Ніякая не пякучка! У жыцці вядомы пісьменнік Кандрат Крапіва быў вельмі чулым і сямейным чалавекам, які любіў шахматы, аўсяны кісель і сваю пішучую машынку.

“Дыпламаванага барана”, “Дзеда і бабу”, ды іншыя байкі Крапівы сёння ведаюць і малыя, і вялікія. Надта ж яны вострыя і актуальныя! Па-ранейшаму хапае ў нашым жыцці і дыпламаваных бараноў, і махальнiкаў iвановых, i саманадзейных коней. А вось што мы ведаем пра самога байкапісца, акрамя скупых біяграфічных звестак, змешчаных у школьным падручніку? Ды што там падручнікі... Ніхто не раскажа лепш пра Крапіву, як яго родныя. Напрыклад, унучка Алена Атраховіч, якая больш за палову жыцця правяла побач з вядомым дзедам.

“Дыпламаванага барана”, “Дзеда і бабу”, ды іншыя байкі Крапівы сёння ведаюць і малыя, і вялікія. Надта ж яны вострыя і актуальныя! Па-ранейшаму хапае ў нашым жыцці і дыпламаваных бараноў, і махальнiкаў iвановых, i саманадзейных коней. А вось што мы ведаем пра самога байкапісца, акрамя скупых біяграфічных звестак, змешчаных у школьным падручніку? Ды што там падручнікі... Ніхто не раскажа лепш пра Крапіву, як яго родныя. Напрыклад, унучка Алена Атраховіч, якая больш за палову жыцця правяла побач з вядомым дзедам.

А на трэцяе — байка з гарбатай

— Магчыма, большасць успрымае Кандрата Крапіву як нейкую старажытнасць — чалавек нарадзіўся ў пазамінулым стагоддзі! — разважае Алена Ігараўна. — Мне ж здаецца, ён жыў учора. Калі не стала Кандрата Кандратавіча, уся сям’я адчула нейкую пустэчу. Дзядуля быў моцным полымем, якое яднала вакол сябе і блізкіх, і далёкіх сваякоў.
Была ў Крапівы звычка збіраць пасля вячэры родных на сямейнае чытанне. Асабліва, калі напісаў штосьці новае.
— Дзядуля не расказваў загадзя, над чым ён працуе, — успамінае Алена Атраховіч. — Мы бачылі, што ён піша, але што менавіта, не ведалі, не было прынята пытацца. Чакалі, калі ён раскажа сам. Памятаю, калі п’еса ці байка былі завершаны, ён запрашаў хатніх — дзяцей, унукаў — за круглы стол. Ён чытаў, а мы пілі гарбату і рабілі ў блакнотах занатоўкі, бо пасля прачытання ішло абмеркаванне. Ён сам так хацеў. Для Кандрата Кандратавіча была вельмі важнай жывая рэакцыя слухачоў.

Трафейны “ноўтбук”

Кандрат Крапіва прытрымліваўся распарадку дня. І не вельмі любіў выхадныя, калі гэты распарадак рушыўся. Цэлы дзень у яго быў распісаны. Прыязджаў з працы з Акадэміі навук, вячэраў, адпачываў з гадзіну і сядаў за пісьмовы стол. Працаваў да гадзіны-дзвюх ночы, а зранку — зноў на працу. Ён любіў пісаць уначы, гэта быў час, калі ніхто не мог перашкодзіць: і сям’я, і горад спалі.
Ён не быў з тых пісьменнікаў, якім падавай для творчасці кубак якаснай кавы ці імпартную ручку.  Проста любіў рэчы, якія дапамагалі яму ў рабоце: простыя стол, лямпу, мармуровую чарнільніцу, якія пераязджалі разам з ім з месца на месца. І, безумоўна, пішучую машынку, нямецкую трафейную “Fortuna”. На ёй Кандрат Кандратавіч друкаваў усе свае творы. З ёй — і ў санаторый, і на дачу. Усюды з сабой браў, як мы зараз ноўтбукі. Жонка яго  Алена Канстанцінаўна нават чахол для яе спецыяльны пашыла. Машынка тая і сёння ў добрым стане. Зараз прапраўнук Кандрата Крапівы Глеб вучыць па ёй літары. Дарэчы, хлопчык вельмі падобны да свайго прапрадзеда — русымі валасамі, блакітнымі вачамі і нават паставай.
— Дзядуля наогул у побыце быў вельмі сціплы, нават аскетычны, — расказвае Алена Атраховіч. — Не было ў яго асаблівых пераваг ні ў рэчах, ні ў стравах. Ён па-вясковаму ўсё еў з хлебам і вельмі любіў суп з капусты і аўсяны кісель. Гэта былі для яго далікатэсы, лепшыя за нейкую ікру ці імпартную каўбасу, якія, у прынцыпе, Крапіва мог сабе дазволіць. А з рэчаў вельмі даражыў лістамі, асабліва ад свайго сына, які загінуў пад Сталінградам. Беражліва і з павагай адносіўся да кніг. Барані бог кінеш кнігу на падлогу ці не паставіш на месца. А каб старонку загнуць! Пра гэта нават гаворкі не магло быць.

Тэлефонную кнігу — на памяць

Кандрат Крапіва перажыў некалькі войнаў. Але і ў 90 адчуваў сябе досыць дужым. Ён не ведаў, што такое галаўны боль, і да самай смерці валодаў фенаменальнай памяццю. У Крапівы ніколі не было запісной тэлефоннай кніжкі. Усе нумары ён ведаў на памяць і яго родныя, як успамінае Алена Атраховіч, не раз гэтым карысталіся. Замест таго, каб зазірнуць у даведнік — беглі да дзеда.  Адзінае — падводзіў Кандрата Кандратавіча зрок. Таму часам прыходзілася дапамагчы яму надрукаваць тое-сёе. Але Крапіва да ўсяго адносіўся спакойна і з гумарам.
— Памятаю, было яму пад восемдзесят, калі пачалі  ўзнікаць  праблемы са здароўем, — расказвае ўнучка пісьменніка. — Давялося дзядулю паляжаць у бальніцы. Прыйшла я яго наведаць, кажу: не сумуй, хутка выпішашся. Дык ён нават пасмяяўся: “Алёнушка, я столькі перажыў у сваім жыцці, што там бальніца!” А яшчэ дадаў: “Ведаеш, што цікава, першы раз у гады першай сусветнай ляжаў, а другі цяпер, калі восемдзесят”. Гумар часта яго выратоўваў. Але нельга сказаць, што мы  ўвесь час смяяліся... Хутчэй, наадварот, часцей ён быў задуменны і спакойны. Проста заўсёды ўмеў трапна і да месца сказаць нешта востранькае. 

Ёршыкі, рыжыкі ды пешкі

Крапіва стараўся быць у курсе ўсіх сямейных навін, стараўся ўсім дапамагчы. Пакліча ў кабінет: “Ну, расказвай...” І адпачываць любіў з сям’ёй. У санаторый, на дачу ў Ждановічы, у паездку па Прыбалтыцы — усё з роднымі.
— Любіў у грыбы з сям’ёй ездзіць, — успамінае Алена Ігараўна. — Як паедзем — дык цэлы багажнік рыжыкаў і набяром. А яшчэ — на рыбалку.
Ён не быў заўзятым рыбаком. Але пасядзець з вудачкай любіў. Браў нас, сваіх унукаў, і мы  ішлі на Мінскае мора. Ён ідзе наперадзе, вуды з вёсламі на плячах нясе, а мы побач бяжым — у яго была такая лёгкая шырокая хада... Сядаем у лодку і ловім. Нам ён таксама зрабіў маленькія вуды. Праўда, якая там рыбалка — наловім нейкіх ёршыкаў, — усміхаецца Алена Ігараўна, — але радасці было мора.
Было ў Крапівы і яшчэ адно хобі, самае галоўнае — шахматы. Ён любіў не проста пагуляць, але парашаць складаныя шахматныя задачы, вывучаў спецыяльную літаратуру. І ўнучку Алену навучыў іграць, і праўнучку Вару. Хоць апошняя і была яшчэ маленькая, без праблем асвоіла гэту гульню. Дагэтуль Варвара захоўвае дарожны шахматны набор, які падараваў ёй прадзед. Дарэчы, так атрымалася, што менавіта яна і натхніла Кандрата Кандратавіча на стварэнне яго апошняй і адзінай дзіцячай кніжкі “Загадкі дзеда Кандрата”.
— Яму было амаль 90 гадоў, — успамінае Алена Атраховіч. — Дзяўчынка штодзень бегала да дзядулі — так яго называла. Яны вельмі сябравалі, расказвалі адзін аднаму цікавыя гісторыі, гулялі “ў словы”. Кандрат Кандратавіч выдумваў для яе загадкі, а пасля і цэлую кніжку напісаў.

Адказная пакупка

Дарэчы, кніга вытрымала ўжо і перавыданні — настолькі яна аказалася папулярнай. Дарэчы, як і сам Крапіва.
— Народ ведаў і любіў Кандрата Кандратавіча, — гаворыць Алена Ігараўна. — Памятаю такі выпадак. Сапсавалася ў дзядулі электрабрытва. І ён папрасіў майго мужа Анатоля — той тады быў зусім малады — пайсці ў краму купіць новую. Анатоль вельмі хваляваўся, так яму хацелася дагадзіць Кандрату Кандратавічу. І, прыйшоўшы ў электрааддзел, прагаварыўся прадаўшчыцы, што збіраецца  купляць брытву для Кандрата Крапівы. Тая расхвалявалася, замітусілася: “Як?! Для самога Кандрата Крапівы?” Паклікала загадчыцу, тая яшчэ кагосьці... Выбіралі брытву для Крапівы, — усміхаецца Алена Атраховіч. — Брытву, дарэчы, сапраўды выбралі добрую. Яшчэ шмат гадоў служыла яна пісьменніку.
Любяць Крапіву і сёння. Дашкаляты з бацькамі зачытваюцца яго загадкамі. Школьнікі з радасцю вывучаюць яго байкі, якія так хутка і лёгка запамінаюцца. Тэатралы з задавальненнем глядзяць бессмяротную п’есу “Хто смяецца апошнім”. А моладзь у кампаніі нават спявае яго байкі пад гітару...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter