«Ні за што не адцураўся б ад свайго Чурылава…»

ДАСВЕДЧАНЫЯ людзі кажуць, што вёска Чурылава сваю назву атрымала вось з якой нагоды. У далёкія гады сюды, у непралазныя лясы ў вярхоўі рэчкі Уздзянкі, з усёй акругі сходзіліся хлопцы, якія ўпадабалі тут добрае паляванне. І каб не траціць час на штодзённую хадзьбу дадому і назад, зрубілі з сасновага кругляку курныя хаткі, накрылі іх чаротам, змайстравалі печкі з камення і гліны. Тут і жылі. Пяклі на вуголлі дзічыну, рыбу. Дамоў забягалі зрэдку — перадаць дабычу. Таму блізкія казалі пра іх: «Адчураліся ўжо і хат сваіх, і родных». Мянушка «чурылы» перарасла з цягам часу ў Чурылава. Адна з першых кніг пісьменніка Васіля ШЫРКО так і называецца — «Вунь чурылавец пайшоў». Але яна не пра гістарычных асоб, а пра сучаснікаў, пра людзей, з якімі аўтару даводзілася сустракацца, жыць па суседству, дыхаць адным паветрам. Увогуле ж, у творчым клунку літаратара зараз каля 30 кніг — «Сцяжына да людзей», «Дарога праз сэрца», «Дзед Манюкін не салжэ», «Зорны россып», «Хай людзі бачаць» і іншыя. Пяцьдзесят тысяч паасобнікаў «Дзеда Манюкіна…» калісьці разышліся за некалькі дзён. Самога аўтара сябры часта завуць Манюкіным, а ён і праўда, як кажуць у яго Чурылаве, такое выдумае — паверыш! Але сёння наша размова з маім сябрам і земляком Васілём Шырко, рэдактарам часопіса Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы «Белая вежа», якраз пра тое, што было, і крышку пра тое, што яшчэ будзе.

Як «Сельская газета» дапамагла Васілю Шырко раскрыцца як літаратару і чаму ён, журналіст, піша кнігі

ДАСВЕДЧАНЫЯ людзі кажуць, што вёска Чурылава сваю назву атрымала вось з якой нагоды. У далёкія гады сюды, у непралазныя лясы ў вярхоўі рэчкі Уздзянкі, з усёй акругі сходзіліся хлопцы, якія ўпадабалі тут добрае паляванне. І каб не траціць час на штодзённую хадзьбу дадому і назад, зрубілі з сасновага кругляку курныя хаткі, накрылі іх чаротам, змайстравалі печкі з камення і гліны. Тут і жылі. Пяклі на вуголлі дзічыну, рыбу. Дамоў забягалі зрэдку — перадаць дабычу. Таму блізкія казалі пра іх: «Адчураліся ўжо і хат сваіх, і родных». Мянушка «чурылы» перарасла з цягам часу ў Чурылава. Адна з першых кніг пісьменніка Васіля ШЫРКО так і называецца — «Вунь чурылавец пайшоў». Але яна не пра гістарычных асоб, а пра сучаснікаў, пра людзей, з якімі аўтару даводзілася сустракацца, жыць па суседству, дыхаць адным паветрам. Увогуле ж, у творчым клунку літаратара зараз каля 30 кніг — «Сцяжына да людзей», «Дарога праз сэрца», «Дзед Манюкін не салжэ», «Зорны россып», «Хай людзі бачаць» і іншыя. Пяцьдзесят тысяч паасобнікаў «Дзеда Манюкіна…» калісьці разышліся за некалькі дзён. Самога аўтара сябры часта завуць Манюкіным, а ён і праўда, як кажуць у яго Чурылаве, такое выдумае — паверыш! Але сёння наша размова з маім сябрам і земляком Васілём Шырко, рэдактарам часопіса Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы «Белая вежа», якраз пра тое, што было, і крышку пра тое, што яшчэ будзе.

— Васіль Аляксандравіч, усё тваё жыццё звязана са словам, з працай у перыядычным друку, на тэлебачанні, у літаратурных часопісах… А шуфель, вілы ці рыдлёўку, відаць, у рукі браць не выпадала?

— А вось і няпраўда! З рыдлёўкай папрацаваць давялося, хоць і нядоўга, падчас службы ў арміі. Я трапіў тады ў будбат, што гаворыць само за сябе. У гразі, у гліне капалі траншэі. Справа не для слабакоў. Бо там пераступіць — і то праблема, як прысмокча да вязкай жыжкі, не адарваць.

І ў адзін з такіх няўдзячных дзён, разумееш, да мяне прама да траншэі завітваюць, амаль як у Твардоўскага, «два военных седока». Толькі на «Волзе». Ды хто! Прадстаўнікі газеты Міністэрства абароны «На стройке». «Добры дзень, сяржант Шырко!» Адказваю ім: «Я — радавы». — «Не, з гэтага часу — сяржант, мы забіраем цябе ў рэдакцыю».   

Ім спадабаліся мае нарысы, якія я папярэдне выслаў у газету. Па памерах яна нагадвала «раёнку», але ўзровень быў даволі высокі. Масква ўсё ж! І арганізацыя працы непараўнальная: на сем супрацоўнікаў — пяць аўтамашын «Волга». Чорных. І я, малодшы сяржант, ездзіў у камандзіроўкі на такой «Волзе». Далёка не кожнаму генералу такое фарціла, не кажучы пра палкоўніка. У выніку я амаль два гады адпрацаваў у гэтай газеце, яна дала мне даволі многа.

— Шанцуе ж людзям! Праўда, у цябе ж за плячыма было ўжо некалькі курсаў журфака. Бо проста так, прама з траншэі, ці нават акопа, ніхто ў рэдакцыю не ўзяў бы.

— Тут студэнцкае няшчасце паспрыяла армейскаму шчасцю. У мяне ў БДУ ўсяго тыдзень заставаўся да абароны дыплома, калі ў інтэрнаце адбылася сутычка, пасля якой я быў адхілены на год ад вучобы, па сутнасці, ад абароны дыплома. І замест таго, каб ісці служыць лейтэнантам, пайшоў радавым. Але праз год дыплом быў абаронены, мне яго прыслалі потым у часць. А журналісцкая практыка да таго  моманту была ў мяне моцная.

— Спадзяюся, у «Сельскую газету», з якой звязаны добры адрэзак жыццёвага шляху, трапіў без прыгод?

— Сапраўды, тут атрымалася прасцей. Калі пасля арміі ў пошуках работы я зайшоў у рэдакцыю, мяне павялі да Андрэя Данілавіча Коласа, галоўнага рэдактара, былога партызана, душэўнага чалавека. Далі выпрабавальнае заданне. Справіўся. 

«Сельская газета», цяперашняя «Белорусская нива», і дапамагла мне раскрыцца як прафесіяналу, як літаратару. Тут было на каго раўняцца, з кім параіцца ці паспрачацца. Побач жа працавалі выдатныя журналісты — Інеса Міцкевіч, Анатоль Казловіч, Святлана Алексіевіч, пазней прыйшлі Віктар Супрунчук, Віктар Захарчук, Андрэй Юдчыц, Рыгор Кадзет. Светлыя галовы, знатакі чалавечых душ.

Шмат у чым дапамог мне Аляксандр Градзюшка, які дасканала ведаў сельскую гаспадарку. З ім нават кіраўнікам гаспадарак цяжка было пры гутарках. І ў такіх сітуацыях многія з іх гаварылі: «Я тут лепш паклічу агранома».

Вось чаму ў маёй творчасці і па сённяшні дзень ці не галоўная тэма — вёска. Прынамсі, усе мае літаратурныя адзнакі, узнагароды з’яўляліся пасля выхаду ў свет нарысаў. Працуючы ў «Сельской газете», я аб’ездзіў усю Беларусь, пабываў ва ўсіх яе раёнах.

Веру, што менавіта гэтае выданне магло стаць выдатнай школай, бо і сам быў звязаны з аграрнай тэматыкай падчас працы ў іншых газетах.

Дослед праблем сельскай гаспадаркі дапаўняўся тым, што мы цесна супрацоўнічалі з навукай. Я, напрыклад, моцна пасябраваў з былым дырэктарам НДІ жывёлагадоўлі Іванам Паўлавічам Шэйко, чалавекам рэдкіх душэўных якасцей, дарэчы, добрым паэтам, пра што не ўсе нават ведаюць.

— Казалі, што ў адным з раёнаў, каб прыструніць мясцовае начальства, ты дазволіў сабе такую пагрозу: «Я зараз Шавялуху патэлефаную!» Якія адносіны маглі быць з сакратаром ЦК у карэспандэнта?

— Я і сёння не ведаю, ці гэта шчасце было, ці няшчасце выпала асабіста ведаць і сустракацца з Віктарам Сцяпанавічам Шавялухам. «Сельскую газету» ён пільна трымаў у полі зроку, часта друкаваў тут свае рэкамендацыі, як вырошчваць, скажам, грэчку, ячмень ці яшчэ што. З-за гэтых допісаў нярэдка выхад чарговага нумара затрымліваўся, матэрыялы на візу даводзілася вазіць, у тым ліку і на дачу. А каму даручалі? Вядома, самаму маладому — мне. У тэкстах часта Шавялуха любіў выкарыстоўваць слоўца «должны», а мы з пукту гледжання стылю па крысе ад яго пазбаўляліся. Заўважаў. І аднаўляў.

Увогуле, пра гэтага чалавека хадзіла шмат прыказак, прымавак, анекдотаў. Адзін з варыянтаў: «Там, дзе ціха, там, дзе глуха, падасць голас Шавялуха!» Але відавочна адно: сельскай гаспадаркай ён даражыў і рабіў многае для яе развіцця. Пры гэтым разумна выкарыстоўваючы прэсу.

— Васіль, а як магла спалучацца твая праца ў аграрным выданні  з літаратурай, якой ты стаў «кіраваць» на Беларускім тэлебачанні?

— О, самым лепшым чынам, бо цыкл літаратурна-драматычных перадач «Ліра», усе іншыя, якія мы рыхтавалі, тычыліся духоўна-маральных асноў вёскі, яе людзей — захавальнікаў нашай культуры, мовы. Мы запрашалі ў студыю іншым разам да 300 чалавек, я пісаў сцэнарыі, па некалькі разоў сустракаўся з многімі ўдзельнікамі перадач.

Зрэшты, думкамі пра вёску, пра яе клопаты была прасякнута і далейшая мая праца ў часопісе «Полымя», дзе я загадваў аддзелам нарыса. Можна сказаць, што менавіта ў гэты час пачынаецца мая сталая літаратурная праца. Пачалі выходзіць кнігі… Праўда, цяпер з’яўляецца адчуванне, што гэта было даўным-даўно.

— Вось я, як чалавек, які крышку сочыць за тваёй творчасцю, ведаю, што ў цябе былі цудоўныя адносіны з многімі беларускімі пісьменнікамі, артыстамі, асабліва падчас працы на тэлебачанні. Табе ж пашчасціла, можа, бліжэй, чым каму, мець дачыненне і да магутнага таленту нашага земляка-уздзенца Кандрата Крапівы. Якія ўражанні ты вынес з тых сустрэч? Многія літаратуразнаўцы параўноўваюць Кандрата Кандратавіча з Крыловым, а байкапісцаў, сатырыкаў такого кшталту сёння ў нас наогул няма.

— Не толькі ў нашай краіне. Андрэй Макаёнак казаў, што ў байках Крапіва мог бы «патрымаць за бараду» самога Эзопа! І гэта сапраўды так. Велічная асоба. Хаця знешне ён згадваецца мне суровым, худым, як здрок, у акулярах з тоўстымі шкельцамі, замкнёным.

Памятаю, калі мы прыехалі ў Аксакаўшчыну запісваць з ім перадачу, аператар тэлебачання заўважыў: маўляў, стары чалавек, нічога цікавага тут не атрымаецца. Але калі дзед Кандрат уведаў, што перад ім зямляк, павесялеў, падабрэў, разгаварыўся. «У вас, у Чурылаве, і цяпер кажуць — валэ, галубэ, братэ?» Гавораць, адказваю. «І ў нас, у Нізку, таксама, а яшчэ — м’яса, ав’ёс, дзве назе, дзве руцэ». Пасмяяліся, я па памяці згадаў яго гумар, яго байкі.

Увогуле, Кандрат Крапіва далёка не шараговы літаратар. Ён мог лёгка ўчыніць нешта цікавае, нестандартнае. Вядома, напрыклад, што акадэмік не любіў доўгіх пасяджэнняў. Здаралася, прама ў прэзідыуме пісаў эпіграмы і пускаў паперку па зале. Дасціпныя жарты выклікалі смех. А якія «смачныя» рыфмы выкарыстоўваў класік:

Я не горшы ад Рагойшы

І не меншы ад Камейшы,

А прабіцца не ўдаецца

Ні ў Саюз, ні ў выдавецтва.

Трэба сказаць, што доктар навук, вядомы крытык Вячаслаў Рагойша і цудоўны паэт Казімір Камейша і сёння ганарацца тым, што іх, маладых, заўважыў сам Крапіва.

— Васіль Аляксандравіч, давай вернемся да асабістага. Не будзем манернічаць: 65 — узрост дастойны, шаноўны. Час азірнуцца назад, магчыма, узважыць зробленае, ацаніць тое, што яшчэ наперадзе.

— Зразумела...  Я журналіст. Большасць маіх калег не напісалі ніводнай кнігі, у мяне іх больш за 30, каля 500 нарысаў. Я ведаю, што надоўга застануцца ў людской памяці мае казкі «Дзед Манюкін не салжэ», «Дзед Манюкін і ўнукі». Дарэчы, у гэтым годзе выйдзе выбранае з гэтага — дзве кніжкі ў адной. Доўгае жыццё прарочу аповесці «Вунь чурылавец пайшоў» — нетрывіяльная, на мой погляд, рэч.

Многа задум яшчэ не здзейснена. Яны цікавыя па сваёй сутнасці, і спадзяюся на Бога, каб ён адпусціў мне гадкоў з пяць на мае планы.

Я ўжо збіраюся ў сваё Чурылава, і нават наказаў, паводле Пысіна:

Я гляджу на чорнае курганне,

На траву, на рыжых мурашоў:

Ведайце, калі мяне не стане,

Я ў сваё Чурылава пайшоў.

Не ў сваю дывізію, зразумела, як Аляксей Пысін, яе ў мяне няма. А ў сваё Чурылава. Там я даводжу да ладу бацькоўскі дом. Каб можна было больш-менш камфортна жыць, нешта тварыць. Ну, і вясковыя могілкі ў нас блізка, а там і маё месца.

На малую радзіму езджу часта. 1 верасня будзе юбілей Уздзенскай сярэдняй школы імя Пушкіна. Запрошаны многія выпускнікі маіх часоў, у тым ліку былы мэр Мінска Аляксандр Герасіменка, яго сястра Людміла — доктар медыцынскіх навук, а яшчэ доктар матэматычных навук Васіль Бернік, які чытае лекцыі ў Кембрыджы, выязджае па запрашэннях у Германію, ЗША, Кітай. Будуць вельмі цёплыя сустрэчы. Для мяне гэтыя людзі, гэтая зямля — дарагія. Яе водарам дыхалі многія знакамітыя пісьменнікі-землякі: мой аднавясковец Алесь Якімовіч, драматург Алесь Махнач, які адкрыў для мяне імя нашага папярэдніка па літаратуры Фадзея Булгарына, таксама натхнёнага некалі уздзенскімі краявідамі, і шмат хто яшчэ з майстроў пяра.

Колішні дырэктар Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Анатоль Папко ў свой час сказаў, што ў нашым музеі мы павінны захаваць памяць аб усіх літаратарах, пачынаючы ад Фадзея Булгарына і заканчваючы Васілём Шырко. Я тады быў самы малады. Цяпер з’явілася цэлая плеяда яшчэ маладзейшых. І слава Богу, што уздзенская зямля не бяднее на таленты…

Гутарыў Мікалай КАРОЛЬ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter