5 сакавіка спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння народнага пiсьменнiка Беларусi, блiскучага паэта-сатырыка, драматурга, перакладчыка, вучонага-мовазнаўцы Кандрата Крапiвы

На Канпетры з Крапівой

5 сакавіка спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння народнага пiсьменнiка Беларусi, блiскучага паэта-сатырыка, драматурга, перакладчыка, вучонага-мовазнаўцы Кандрата Крапiвы. Класiка нацыянальнай лiтаратуры мы ўспамiнаем разам з яго ўнучкай Аленай Атраховiч, якая на працягу 35 гадоў свайго жыцця мела шчасце штодзённа сустракацца, гаварыць, знаходзiцца побач з таленавiтым i цiкавым чалавекам — сваiм дзедам.

Падарунак лёсу


Сапраўднае прозвішча Кандрата Крапівы — Атраховіч — паходзіць ад праваслаўнага імя Трафім, на беларускі лад — Трахім, Атрахім або скарочана — Атрох. Менавіта гэтая скарочанасць, лічаць навукоўцы, сведчыць, што колішні ўладальнік імені, якое дало прозвішча ўсяму роду, быў чалавекам з простага саслоўя. Ну а тое, што і дзед, і прадзед пісьменніка былі прыгоннымі, пры прыгонным праве нарадзіўся і яго бацька, вядома дакладна.

Дарэчы, у пачатку XIX стагоддзя прозвішча Атраховіч сустракалася даволі рэдка і толькі ў Уздзенскім раёне, у тым ліку і ў вёсцы Нізок, адкуль родам знака-міты байкапісец. 

Кандрат быў дзявятым дзіцем Кандрата Міхайлавіча і Пелагеі Данілаўны Атраховіч. Але калі ў 1896-м ён з’явіўся на свет, у сям’і засталіся толькі дзве дачушкі, адна з якіх таксама неўзабаве памерла. Занепакоеная радня пачала думаць, як уратаваць, не згубіць адзінага хлопчыка-нашчадка. Сабралі вясковых бабулек параіцца і знайшлі выйсце: насуперак існуючай у славян забароннай традыцыі назвалі малога, як і бацьку. Разважылі проста: Кандрат — мужык моцны, здаровы, і сын з яго імем выжыве. Словам, вырашылі перахітрыць лёс. А той у адказ злітасцівіўся, падараваў хлопчыку доўгае жыццё.

Кандрат Кандратавіч з задавальненнем успамінаў гэтае сямейнае паданне. І кожны раз, смеючыся, гаварыў: ведалі б тыя бабулькі, колькі я жыву на гэтым свеце. А пражыў ён без малога 95 гадоў. І сапраўды быў чалавекам вынослівым, моцным, з адменным здароўем і фенаменальнай памяццю да апошніх дзён.

Да вясковых людзей Кандрат Кандратавіч заўсёды ставіўся з вялікай павагай. Цяжкую сялянскую працу добра ведаў з дзяцінства. У 14 гадоў ужо хадзіў за плугам. Прывычка працаваць, як і вясковая прывычка ўсё есці з хлебам, засталася ў яго на ўсё жыццё. Нават пасля вайны (у 1944-м), як толькі прыехаў з сям’ёй у Мінск і атрымаў часовае жыллё ў прыватным доме, перш за ўсё разбіў агарод. Дарэчы, збіраў выдатныя ўраджаі памідораў. Пазней на дачы з вялікім задавальненнем майстраваў, даглядаў сад, вырошчваў гародніну. У яго добра расло: гаварылі, рука лёгкая. 

Кандрат Кандратавiч з жонкай Аленай Канстанцiнаўнай, дачкой
Людмiлай, сынам Iгарам i нявесткай Зояй (пач. 1950-х).

— Мы з братам увесь час каля дзеда круцiлiся, дык ён i мяне, дзяўчынку, касiць навучыў. Дасюль не забылася і ўмею някепска. Плесці кошыкі і нават лапці — таксама магу. Некалі маю маму дзед навучыў па-вясковаму сыр клінковы рабіць і яго любімы аўсяны кісель гатаваць. Ад яе і я гэтыя рэцэпты пераняла, тэхналогія там, між іншым, даволі складаная, — гаворыць Алена Атраховіч.

Крапіва любіў прыязджаць у Нізок. Праўда, роднай хаты не засталося, згарэла яшчэ ў 1930-х. Гасціў звычайна ў сваякоў. 

Дзе стаяла хата славутага земляка, добра ведаюць усе сённяшнія жыхары Нізка і тое месца пакажуць адразу любому. Цікава, што ў вёсцы сям’ю  Атраховіч называюць не па прозвішчы, а па мянушцы — Астапавы. Чаму менавіта так? Адкуль яна пайшла? Загадка.

Кацярынін талісман


У 1915-м Кандрата Атраховіча прызвалі ў царскую армію. Як чалавека   адукаванага, усё ж вясковы настаўнік, яго адразу накіравалі ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў вучыцца на афіцэра. Пасля яе заканчэння юнак трапіў служыць у горад Асташкаў, цяпер гэта Цвярская вобласць Расіі. Там стаяла ваенная часць, дзе вясной і летам 1916-га абучалі апалчэнцаў. 

З Асташкавам звязана і гісторыя першага кахання Кандрата Атраховіча. Яму — 20, у адпаведнасці з вайсковым статутам падначаленыя звяртаюцца да яго «ваша благароддзе», што простага хлопца з сялян бянтэжыць. Яна — гімназістка Кацярына, купецкая дачка. Абодва захоплены літаратурай, многа чытаюць, спрачаюцца і мараць пра вялікія здзяйсненні. Але Кацярыну аддаюць замуж. Так вырашыў яе бацька. За маладога унтэр-афіцэра, з дваран, выгадная партыя.

Кандрата ж неўзабаве накіроўваюць на Румынскі фронт. Перад самым ад’ездам да яго прыбегла Кацярына і падарыла талісман — стары сярэбраны рубель з выявай імператрыцы Кацярыны ІІ. Зразумела, з сэнсам: каб аберагаў і на ўспамін. Можа, гэты ахоўнік і выратаваў яго ў той страшнай мясарубцы, як называў імперыялістычную вайну Кандрат Крапіва, бо быў выпадак, калі ад смерці выратавала толькі выпадковасць. 

Войнаў, праз якія ён прайшоў, хапіла б на некалькі жыццяў. Пасля Першай сусветнай яшчэ тры: удзел у баявых дзеяннях пры вызваленні Заходняй Беларусі, фінская — на лініі Манергейма, дзе ледзь не загінуў ад кулі снайпера, Вялікая Айчынная.

У чэрвені 1941-га Крапіва з сям’ёй адпачываў у санаторыі ў Мар’інай Горцы. Але 22-га апынуўся ў Мінску, прыехаў па справах. Калі абвясцілі аб пачатку вайны, яшчэ паспеў дазваніцца да жонкі і адразу з’явіўся на пункт прыпіскі, адкуль паступіў у распараджэнне палітупраўлення Заходняга фронту. Крапіве і групе пісьменнікаў было даручана арганізаваць выпуск франтавой  газеты «За Савецкую Беларусь». Рэдакцыя і тыпаграфія — у машыне-трохтонцы, якая пастаянна знаходзілася побач з ваеннымі дзеяннямі. А з 1943-га Крапіву прызначаюць рэдактарам сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», якую дастаўлялі на акупаваную тэрыторыю. У ёй і працаваў да самай Перамогі.

…Нечаканае пісьмо з Асташкава прыйшло ў другой палове ХХ стагоддзя. Ад Кацярыны. Пачула пра Крапіву па радыё, адрас знайшла праз Саюз пісьменнікаў і цікавілася, ці той гэта Кандрат і ці памятае ён горад на беразе возера Селігер. Паміж імі завязалася перапіска. Яна расказвала пра жыццё, сям’ю, сыноў і ўнукаў. Некалькі разоў яны размаўлялі па тэлефоне. Зразумела, усё было ўжо зусім інакш: Кандрат Кандратавіч — Кацярына Пятроўна. Хаця гісторыю свайго асташкаўскага кахання пісьменнік успамінаў з цеплынёй.

Усмешка, нібы сонейка


Шчаслівае і на ўсё жыццё каханне ён сустрэў у 1918-м. Пасля Першай сусветнай ужо пры савецкай уладзе з армii дэмабiлiзавалi настаўнiкаў, i Кандрат Атраховіч вярнуўся ў родную вёску. Там неяк i прыкмецiў незнаёмую дзяўчыну — прыгожую, смяшлiвую, гарэзлiвую, якая адразу яму спадабалася. Дзяўчына аказалася з пагарэльцаў, з суседняй вёскi. I, як высветлiлася, на 22-гадовага Кандрата таксама ўвагу звярнула. Неўзабаве яны ажанiлiся. Напэўна, iм абаiм пашанцавала, што сустрэлiся. У ладзе i згодзе пражылi амаль паўвека. Алена Канстанцінаўна заўсёды была побач, друкавала рукапiсы, разбiрала перапiску, вяла дамашнюю гаспадарку. Крапіва вельмi пакутаваў, калi яе не стала. Жонку ён перажыў на 27 гадоў.

— Я думаю, у дзеда было вельмі глыбокае пачуццё сям’і. Маці памерла, калі яму было ўсяго 10. Спачатку адна мачыха, потым другая. Крыклівая, нядобрая, яна ўсе сілы прыклала, каб выжыць пасынка з дому. Адносіны не склаліся, як гаварыў дзед, панавала ваўкаватая панурасць. Яму не хапала ўтульнай, добрай сямейнай атмасферы, цёплых адносін, каб можна было спакойна пагаварыць, па-добраму пажартаваць, — разважае Алена Атраховіч. 

Менавіта Алена Канстанцінаўна падарыла Кандрату Кандратавічу гэта адчуванне дамашняга цяпла і ўтульнасці. Гаварыў: як усміхнецца, нібы сонейка блішчыць. За ўсмешку, прызнаваўся, і пакахаў. Чалавек стрыманы, не вельмі гаваркі, строгі, сярод сваіх ён бы адтайваў. Жартаваў. Смяяўся. Любіў, каб вячэралі ўсе разам, і збіраў на сямейныя чытанні. Менавіта дамашнія станавіліся першымі слухачамі яго новых твораў. А вось крыклівасці да канца жыцця не цярпеў. У доме не прынята было гучна размаўляць і нават перагуквацца з пакоя ў пакой. І брудных слоў ад яго дамашнія ніколі не чулі.

Але ж стратамі асабiсты лёс выпрабоўваў Кандрата Кандратавіча неаднойчы. Першынец-сын памёр зусім маленькім. Другi сын, Барыс, вельмi таленавiты, якому прад-вызначалi блiскучую будучыню, загiнуў у баях пад Сталiнградам. Незагойнай ранай заставалася страта адзiнай дачкі Людмілы, таксама шчодра адоранай, яна вучылася на артыстку ў тэатральным інстытуце, мела выдатны голас, але маладой памерла ад цяжкай хваробы. Працягнуў род малодшы сын — Iгар Кандратавiч, ён быў архiтэктарам. Дарэчы, на Кандрата Крапіву вельмі падобны прапраўнук, 11-гадовы Глеб.

Дачныя сезоны 


Асаблiва цёплыя адносiны звязвалi Кандрата Крапіву з Мiхасём Лыньковым. Знаёмыя яны былi яшчэ з даваеннага часу, у вайну разам працавалi ў франтавой газеце. Доўгi час пасля вайны Мiхаiл Цiханавiч па нядзелях прыходзiў да Крапівы ў госцi на блiны з мачанкай, якiя па вясковай завя-дзёнцы гатавала Алена Канстанцiнаўна. Сям’я Лынькова — жонка i сын — загiнулi ў Мінскім гета, ён цяжка перажываў гэтую страту, і, вiдаць, у дамашняй, утульнай атмасферы дружнай сям’i Атраховiчаў яму пачувалася лягчэй.

Шахматная партыя: Кандрат КРАПIВА і Пятро ГЛЕБКА.

Яшчэ двое блізкіх сяброў — Пятрусь Броўка і Пятро Глебка. На пісьменніцкіх дачах у Ждановічах дамы ўсіх траіх стаялі паасобку ад усяго пасёлка, і гэтую тэрыторыю трапна празвалі Канпетры — Кандрат і два Пятры.

— З дзяцінства памятаю, ранiцай выходзiць Кандрат Кандратавiч на ганак i гукае: «Хлопцы-ы!» Праз хвiлiну з аднаго боку Глебка, з другога Броўка адзываюцца. Пасля збяруцца разам, прахаджваюцца па садзе, нейкiя справы, навiны абмяркоўваюць. А ўвечары непадалёк на лясной палянцы распальвалі  вогнішча, размаўлялі, жартавалі, бульбу пяклі, нас, дзяцей, таксама з сабой бралі, — успамінае  Алена Атраховіч.

А яшчэ Пётр Фёдаравiч Глебка быў нязменным партнёрам Крапівы ў шахматах. Яны — любiмае захапленне Кандрата Кандратавiча, за iмi ён мог i адзiн праседжваць гадзiнамi, разгадваючы шахматныя камбiнацыi вядомых гросмайстраў, якiя некалi друкавалi ў газетах. 

Ну а ў дачны сезон разам з Глебкам часцей за ўсё ўладкоўваліся пад векавым дубам на яго ўчастку, там былі спецыяльна пабудаваны стол і лаўкі. А іншы раз уся тройца збіралася і на прэферанс. Гулялі на інтарэс і гульню паважалі, бо не «дурань» які, а складаная, думаць прымушае.

На другім паверсе дачы ў Кандрата Кандратавіча быў маленькі пакойчык-кабінет. Стары стол, стул ды канапа. Калі пайшоў туды — турбаваць не трэба, піша. Ні дня без радка — гэта пра Крапіву. Гаварыў, натхнення чакаць не трэба — садзіся і працуй. А там і яно прыйдзе. Заўсёды і паўсюль вазіў з сабой пішучую машынку, нямецкую трафейную Fortuna. Яна цяжкая, не падняць, але ўвесь час была пры ім. На ёй друкаваў усе свае творы. З ёй — і ў санаторыі, і на дачы, і дома. Дарэчы, і ў гарадскім дамашнім кабінеце асаблівых умоў для творчасці не патрабавалася. Хіба любімая настольная лямпа з зялёным абажурам, ад якой да позняй ночы пад стук машынкі лілося ўтульнае святло.

Да лiтаратурнай творчасцi Кандрат Кандратавiч не астыў і пад канец жыцця. Апошняя яго кнiга і адзіная для дзяцей «Загадкi дзеда Кандрата» была напiсана ў 1984-м. А апошнiя байкi датуюцца 1987-м, Крапіве было за 90. Жартаваў: у такім узросце п’есы пiсаць ужо не рэкамендуецца. А вось над навуковай рэдакцыяй руска-беларускага i беларуска-рускага слоўнiкаў працаваў практычна да апошнiх дзён жыцця. Незадоўга да смерцi пачаў дыктаваць матэрыялы слоўнiка беларускiх народных прыказак i прымавак. Але занатаваць паспелi толькi тыя, якiя пачынаюцца на лiтару А...

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter