На Гродзеншчыну, да Іосіфа Гашкевіча

Жыццё і дзейнасць вядомага дыпламата і сёння спрыяюць умацаванню культурных кантактаў паміж Беларуссю і ЯпоніяйГэтым летам па прапанове беларускіх сяброў я ездзіла ў Астравец і Малі, на Гродзеншчыну. Там, як вядома, у свой час жыў Іосіф Антонавіч Гашкевіч (1814—1875). Ён быў расійскім дыпламатам, усходазнаўцам, а ў гісторыю ўвайшоў як першы дыппрадстаўнік Расійскай дзяржавы ў Японіі. Безумоўна, ведала я, што гэта за чалавек, дзякуючы якому аказаліся крыху бліжэй Беларусь і Японія. Але раней ніколі не бывала ў Астраўцы, хоць жыву ў Беларусі ўжо 17 гадоў. А пасля паездкі зразумела, як раней мала ведала пра заслугі Гашкевіча.
Помнік Іосіфу Гашкевічу ў АстраўцыЖыццё і дзейнасць вядомага дыпламата і сёння спрыяюць умацаванню культурных кантактаў паміж Беларуссю і Японіяй
Гэтым летам па прапанове беларускіх сяброў я ездзіла ў Астравец і Малі, на Гродзеншчыну. Там, як вядома, у свой час жыў Іосіф Антонавіч Гашкевіч (1814—1875). Ён быў расійскім дыпламатам, усходазнаўцам, а ў гісторыю ўвайшоў як першы дыппрадстаўнік Расійскай дзяржавы ў Японіі. Безумоўна, ведала я, што гэта за чалавек, дзякуючы якому аказаліся крыху бліжэй Беларусь і Японія. Але раней ніколі не бывала ў Астраўцы, хоць жыву ў Беларусі ўжо 17 гадоў. А пасля паездкі зразумела, як раней мала ведала пра заслугі Гашкевіча.

Масако Тацумі (другая справа) з дачкой Юйэ і сябрамі ля памятнага знака ў вёсцы МаліПаміж Кітаем і Японіяй
Дзе дакладна нарадзіўся Іосіф Гашкевіч, тое невядома. Магчыма, у вёсцы Якімава Слабада Кармянскага раёна Гомельскай вобласці — так лічыць прафесар Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Смолік, які суправаджаў мяне ў паездцы. Яшчэ Аляксандр Іванавіч распавёў, што бацька будучага дыпламата быў святаром, ён служыў у адным з прыходаў Мінскай губерні, і сам Іосіф у 1835 годзе скончыў курс Мінскай духоўнай семінарыі “першым разрадам”. Потым быў накіраваны ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую скончыў у 1839 годзе. Адразу ж па рашэнні Свяцейшага Сінода Іосіф Гашкевіч быў залічаны ў Расійскую духоўную місію ў Кітаі (1839—1848), уваходзіў у склад 12-й місіі ў Пекіне. Там і вывучаў не толькі кітайскую, але і маньчжурскую, карэйскую, мангольскую мовы.
Як вядома, кітайцы і японцы карыстаюцца на пісьме іерогліфамі. Аднак як японка мушу заўважыць такое: гутарковая кітайская мова японцам зусім не зразумелая. Напрыклад, “добры дзень” па-кітайску гучыць “ніхао”, а па-японску “конніціва”. Ды і гутарковую японскую мову кітайцам не зразумець. З 1999 года я працую ў Інфацэнтры японскай культуры, які створаны ў Мінску, расказваю беларусам пра такі “моўны бар’ер” паміж японцамі і кітайцамі. Сама ж бачу, што беларусы, напрыклад, разумеюць многія словы з рускай, украінскай, польскай ці іншых славянскіх моваў. А ўсходнія мовы — не настолькі падобныя адна да другой. Цікава, ці ведалі тое ў колішнім міністэрстве замежных спраў Расіі? Пытанне заканамернае, бо дакументы сведчаць: калі Гашкевіч вярнуўся з Кітая ў Санкт-Пецярбург, то ў 1850 годзе ён быў залічаны чыноўнікам па асобых даручэннях у Азіяцкі дэпартамент міністэрства замежных спраў. І ўжо ў кастрычніку 1852-га адпраўлены ў якасці драгамана, гэта значыць перакладчыка і дарадцы, з місіяй адмірала і дыпламата Яўфімія Пуцяціна ў Японію на фрэгаце “Палада”, якая прычальвала ў Нагасакі ўжо на фрэгаце “Дзіяна”. Мне падаецца, рускія думалі: раз Гашкевіч ведае кітайскую, карэйскую, мангольскую мовы, то зразумее і японскую. Можна ўявіць, у якую няпростую сітуацыю ён трапіў! Безумоўна, веданне іерогліфаў шмат дапамагло, ды і здольнасці да вывучэння моваў Іосіф Гашкевіч меў незвычайныя.
Слоўнік Іосіфа ГашкевічаШто яшчэ нам вядома? У 1855-м Іосіф Гашкевіч удзельнічаў у працэдуры падпісання так званага Сімодскага трактата аб дружбе і гандлі паміж Расіяй і Японіяй. А калі руская экспедыцыя вярталася з Японіі на радзіму, то ішла яшчэ Крымская вайна (1853—1856), і брыг “Грэта”, на якім Гашкевіч вяртаўся дадому, перахапіў у Ахоцкім моры англійскі ваенны патруль. Так рускія маракі трапілі ў палон. Іосіф Антонавіч разам з іншымі членамі каманды быў перапраўлены ў Ганконг, гэта былі тагачасныя ўладанні Англіі. У палоне ён і займаўся складаннем першага японска-рускага слоўніка. Галоўным памочнікам яго ў той справе быў японец Тацібана-но Каасай (пасля хрышчэння Уладзімір Іосіфавіч Яматаў, 1821—1885). Слоўнік у хуткім часе, у 1857 годзе, і быў выдадзены ў Санкт-Пецярбургу. А якраз у той час царскі ўрад збіраўся адкрыць расійскае консульства на востраве Хакайда — ён самы блізкі да далёкаўсходніх межаў Расіі. На пасаду консула, а па сутнасці першага рускага пасла ў Японіі, па рэкамендацыі Пуцяціна і быў прызначаны Іосіф Гашкевіч.

Матылёк у гонар консула
У лістападзе 1858 года консул і яго супрацоўнікі прыбылі ў порт Хакадатэ. Гашкевіч нямала клапаціўся, каб адкрыць консульства менавіта там: менавіта праз гэты порт было найбольш руска-японскіх кантактаў. Гэта, па сутнасці, было і “першае рускае акно” для простых японцаў. Гашкевіч і яго супрацоўнікі актыўна абжываліся на новым месцы: будавалі праваслаўную царкву, шпіталь, прычым лячылі японцаў бясплатна. Яшчэ вядома, што Іосіф Гашкевіч ведаў фотасправу і навучыў ёй краўца Кідзу Какіці. А яшчэ перадаў яму свой касцюм — каб той уважліва вывучыў “рарытэт” і навучыўся шыць еўрапейскае адзенне.
Важнае значэнне надаваў консул пашырэнню ў Японіі рускай мовы. З гэтай мэтай у Хакадатэ была створана консульская школа. Каб палегчыць навучанне японцаў рускай мове, Іван Васільевіч Махаў, які пры консульстве выконваў абавязкі пісара, пісьмавода і адначасова дыякана царквы, склаў Руска-японскую азбуку. Прычым да новага японскаму года азбукі былі падораны многім дзецям гарадоў Хакадатэ, Токіа, Кіёта і Нагасакі. Увогуле ж у Японіі Іосіф Гашкевіч цікавіўся мясцовым побытам, звычаямі, вывучаў мясцовыя расліны і насякомых. Цяпер адзін з японскіх матылькоў названы “Neope goschkevitschii” — гэта ў яго гонар.

Памятны знак у гонар Іосіфа Гашкевіча ў вёсцы МаліДзе жывуць японафілы
З 1858 па 1865 год першы расійскі консул жыў у Японіі, а потым вярнуўся ў Пецярбург. Яшчэ гады два праслужыў Гашкевіч у тым жа Азіяцкім дэпартаменце, затым па стане здароўя выйшаў у адстаўку. Купіў сабе невялікую сядзібу Малі “пад Вільняй”, як тады казалі, а цяпер гэта — Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. Там і жыў, у аддаленні ад свецкай мітусні, працягваючы да канца дзён сваіх займацца навуковай працай. Дарэчы, цяпер даследчыкі сведчаць, што ў 1871 годзе Гашкевіч з жонкай былі зацверджаны ў патомным шляхецтве, а ў 1872-м у іх нарадзіўся сын Іосіф, які з часам стаў ганаровым міравым суддзёй Віленскай акругі. Ён памёр у 1903 годзе ў Вільні, там і пахаваны на праваслаўных могілках Ліпаўка. А ці жывыя нашчадкі Гашкевіча ў Вільні? Можа, варта, каб тым пацікавіліся беларусы і беларусісты ў Літве.
Памёр Іосіф Антонавіч 5 кастрычніка 1875 года. Пазней, ужо ў 1899 годзе, у Вільні была апублікавана яго праца “Пра карані японскай мовы”.
У  музеі гімназіі №1 горада АстраўцаІ вось мы прыехалі ў ціхую вёску Малі. Там у гонар слаўнага земляка ўсталяваны памятны знак, аўтар якога — скульптар з Ліды Рычард Груша. А ў гарадскім пасёлку Астравец устаноўлены бюст Іосіфа Гашкевіча работы мінскага скульптара Валяр’яна Янушкевіча. Пад час паездкі мы ўсклалі кветкі да гэтых памятных месцаў, знаёміліся з мясцовымі людзьмі. У прыватнасці, у Астравецкім райвыканкаме цёпла сустрэла нас Наталля Баніцэвіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі. Яна і правяла нас у Астравецкую гімназію №1, дзе створаны Музей Іосіфа Гашкевіча. Школьнікі прыгожа, душэўна расказвалі як пра жыццёвы шлях земляка-беларуса, так і гісторыю Другой сусветнай вайны, якая прынесла нямала бяды на Астравеччыну, пра сваю гімназію. Цікава было бачыць сярод экспанатаў і прадметы з Японіі.
Потым у Мальскай школе дзеці і настаўнікі прымалі нас як дарагіх гасцей з Японіі. Яны таксама расказвалі пра заслугі Гашкевіча ў наладжванні японска-рускіх кантактаў, паказалі свой музей, і я адчувала: гэта цікава ім рабіць. Дарэчы, памятны знак у гонар Іосіфа Гашкевіча, тры адметныя камяні, у Малях усталяваны зусім побач са школай. Думаю, прыклад земляка, які імкнуўся як мага больш ведаць, наладжваць рознабаковыя міжкультурныя стасункі паміж народамі, для жыхароў вёскі вельмі карысны.
Госці ля помнік Іосіфу Гашкевічу ў АстраўцыА ў Астраўцы бюст Іосіфа Гашкевіча ўсталяваны прама ў цэнтры горада, побач знаходзіцца і ЗАГС, і там маладыя, зарэгістраваўшы шлюб, фатаграфуюцца на памяць. Надпісы на пастаменце помніка зроблены на беларускай і японскай мовах. Ёсць у Астраўцы і вуліца Іосіфа Гашкевіча. Я глядзела на помнікі, на школьнікаў і дарослых, якія нас цёпла сустракалі, і думала: што за цуд! Пэўна, менавіта ў гэтых мясцінах Беларусі жыве больш за ўсё цяперашніх і будучых японафілаў. Спадзяюся, Астравецкая зямля і надалей будзе станавіцца ўсё больш вядомай і як месца будаўніцтва першай беларускай АЭС, і як месца дружбы паміж Беларуссю і Японіяй. А памяць пра Іосіфа Гашкевіча, які закладваў асновы міжкультурнага дыялогу паміж нашымі народамі, які нарадзіўся і памёр на беларускай зямлі, будзе натхняць нас на новыя крокі ў гэтым кірунку.

Масако Тацумі, кіраўнік Інфармацыйнага цэнтра японскай культуры, г. Мінск

На здымках:
Помнік Іосіфу Гашкевічу ў Астраўцы
Масако Тацумі (другая справа) з дачкой Юйэ і сябрамі ля памятнага знака ў вёсцы Малі
Слоўнік Іосіфа Гашкевіча
Памятны знак у гонар Іосіфа Гашкевіча ў вёсцы Малі
У музеі гімназіі №1 горада Астраўца
Госці ля помнік Іосіфу Гашкевічу ў Астраўцы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter