыцягваюць у першаю чаргу ўвагу моладзі, садзейнічаюць умацаванню здароўя юнакоў і дзяўчат, далучаюць іх да спартыўнага і здаровага ладу жыцця.

Іна Ганчаровіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter