На адным узроўнi з Канамi i Берлiнам

Беларускі форум у адной сям’і з імі...

Беларускі форум у адной сям’і з імі

Чырвоная дывановая дарожка — нязменны атрыбут «Лістапада». Сёння ў час адкрыцця фестывалю яна зноў з’явіцца ў Палацы Рэспублікі.

Улічваючы памылкі, а дакладней сюрпрызы надвор’я мінулых гадоў, на гэты раз арганізатары вырашылі разаслаць яе ў фае. Больш таго, нават зроблена спецыяльная грымёрка, адкуль зоркі будуць ступаць на дарожку, што называецца, пры парадзе. Запрасiлi i французскага куцюр`е Дэнi Дзюрана, якi апране беларускiх актрыс у свае ўборы. Словам, нават у такіх дробязях беларусы імкнуцца быць на ўзроўні з Канамі ці Берлінам.

Гэтае параўнанне не выпадковае. Сёлета ў «Лістапада» заканчваецца часовая акрэдытацыя ў Міжнароднай асацыяцыі кінапрадзюсараў.

Дырэктар мінскага фестывалю Анжэла Крашэўская не ўтойвае, што знаходзіцца ў сям’і вядучых кінафорумаў вельмі прыемна. Але гэта даволі складаная работа, якая ляжыць на плячах праграмных дырэктараў. Патрабаванні там няпростыя. Крашэўская параўноўвае іх з Алімпійскімі гульнямі, толькі ў мастацтве. Ці будзе Беларусь знаходзіцца ў той кампаніі ў якасці пастаяннага члена? Адказ на гэта пытанне дадуць крыху пазней, калі дрэвы ўжо будуць у снезе. А пакуль у нас «Лістапад». Якім ён будзе?

— Мы змагаліся за многія карціны і імёны і амаль усе атрымалі, — не хавае задавальнення праграмны дырэктар фестывалю Ігар Сукманаў. — У нас будзе лепшае аўтарскае кіно апошняга сезона. У праграме нават некалькі фільмаў, якія трапілі ў лонг-ліст «Оскара».

Сярод дванаццаці ігравых фільмаў ёсць і прадстаўнік Беларусі. Дакладней, фільм «Роля» Канстанціна Лапушанскага сумеснай вытворчасці з Расіяй, Германіяй і Фінляндыяй. А вось дзве іншыя стужкі ў конкурсных праграмах неігравога і дзіцячага кіно — «Музыка ваенная» Галіны Адамовіч і «Кіндэрвілейскі прывід» Алены Туравай — зроблены выключна намаганнямі нацыянальнай кінастудыі «Беларусь­фільм». «Поўным пакетам» удзельнічаюць у «Лістападзе» і кітайскія рэжысёры, дарэчы, упершыню.

Як звычайна, запланавана насычаная пазаконкурсная праграма. Майстар-класы здзіўляюць «геаграфіяй» кінаспецыялістаў: Польшча, Германія, Расія, Балгарыя, Сербія, Эстонія і г.д. Цікавымі абяцаюць быць мультыплікацыйныя мерапрыемствы, яны прымеркаваны да саракагоддзя беларускай анімацыі. У рамках фестывалю пачнецца святкаванне яшчэ аднаго юбілею — 85-годдзя «Беларусьфільма».

Гасцей кшталту Арнэлы Муці, Эміра Кустурыцы ці Кшыштафа Занусі сёлета не будзе. Арганізатары зрабілі стаўку не на гучныя імёны, а на добрую кінапраграму. Але ж цікавыя людзі, вядома ж, будуць. Кіра Муратава (на здымку), напрыклад, аднойчы пабываўшы на «Лістападзе», пасябравала з ім назаўсёды. У гэтым годзе яна будзе ў Мінску амаль тыдзень. Спачатку і да канца на «Лістападзе» — Аляксандр Зяльдовіч і Галіна Данэлія, якія ўзначальваюць журы адпаведна ігравога і дзіцячага кіно. Шмат замежных рэжысёраў прыедуць прадставіць свае стужкі асабіста. Яны чакаюць гледачоў у пяці лепшых кінатэатрах беларускай сталіцы да 8 лістапада. Тады і скончыцца «Лістапад-2013».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter