На добры і доўгі ўспамін...

У Гістарычным музеі збіраецца калекцыя здымкаў, якія расказваюць пра жыццё і справы беларускай дыяспары за мяжойШмат усмешак, фарбаў, святла... На многіх фотаздымках беларусы ў прыгожых строях, пад час святаў, канцэртаў, у знакавых гістарычных месцах. Беларусы Крыма, напрыклад, святочна выглядаюць на фоне севастопальскага помніка ў гонар нашага земляка, камандзіра легендарнага брыга “Меркурый” Аляксандра Казарскага, героя Руска-турэцкай вайны.
У Гістарычным музеі збіраецца калекцыя здымкаў, якія расказваюць пра жыццё і справы беларускай дыяспары за мяжой
Гэта выстава — як запрашэнне да супрацоўніцтваШмат усмешак, фарбаў, святла... На многіх фотаздымках беларусы ў прыгожых строях, пад час святаў, канцэртаў, у знакавых гістарычных месцах. Беларусы Крыма, напрыклад, святочна выглядаюць на фоне севастопальскага помніка ў гонар нашага земляка, камандзіра легендарнага брыга “Меркурый” Аляксандра Казарскага, героя Руска-турэцкай вайны. У некага нават можа скласціся памылковае ўражанне, што землякі занадта шмат гуляюць, спяваюць, танцуюць... Але ж згадаем: і ў сямейных альбомах нашых бацькоў, дзядоў раней пераважалі парадныя партрэты, перад фатографам усе спецыяльна прыхарошваліся. Ды ад таго праўда фотафакта не губляе сваю сілу.
Шмат цікавых сведчанняў і былой, і сучаснай беларускай прысутнасці па ўсім свеце ёсць у замежных суполках, прыватных архівах. Безумоўна, такія дакументы — каштоўнасць для ўсяго народа. Пра гэта ішла гаворка ў Нацыянальным гістарычным музеі на адкрыцці фотавыставы пра дзейнасць беларускіх аб’яднанняў у замежных краінах. Фотаздымкі прадаставілі як самі ўдзельнікі Першага фестывалю мастацтваў беларусаў свету, так і Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. “Ваша разнастайная дзейнасць, вядома ж, фіксуецца на фотаздымках, ствараюцца нават кіна- і відэафільмы пра справы беларускіх суполак, — гаварыў намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі. — Будзе добра, калі пра вашы добрыя справы больш даведаюцца ў Беларусі. Прыкладам, у замежжы ёсць больш за 250 вельмі цікавых беларускіх па духу творчых калектываў. Толькі на Беласточчыне іх звыш 70. Гэты творчы рэсурс павінен больш шырока выкарыстоўвацца. Да таго ж многія беларускія мерапрыемствы, святы, творчыя конкурсы і фэсты сталі традыцыйнымі — у Літве, Латвіі, Расіі, Эстоніі ды іншых краінах. Усе праявы беларускага руху варта занатоўваць: як для вас саміх, так і для пераемнікаў”.
Заслугоўвае ўвагі фоталетапісцаў і адукацыйная дзейнасць суполак — у замежжы працуюць школы, класы, дзе гучыць беларуская мова, паважаюць народныя традыцыі. Пры спрыянні нашых землякоў развіваюцца эканамічныя стасункі з рознымі краінамі, асобнымі рэгіёнамі. Гісторыю такога супрацоўніцтва, вядома ж, таксама трэба фіксаваць.
Калі на імпрэзе выступаў вакальны гурт “Алеся” з Эстоніі, падумалася: і гэта ж важны момант у гісторыі калектыву! Зрэшты, усе імгненні з жыцця суполак не заздымеш, і ў зале былі толькі фрагменты з іх фоталетапісаў. Галоўная ж мэта выставы, якая, мяркуецца, стане ў музеі традыцыйнай, — шырока прадстаўляць жыццё беларусаў у замежжы. Найперш тых, хто карыстаецца там заслужанай павагай, працуе на станоўчы імідж Беларусі ў свеце. Дырэктар музея Сяргей Вечар нагадаў пра вялікую калекцыю фотаработ, сабраную ў запасніках: з сярэдіны ХІХ стагоддзя і па нашы дні. Дырэктар нагадаў, што і самыя звычайныя рэчы могуць быць каштоўнымі экспанатамі і параіў землякам “не саромецца, прывозіць экспанаты ў музей”.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter