На адным дыханнi

У Мазыры прайшоў фестываль «Зямля пад белымi крыламi»

На адным дыханнi прайшоў у Мазыры VII Мiжнародны фестываль юных талентаў «Зямля пад белымi крыламi»

...Мы, дарослыя, рэдка дапускаем думку, што дзецi сваiмi незахмаранымi душамi, няўрымслiвай непасрэднасцю, шчырасцю ўзаемаадносiн нярэдка ўяўляюць узор для нас. Як выказаўся падчас прэс-канферэнцыi ў Мазыры адзiн з членаў мiж­народнага журы, заслужаны дзеяч мастацтваў Украiны, загадчык кафедры харэа­гра­фii Ровенскага дзяр­жаўнага педага­гiчнага ўнiверсiтэта прафесар Уладзiмiр Гадоўскi, палiтыкам часам не пад сiлу тое, што могуць зрабiць дзецi. I фестываль «Зямля пад белымi крыламi», што адбыўся ў Мазыры, гэта красамоўна даказаў.

Пяць дзён, якiя ён доўжыўся, прайшлi, вобразна кажучы, на адным дыханнi. Яны былi напоўнены сяброўскiмi стасункамi, прыемнымi адкрыццямi, захапленнем ад знаёмства з маляўнiчымi прыпяцкiмi краявiдамi, але найперш, вядома, творчасцю, iмкнен­нем «запалiць» сэрцы журы i гледачоў лепшымi ўзорамi музычных твораў нацыянальных культур.

Час, што мiнуў з першага фестывалю, выразна засведчыў, наколькi ён вырас са сваiх немаўляц­кiх «паўзункоў»: дзi­цячы музычны форум пашырыў свае геаграфiчныя ме­жы, стаў адметнай падзеяй у палiтры культурнага жыцця беларускага Палесся i ўсёй Беларусi. У 1998 годзе «пад сцягамi» музычнага фэсту, праведзенага на базе гарадскога дзiцячага цэнтра «Палесская зорачка», сабралася каля 50 удзельнiкаў. Сёлета ж пасламi дружбы, прыгажосцi i узаемаразумення мiж наро­дамi сталi ўжо каля 400 юных талентаў з 10 дзяржаў: 25-цi га­радоў i вёсак Беларусi, Расii, Украi­­ны, Румынii, Малдовы, Азербайджана, краiн Бал­тыi. Упершыню сярод канкурсантаў былi вакалiсты з сонечных Апенiнаў.

...Першы збор удзельнiкаў музычнага форуму — на мiтынгу ў мазырскiм скверы памяцi ля знака «Ахвярам Чарнобыля». Невыпадкова, нарадзiўшыся ў днi дванаццатай гадавiны катастрофы на ЧАЭС, фестываль (дарэчы, адзiн з нямногiх падобных мерапрыемстваў у краiне i замежжы. — М.Ж.) нясе праз гады лейтматыў-эстафету памяцi аб ахвярах раз’юшанага атама, увасабляе сабой трыумф жыцця i шчаслiвай будучынi, якiя засланяе крыламi ад чорных хмар сiмвал фестывалю — белы бусел. Мазыране ведаюць аб катастрофе не па кнiгах: вёскi Мазыр­шчыны у 1986-м таксама шчодра пасыпала радыеактыўным попелам. Можа таму тут сёння так умеюць радавацца жыццю i цанiць, здавалася б, звыклыя рэчы: добрую песню i танец, сустрэчу з сябрамi, дараваныя Богам маляўнiчыя куточкi прыроды...

Гэтым жыццесцвяр­джальным водарам, здавалася, было настоена нават свежае веснавое паветра ў горадзе над Прыпяццю. Моўнае шматгалоссе, захапляючыя мелодыi далёкiх i блiзкiх краiн у днi фестывалю напаўнялi не толькi залы i калiдоры гарадскiх палацаў культуры, дзе iшлi выступленнi, але i нумары гасцi­нiцы «Прыпяць», дзе спынiлiся госцi, залы ўстаноў культуры дзесяцi аграгарадкоў Мазыршчыны, куды выязджалi з канцэртным турам юныя артысты. Вядома ж, каб госцi адчувалi сябе тут камфортна, як дома, нямала паста­ралiся гаспадары. Высокую арганiза­цыю мерапрыемства адзначалi ўсе кiраўнiкi дэлегацый. Ну як у такой атмасферы не сканцэнтравацца на галоўным — твор­часцi, не «выдаць» на сцэне ў лепшым праяўленнi свой талент i ўсё, чаму навучылi педагогi па вакале i харэа­графii?! Шчыра падкрэслiм — «выдавалi»! Ад непараўнальнага мiнi-шоу «Я чайничала, я кухарничала...» самай малодшай артысткi, любi­мiцы публiкi пяцiгадовай выхаванкi аднаго з дзiцячых садкоў Мазыра Палiны Шаўцовай да экспрэсiўна-агнiстага нацыянальнага «па» юных джыгi­таў i iх сцэнiчных партнёрак з калектыву «Бакинские звезды». Ад прыхiльнiкаў народных традыцый — танцораў фальклорнай групы «Вея Зiрдзiнч» з латвiй­скай Елгавы да пранiкнёнай песеннай «класiкi» «Скрыпка Паганiнi» прадстаў­нiка Брэстчыны, удзельнiка дзi­цячага конкурсу «Еўрабачанне-2010» Данiiла Казлова.

Значныя эмацыянальныя i фiзiчныя нагрузкi леглi ў гэтыя днi на плечы членаў журы на чале з мастацкiм кiраўнiком Дзяржаўнага акадэмiчнага народнага хору iмя Г. Цiтовiча прафесарам Мiхасём Дрынеўскiм.

— Працаваць на фестывалi цiкава, але няпроста, — падзя­лiўся адчуваннямi з карэспандэнтам «Р» адзiн з членаў журы народны артыст рэспублiкi мастацкi кiраўнiк ансамбля «Бяседа» Леанiд Захлеўны. — Кожны дзень праслухоўвалi каля 85 выканаўцаў, гэта больш за 6 гадзiн «чыстага» гучання...

— Конкурснае сапернiцтва высокае, — далучылася да размовы заслужаны дзеяч культуры Рэспублiкi Беларусь, мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва iмя Мулявiна Святлана Стацэнка. — Сёлета мы пашырылi ўзроставы дыяпазон удзельнi­каў фестывалю з 16 да 17 гадоў. I менавiта 17-гадовыя пачалi задаваць тон. Практычна ўсе выступленнi ў старэйшай узроставай намiнацыi — моцныя i роўныя. Добра сябе паказваюць выканаўцы з Бабруйска, запомнiлiся прадстаў­нiкi Румынii, Iталii i Малдовы, выдатна прадстаўлена на фестывалi магiлёўская школа падрыхтоўкi юных талентаў.

Да слова, прафесiяналы з мiжнароднага журы не толькi слухалi, але i дзялiлiся з выка­наўцамi i iх педагогамi слушны­мi думкамi i ўласным вопытам падчас круглага стала «Сакрэты майстэрства».

Гала-канцэртам i ўзнагаро­джаннем удзельнiкаў завяршылася ўнiкальнае свята нацыянальнах культур у горадзе над Прыпяццю. Адно шкада: прыцягненне службовых крэслаў чыноўнiкаў з Мiнiстэрства культуры аказалася мацнейшым за iмкненне падкрэслiць сваiм удзелам несумненную адметнасць мiжнароднай культурнай падзеi, якая адбылася ў перадсвяточным Мазыры.

Як нi цяжка было, журы вызначыла пераможцаў. Гран-пры VII Мiжнароднага фестывалю «Зямля пад белымi крыламi» — тры прыгожыя статуэткi з выявай птушкi — сiмвала Беларусi i каштоўныя падарункi (тэлевi­зары «Гарызонт») сёлета ад­былi за межы нашай краiны. У намi­нацыi «Сола-вакал» яны прысуджаны самым арганiчным i харызматычным юным артыстам Одры Быркэ з Румынii i Ясiну Гасанаву з Азербайджана. Выразней за iншых, па ацэнцы журы, ззялi пад белымi крыламi мазырскага музычнага форуму i «Бакiнскiя зоркi». Гэты харэагра­фiчны калектыў стаў яшчэ адным трыумфатарам фестывалю. Сярод ула­даль­нiкаў дыпломаў першай ступенi — вакалiсты Аляксандра Лакцiёна­ва з Мiнска, Ганна Малкава з Талiна, Юлiя Атрошчанка з Мазыра, згаданы вышэй Данiiл Казлоў, Кацярына Кажакару з Малдовы, народная шоу-група «Аква» з Данецка, а таксама танцоры балета-студыi «Алексiс» з Мазыра i латвiйскага харэаграфiчнага калектыву «Вея Зiрдзiнч»...

На здымку: карцiнка «Падмаскоўныя вечары» — ад калектыву з Расii.

Фота: Мiкалай ЖДАНОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter