На друкарскім варштаце — “Беларускі Пецярбург”

З чарговай поштай прыйшла з Санкт-Пецярбурга бандэроль. А ў ёй — шыкоўна пераплецены пробны экземпляр (прэпрынт) перакладу на рускую мову казачных аповедаў Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”...
Ліст з прэзентацыяй асобы аўтара

Сардэчна дзякую за падарунак — зборнік артыкулаў “Беларусь і беларусы ў прасторы і часе”. Добрая кніга. Яна спатрэбіцца і мне асабіста, і чытачам Расійскай нацыянальнай бібліятэкі.

Таксама дзякую за рэдкія, але такія карысныя для мяне лісты з новай інфармацыяй пра пецярбургскіх беларусаў, якія за стагоддзі багата зрабілі для “паўночнай сталіцы”, унеслі важкі ўклад у развіццё расійскай дзяржаўнасці, навукі і культуры. Паведамляю, што мой праект “Беларускі Пецярбург” памалу набліжаецца да заканчэння. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што аўтар дадумаўся ўставіць у “Прадмову” выслоўе знакамітага земляка-пецярбуржца Казьмы Пруткова: “Нельга абняць неабдымнае!”

Паведамляю таксама, што пецярбургская рэгіянальная асацыяцыя беларусістаў толькі што правяла чарговую, па ліку ўжо 16-ю, навуковую канферэнцыю “Санкт-Пецярбург і беларуская культура”. На гэты раз яе дакладчыкамі былі навукоўцы з Беларусі, ЗША, Паўднёвай Карэі і Расіі. Матэрыялы канферэнцыі будуць выдадзены.

Так што рух беларусістаў не спыняецца.


Мікалай Нікалаеў,
загадчык Аддзела рэдкай кнігі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, старшыня Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў


Гісторык кнігі

У кнізе, дасланай з Пецярбурга, упершыню змешчаны партрэт аўтара  “Шляхціца Завальні...” Яна БаршчэўскагаМікалая Нікалаева добра ведаюць у славістычным свеце. Ён доктар філалагічных навук, аўтар фундаментальных даследаванняў “Палата кнігапісная”, “Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага” і іншых. Яго працы друкаваліся ў перыядычных выданнях і зборніках Беларусі, Германіі, Літвы, Польшчы, Расіі. Вярнуўшыся з ЗША, ён падзяліўся звесткамі пра знаходкі ў сваёй публікацыі “Нашы старадрукі за акіянам”. Пералік можна множыць і множыць.

Не менш важная тая акалічнасць, што Мікалай Віктаравіч — наш суайчыннік. Нарадзіўся ён у Шчучыне. У час вучобы на гістарычным факультэце БДУ спецыялізаваўся ў археалогіі. Разам з ленінградцамі пад кіраўніцтвам нястомнай шукальніцы Фрыды Гурэвіч удзельнічаў у раскопках Замкавай гары старажытнага Новагародка. З 1978 года жыве ў горадзе над Нявой. Працаваў у Інстытуце археалогіі АН СССР, удзельнічаў у раскопках Старой Ладагі. Але неўзабаве асноўным месцам працы вучонага стала другая па значнасці бібліятэка краіны, якая насіла імя Салтыкова-Шчадрына. Там прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да загадчыка аддзела. Часта бывае на радзіме — то ў якасці археолага, то як гісторык кнігі, то як прадстаўнік беларускай дыяспары ў Расіі.

Асабліва ўсцешыў мяне прыведзены ў лісце факт, што беларус або беларусіст знайшоўся і ў Паўднёвай Карэі. У картатэцы “Голасу Радзімы” след такога не выяўлены.

Спадзяюся, што Мікалай Нікалаеў стане частым госцем на старонках абноўленага “Голасу Радзімы”.

P. S. Калі гэтыя радкі былі ўжо напісаны, з чарговай поштай прыйшла з Санкт-Пецярбурга бандэроль. А ў ёй — шыкоўна пераплецены пробны экземпляр (прэпрынт) перакладу на рускую мову казачных аповедаў Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Вельмі якасны, амаль бездакорны пераклад зрабіў якраз выхаванец “нікалаеўскай школы”, наш суайчыннік Дзмітрый Вінаходаў. Яго ж пяру належыць грунтоўнае пасляслоўе, амаль навуковы трактат “Паповіч Янко, або Беларусь у першай палове ХІХ стагоддзя”.

Пасля выхаду кніга стане яшчэ адным красамоўным доказам рэальнасці “Беларускага Пецярбурга”.


Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter