На Дняпры пачаўся радавод

Уладзіслаў Татарынцаў жыве цяпер у Цюмені, аднак цёплыя ўспаміны, ды і лёсы родных людзей звязваюць яго з прыгожым горадам на ПалессіГэтага рухавага, з іскрынкай у вачах маладога чалавека ў Цюмені ведаюць многія. А каб ведалі і іншыя, раскажу пра некаторыя факты з яго біяграфіі. Уладзіслаў Татарынцаў — намеснік старшыні праўлення Цюменскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь”. Начальнік аддзела беларускай культуры Палаца нацыянальных культур. Даўно працуе на беларускую справу. Быў адным з ініцыятараў, удзельнікам этнаграфічнай экспедыцыі ў месцы кампактнага пражывання беларусаў-самаходаў на поўдні Цюменскай вобласці. Распрацоўваў цікавыя праекты “Вяртанне да вытокаў”, “Вечары памяці” з літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Званы Хатыні”. Уладзіслаў выступаў з дакладамі аб традыцыях беларусаў Сібіры на канферэнцыях у Томску і Цюмені. А на Усерасійскай навукова-практычнай канферэнцыі гаварыў аб праблемах адаптацыі беларускай культуры ў сацыякультурнай прасторы Заходнесібірскага рэгіёну.
Цюменскі беларус Уладзіслаў ТатарынцаўУладзіслаў Татарынцаў жыве цяпер у Цюмені, аднак цёплыя ўспаміны, ды і лёсы родных людзей звязваюць яго з прыгожым горадам на Палессі
Гэтага рухавага, з іскрынкай у вачах маладога чалавека ў Цюмені ведаюць многія. А каб ведалі і іншыя, раскажу пра некаторыя факты з яго біяграфіі. Уладзіслаў Татарынцаў — намеснік старшыні праўлення Цюменскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь”. Начальнік аддзела беларускай культуры Палаца нацыянальных культур. Даўно працуе на беларускую справу. Быў адным з ініцыятараў, удзельнікам этнаграфічнай экспедыцыі ў месцы кампактнага пражывання беларусаў-самаходаў на поўдні Цюменскай вобласці. Распрацоўваў цікавыя праекты “Вяртанне да вытокаў”, “Вечары памяці” з літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Званы Хатыні”. Уладзіслаў выступаў з дакладамі аб традыцыях беларусаў Сібіры на канферэнцыях у Томску і Цюмені. А на Усерасійскай навукова-практычнай канферэнцыі гаварыў аб праблемах адаптацыі беларускай культуры ў сацыякультурнай прасторы Заходнесібірскага рэгіёну.
Уладзіслаў Татарынцаў — актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці. Неаднаразовы дыпламант і лаўрэат міжнародных, усерасійскіх, рэгіянальных, абласных і гарадскіх конкурсаў і фестываляў. Намінант на атрыманне Першай нацыянальнай маладзёжнай прэміі “Прарыў” у намінацыі “ПРА грамадства”. Уладзіслаў узначальвае маладзёжны савет нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў вобласці. З праектам “Да вытокаў традыцыйнай культуры” ўвайшоў у склад Грамадскай маладзёжнай палаты пры Цюменскай абласной Думе, дзе ўзначальвае камісію па культуры і спорце. Яму 7 снежня 23 гады (Віншуем!), а Уладзіслаў ужо шмат зрабіў для пашырэння культуры беларусаў у рэгіёне, атрымліваў Падзячныя лісты Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Савета Міністраў Беларусі.
Як далучыўся малады чалавек да беларускага руху? Дапамагла маці. “Помніцца, мама, размаўляючы па тэлефоне, прамаўляла незразумелыя мне словы, — успамінае Улад. — Я спытаў, на якой мове яна размаўляла? І яна патлумачыла: гэта мова нашых продкаў, беларуская, прапанавала некалькі вершаў вывучыць па-беларуску”. Ужо з 14 гадоў Уладзіслаў пачаў супрацоўнічаць з Палацам нацыянальных культур, стаў метадыстам аддзела беларускай культуры, які цяпер узначальвае.
Пра творчасць беларускіх гуртоў у Цюмені добра ведаюцьКалі я папрасіла Уладзіслава распавесці пра радавод, малую радзіму, ён ажывіўся, вочы заблішчалі. Я зразумела, што гэта яму вельмі цікава. “На беразе велічнай ракі Дняпро стаіць адзін са старэйшых гарадоў Беларусі: Рэчыца, ён згадваецца ўпершыню ў 1213 годзе — ахвотна расказвае ён. — І я родам — з Рэчыцы! У кнізе “Памяць. Рэчыцкі раён” на 201-й старонцы ёсць звесткі пра Тарасенку Восіпа Іванавіча (1899–21.10.1937).
Гэта і ёсць мой прадзед. Яго рэпрэсавалі, расказвалі родзічы, толькі за тое, што добра вёў уласную гаспадарку і не спяшаўся ўступаць у калгас. Дачка яго, а мая бабуля, Наталля Восіпаўна Грынюк-Тарасенка, 1926 года нараджэння, успамінала: “Бацька быў шаўцом, пад час працы заўсёды спяваў і нешта прыгаворваў, быццам чараваў над абуткам. Залатыя рукі меў... Вось хтосьці і пазайздросціў, пусціў паклёп... Аднойчы ноччу прыехалі на машыне, перавярнулі ўсё ў доме, а бацьку забралі. Аканіцы зачынілі, а дзверы падперлі, каб мы не выбеглі за ім следам. Суседзі толькі праз два дні нас і вызвалілі... Жорсткія былі часы… З таго дня маці мая, Агрыпіна Іванаўна, перастала ўсміхацца і спяваць”. Вось якія бабуліны ўспаміны пра даўніну. І гэта таксама гісторыя Рэчыцы”.
Мой субяседнік уздыхнуў, згадваючы сямейную гісторыю, і загаварыў ужо пра сябе: “Аднойчы на летнія вакацыі я ехаў у Беларусь, а са мной у адным купэ — бабуля з унучкай. Дзяўчынка не спала, і жанчына пачала спяваць ёй калыханку. Так прыгожа! А я ўспамінаў сваю бабулю Наташу, яе добрую задумлівую ўсмешку. Неяк знайшоў у яе чамадан, у ім — старыя сямейныя фатаграфіі. Сярод іх убачыў фота дзяўчыны, быццам гераіні рускіх народных казак: ну проста Васіліса Прыгожая! Такой была мая бабуля, на долю якой выпала нямала выпрабаванняў. Іх вёску спалілі фашысты, яна два гады нічога не ведала пра лёсы мамы сваёй і малодшай сястры. Бабуля падалася ў партызанскі атрад, была там “медсястрой і кухаркай, прачка і швачкай”, так расказвала, і яе ўсе шкадавалі і любілі. Жылі ў зямлянках, занесеных снегам, галадалі. Але — выстаялі. У бабулі няма здымкаў з тае пары. Узнагароды яна надзявае толькі ў Дзень Перамогі, у якой, несумненна, ёсць і яе часцінка. Пасля вайны, адправіўшы вучыцца ў Мінск малодшую сястру, яна ўладкавалася на працу ў яслі ў Рэчыцы, дзе яе памятаюць супрацоўнікі, бацькі і нават дзеці, што самі сталі дзядулямі і бабулямі.
Восіп Іванавіч і Агрыпіна Іванаўна, рэчыцкія продкі У. Татарынцава. Фота 1917 г. Улад, усміхаючыся, згадвае, што ў садзе ў бабулі расце салодкі вінаград. Суседкі кажуць: маўляў, саджалі разам, а ў нас ён кіслы… І робяць выснову, што, напэўна, яна з дабром да ўсяго ставіцца, дабром ёй і вяртаецца. На дзень нараджэння да бабулі прыязджаюць унукі і праўнукі з Мінска, Цюмені і нават Берліна: вось жа ніколі не думала яна, што пройдзе час — і ўнучка выйдзе замуж за немца. Але беларусы, як вядома, пераважна такія людзі, горам-бядою загартаваныя, што ні на кога зла доўга не трымаюць. Па традыцыі свята старэйшыны роду, Наталлі Восіпаўны, радня адзначае ў садзе пад ценем вінаградных лоз. “Прыгатаваныя роднымі рукамі дранікі і бабка — гэта самае смачнае, што я еў ў жыцці! — не стрымлівае эмоцый Улад. — Я ёй заўсёды жадаю: “Родная, не хварэй, жыві доўга, ты нам вельмі-вельмі патрэбная! Я ганаруся табой і пастараюся так жыць, каб і вам, маім родным, не было сорамна за мяне”.
Рэчыца сёння, расказвае і быццам разглядвае прыгожыя карцінкі ў памяці Улад, гэта нафтавыя вышкі, добраўпарадкаваныя мікрараёны, сучасныя крамы і бары, заводы, басейны, паркі, а набярэжная Дняпра патанае ў кветках. З горадам звязаны лёсы многіх вядомых людзей, у тым ліку і таленавітага мастака Аляксандра Ісачова, творы якога Уладу вельмі падабаюцца. “Вось такая яна, мая Рэчыца, — падсумоўвае Улад. — Там жылі і пакінулі па сабе добрую памяць мае продкі, прайшлі ваенныя гады дзядулі і бабулі. А ў нас дома захоўваюцца ручнікі, якія бабуля падарыла маёй маме на вяселле. Гэта такая прыгажосць! Сапраўдная рэліквія, іх яшчэ ў 1912 годзе выткала прабабуля, і з тых часоў яны перадаюцца жанчынамі роду з пакаленне ў пакаленне. Рэчыца мая і таму, што там у школу №8 хадзіла мая мама, Грынюк Людміла Васільеўна. І я ў Рэчыцу наведаваюся. Прыязджаю, каб пабачыць Дняпро, пахадзіць па акуратным, немітуслівым родным горадзе, што заварожвае цішынёй, зайздросным парадкам і прыгажосцю”.

Людміла Бакланава, г. Цюмень
На здымках:
Пра творчасць беларускіх гуртоў у Цюмені добра ведаюць
Цюменскі беларус Уладзіслаў Татарынцаў
Восіп Іванавіч і Агрыпіна Іванаўна, рэчыцкія продкі У. Татарынцава. Фота 1917 г.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter