Нізашто не скажу! ці Напісанне прыслоўяў разам.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Родная мова вылучаецца тым, што адносіцца да флектыўных: мы злучаем слова са словам пры дапамозе флексіі — канчатка: беларускае прыслоўе, беларускаму прыслоўю, беларускім прыслоўем і г.д. Мовы такога тыпу адносяцца да сінтэтычных, простых. У процівагу складаным ці аналітычным — такім як англійская, французская і інш. Ва ўсходнеславянскіх мовах амаль усе самастойныя часціны мовы (назоўнік, прыметнік, дзеяслоў, займеннік, лічэбнік) змяняльныя. Яны добра ўкладваюцца ў сінтэтычны лад, бо граматычныя значэнні выражаюцца ў самім слове, а не па-за яго межамі. У аналітычных жа мовах слова — перадатчык толькі лексічнага значэння, а граматычнае значэнне афармляецца асобна: парадкам слоў, службовымі словамі, інтанацыяй і да т.п. Змяняльнасць слова ў іх неактыўная і не мае такіх функцыянальных нагрузак, як, напрыклад, у беларускай, рускай, польскай і інш. Аднак нельга сказаць, што флектыўныя мовы існуюць у чыстым выглядзе. Кожнай з іх характэрны праявы таго ці іншага тыпу. Напрыклад, у нас ёсць даволі цікавая ў гістарычных адносінах часціна мовы — прыслоўе, фарміраванне якой пачалося яшчэ ў дапісьмовую эпоху. Гэты працэс працягваецца, бо прыслоўе — адна з самых жывых, рухомых і прадуктыўных часцін мовы.
Прыслоўе ўзнікае з раз-віццём абстрактнага мыслення як сродак выражэння акалічнаснай характарыстыкі дзеяння або стану, адцягненых граматычных значэнняў часу, прасторы, спосабу, ступені і меры. Прыслоўі займаюць, так бы мовіць, “прамежкавае становішча” ў беларускай, рускай і ўкраінскай мовах (рус.: наречие, укр.: прислівник), бо адносяцца да нязменных. Аднак яны могуць мець ступені параўнання (весела — весялей, блізка — бліжэй, дрэнна — горш, больш дакладна, менш удала), формы ацэнкі (хуценька, страшэнна, танюсенька, памалюсенечку) і меры якасці (далекавата, даўгавата). У сучасных мовах клас прыслоўяў няспынна папаўняецца.
У беларускай мове прыслоўі суадносяцца з асноўнымі разрадамі імён і дзеясловаў. Заўважаецца, што сувязь прыслоўяў з імёнамі больш цесная, чым з дзеяслоўнымі формамі, але прыслоўі больш часта прымыкаюць да дзеясловаў. Адбываецца няспынны рух іменных форм у сістэму прыслоўяў. Так, назоўнік можа набываць акалічнаснае значэнне: прыйшоў назаўтра, але адкласці на заўтра.
Неабходна адрозніваць прыслоўі нашто, нізашто, зусім, затым ад спалучэнняў займеннікаў з прыназоўнікамі: нашто (з якой мэтай?) ты гэта робіш? і ён не ведаў на што спадзявацца; нізашто (ні пры якіх умовах, ні ў якім разе) не скажу і пакараны ні за што (дарэмна); зусім здаровы і з усім атрадам; падумай, а затым скажы і стаяў за тым домам.
Пералічаныя асаблівасці ўплываюць на арфаграфічныя нормы прыслоўяў і робяць іх “цяжкімі” для напісання. У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” правілы напісання прыслоўяў разам, асобна і праз злучок аб’яднаны ў § 38. Пагаворым пра напісанне прыслоўяў разам, калі два і нават тры словы аб’ядноўваюцца ў адно.
Пішуцца разам прыслоўі, утвораныя ад прыслоўяў прыставачным спосабам: назаўтра, назаўсёды, назаўжды, назусім, намнога, наколькі, настолькі, нашмат, насупраць, заўчора, залетась, паслязаўтра, пазаўчора, пазалетась, замнога, задоўга і інш. Ад такіх прыслоўяў трэба адрозніваць спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі, якія ўжываюцца ў значэнні дапаўнення. Назоўнікі з прыназоўнікамі пішуцца асобна: на заўтра (адкласці), за дзякуй (рабіць), да заўтра (скончыць); ад цямна да відна, з цямна да цямна, да ранку, а таксама ў адно, па двое, па трое і інш.
Звернем увагу на распаўсюджаную памылку ў рускамоўных беларусаў, якія па беларускай мадэлі ўтвараюць рускія прыслоўі тыпу замного, засладко. Такіх прыслоўяў у рускай мове проста не існуе: намного, прыслоўе (намного лучше), але на много лет. Памылка вымагаецца інтэрферэнтным уплывам.
У беларускай мове разам пішуцца:
прыслоўі, якія ўтвораны ў выніку спалучэння прыназоўнікаў у і на з рознымі склонавымі формамі колькасных і зборных лічэбнікаў: удвая, утрая, удваіх, утраіх, утрох, учатырох, усемярых, удвух, удзвюх, усямёх, надвое, натрое;
прыслоўі, утвораныя ад прыметнікаў прыставачна-суфік-сальным спосабам: дабяла, дачыста, дасуха, дасыта, здалёку, звысоку, зрэдку, справа, сослепу, змоладу, змалку, злёгку, паблізу, папросту, паціху, падоўгу, пароўну, улева, управа, навечна, надоўга, насуха, зажыва, зацемна, а таксама заадно, наўдалую, ушчыльную, урассыпную, упустую, збольшага, нашто, навошта, нізашто, потым, надта, зусім, затым, прытым і інш.
Увага! Спалучэнні прыназоўнікаў з займеннікамі пішуцца асобна: на што, ні за што, з усім, за тым.
Пішуцца разам прыслоўі, якія ўтвораны ў выніку спалучэння:
прыназоўнікаў і склонавай формы назоўнікаў, якая самастойна не ўжываецца: бесперастанку, дашчэнту, досыць, замуж, запанібрата, знячэўку, знянацку, навобмацак, наогул, напагатове, напавал, напалам, наперакор, наперарэз, напрост, напярэймы, насцеж, наўздагон, наўздзіў, наўпрост, наўскос, наўцёк, неўзабаве, неўпапад, паасобку, паблізу, спакон, уваччу, удоўжкі (удоўж), упокат, употай, усутыч і інш.;
прыназоўнікаў з формамі назоўнікаў і іншых часцін мовы, калі да падобнай формы назоўніка не можа быць далучана азначэнне або пастаўлена склонавае пытанне з адпаведным прыназоўнікам: апоўдні, апоўначы, даволі, дадому, замужам, зроду, наадварот, наадрэз, накрыж, напаказ, напалавіну (напалову), напераменку, напракат, напралом, на-
прыклад, насілу, насмерць (але:  не на жыццё, а на смерць), наўдачу, навек, паволі, падрад, падчас, пакрысе, увосень, уброд, уголас, удзень, углыб, упершыню, уранку,  уранні, уразброд, усур’ёз і інш.;
прыназоўнікаў з формамі назоўнікаў верх, ніз, перад, зад, бок, гара, высь, век, пачатак, раз, ноч, вечар, раніца і іншых пры адсутнасці пры іх азначэння або дапаўнення: зверху, наверх, уверх, уверсе, данізу, знізу (але: з верху да нізу), наніз, унізе; наперад, уперад, уперадзе; ззаду, назад, узад; збоку, набок, убок, убаку; дагары, згары, угары, угару; увысь; удалеч; навек, навекі; спачатку, упачатку; адразу, ураз; уночы, поначы; звечара (але: з вечара да ранку), надвечар, увечары; зранку (але: з ранку да вечара), уранку. Спалучэнні прыназоўнікаў з назоўнікамі пры наяўнасці паясняльнага слова пішуцца асобна: на верх гары, на ніз ямы, у высь завоблачную, у даль палёў, на векі вечныя, у пачатку года, з пачатку вясны.
Пішуцца разам прыслоўі таксама, гэтаксама, штодзень, штоноч (штоночы), штовечар (штовечара), штотыдзень (штотыдня), штомесяц, штогод і інш.

Зваротная сувязь

Добры дзень! Скажыце, як перакласці на беларускую мову словазлучэнне жирная земля. Ці ёсць форма жирна? Дзякуй. Міхась.
Правільна: тлустая зямля. У паэме “Новая зямля” Якуба Коласа знаходзім: Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter