На грыбное шчасце

У народным асяроддзі да грыбоў ставіліся па-рознаму. Грыбы часцей за ўсё лічылі раслінамі, а ў некаторых выпадках надзялялі рысамі жывёл, надавалі дэманічныя якасці, звязвалі з “тым” светам. Некаторыя старажытныя народы лічылі, што калі Ілля Грамавержац раз’юшаны, то ён карае сваіх дзяцей і скідае іх з нябёсаў у падземнае — грыбное —царства. У шматлікіх народаў грыбы лічацца сімвалам шчасця.

* Згодна з уяўленнямі ўсходніх славян, усё, што расце ў лесе, належыць гаспадару лесу, таму ягады і грыбы трэба збіраць асцярожна, каб не ўгнявіць лесавіка.
* Народ быў перакананы, што грыбы хаваюцца ад “нявыхаваных” грыбнікоў. Таму ў час збірання грыбоў забаранялася спяваць, моцна крычаць, ламаць галіны дрэў, збіваць ядавітыя грыбы нагамі, адным словам, парушаць спакой лесу.
* Акрамя гэтага, людзі верылі, што не кожны можа прыйсці з лесу з грыбамі: “без шчасця і за грыбамі не хадзі”.
Каб забяспечыць сабе грыбны поспех, народныя знахары раілі выконваць пэўныя рытуальныя дзеянні, напрыклад цалаваць першы знойдзены грыб; тры першыя знойдзеныя грыбы пакласці ў дупло ў дрэве; пры ўваходзе ў лес пакласці ў кішэню тры розныя травінкі ці тры галінкі ад розных дрэў; чытаць спецыяльныя, так званыя “грыбныя” замовы, напрыклад: “Як у лесе Божым поўна кустоў, так у маім кошыку будзе поўна грыбоў. Амін”.
А яшчэ на працягу года раілі выконваць некаторыя магіч-
ныя дзеянні, каб улетку быць з грыбамі. 
* Лічылася: той, хто раніцай на Раство першым паглядзіць на лес, летам будзе мець найбольшы сярод іншых поспех у збіранні грыбоў.
* Лічылася, калі спаць у дзень Благавешчання — “праспіш” летнія і восеньскія грыбы.
Старыя людзі раілі:
* Збіраць грыбы лепей на маладзік, а “калі месяц на збыта пайшоў, сядзі ў хаце”.
* Прыглядайся: калі ўдзень шмат мошкі, значыць, і грыбоў у лесе будзе шмат.
* Калі на сцяне хаты выраслі грыбы, гэта прадказвае багацце і дабрабыт у сям’і. 
Строга забаранялася збіраць грыбы цяжарным жанчынам і хадзіць у лес басанож.
Калі грыбы раслі кругам, у народзе казалі, што гэта “вядзьмярскія колцы”. Такія грыбы не збіралі. Неабходна было адысці ад гэтых “грыбных кругоў”, ступаючы назад, г.зн. не паварочваючыся да іх спінай.
Калі ідзеш у лес
Гэту замову пісалі на аркушы і клалі ў кішэню дзецям і сталым людзям, каб яна ахоўвала іх:
“Бог уперадзі, а я пазадзі, Госпадзі, мяне правядзі і вярні, Госпадзі, дамой з выручаюшчым Хрыстом”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter