На казачны юбілей

У Белавежскай пушчы чакаюць Дзедаў Марозаў з розных краін

У сядзібе беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы чакаюць чараўнікоў з розных краін

Фінскі Санта-Клаус Іаўлупукі збіраецца прыехаць у Беларусь на святкаванне 10-годдзя сядзібы беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў турыстычным аддзеле нацыянальнага парку, казачныя гулянні ў сядзібе чараўніка пройдуць з 13-га па 15 снежня.

Падрыхтаваўся да падарожжа ў Белавежскую пушчу і ўсерасійскі Дзед Мароз з Вялікага Усцюга. Акрамя іх, беларускі чараўнік чакае сусветнага Дзеда Мароза казакоў-гвардзейцаў, Снягурачку з Кастрамы, татарскага Дзеда Мароза Кыш Бабая, карэльскага Дзеда Мароза Пакайнэ і якуцкага Чысхаана. Таксама на казачныя гулянні запрошаны Баба-яга з Кукабоя, Ілья Мурамец, Васіліса Прамудрая, Іван Царэвіч, Вадзяны цар і іншыя персанажы.

У першы дзень юбілейных урачыстасцей адбудзецца адкрыццё майстэрні Матухны Зімы і Музея ледзянога быту. Госці сустрэнуцца з Дзедам Марозам і Снягурачкай, а таксама з казачнымі героямі. Паколькі юбілей супадае са 150-годдзем самай высокай у Еўропе навагодняй ёлкі, якая расце ў сядзібе, у гэты дзень будуць віншаваць і вечназялёную прыгажуню вышынёй больш за 40 метраў.

Шэсце казачных персанажаў ад вёскі Камянюкі да варот нацыянальнага парку адбудзецца 14 снежня. Да працэсіі могуць далучыцца ўсе жадаючыя. Таксама будзе закладзена Алея Казачнай славы і падпісана пагадненне аб стварэнні казачнага саюза Расіі і Беларусі, якое змацуюць сваімі чароўнымі пячаткамі добрыя чараўнікі. Акрамя таго, у Белавежскай пушчы з’явіцца першы казачны дарожны знак.

Як чакаецца, 15 снежня Дзед Мароз будзе прымаць віншаванні з юбілеем сядзібы. Перад гасцямі свята выступяць казачныя персанажы, адбудуцца тэатралізаваны паказ і ўзнагароджванне пераможцаў конкурсаў казак і на лепшы падарунак. Завершыць урачыстасці канцэртная праграма «Юбілейная марозная казка».

У час свята турыстаў запросяць у «Горад майстроў», а пушчанскія повары будуць здзіўляць гасцей разнастайнымі стравамі. У арганізацыі трохдзённых урачыстасцей будуць задзейнічаны каля 500 артыстаў.

Сядзіба беларускага Дзеда Мароза, якая адкрылася 16 снежня 2003 года, з’яўляецца самым наведвальным аб’ектам у Белавежскай пушчы. З моманту адкрыцця ў ёй пабываў амаль мільён чалавек. Агульная плошча рэзідэнцыі складае 15 га. Тут размешчаны церамы пушчанскага чараўніка і яго ўнучкі Снягурачкі, паляна Дванаццаці Месяцаў, Скарбніца, Чароўны Млын і іншыя казачныя збудаванні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter