«Ніякай тайны – трэба працаваць. Толькі з веданнем справы»

УПЕРШЫНЮ з Юзэфам КАСЦЮКОМ і яго жонкай Аксанай давялося пабачыцца пару гадоў таму назад на інвестыцыйным форуме ў Докшыцах. У зале кінатэатра «Іскра» была арганізавана выстава прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў і сельгасарганізацый, а таксама фермерскіх гаспадарак. Наведвальнікі тоўпіліся ля стала з таблічкай ФГ «Лайкпол-Агра», дзе прадстаўнічы мужчына ў шыкоўным касцюме, пры гальштуку і прывабная, модна апранутая кабета частавалі ўсіх сакавітымі скрылькамі дыні. Адразу падумалася: «Адкуль тут узяўся паўднёвы прадукт, ды яшчэ не ў сезон? Яўна, што дастаўлены здалёку». Услых сваю зацікаўленасць агучыў чалавек з каўказскім акцэнтам: — Адкуль дыні? — Свае! — Не дурыце галаву. Я з Азербайджана, і то яшчэ там іх няма. — А я — з вёскі Крукаўка, што ля Докшыц. Прыязджайце, возьмеце прама з градкі! — запрасіў да сябе гаспадар тавару…

Жыхар Польшчы Юзэф Касцюк разам з беларускай жонкай Аксанай наладзіў эфектыўную фермерскую гаспадарку ў докшыцкай вёсцы Крукаўка

УПЕРШЫНЮ з Юзэфам КАСЦЮКОМ і яго жонкай Аксанай давялося пабачыцца пару гадоў таму назад на інвестыцыйным форуме ў Докшыцах. У зале кінатэатра «Іскра» была арганізавана выстава прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў і сельгасарганізацый, а таксама фермерскіх гаспадарак. Наведвальнікі тоўпіліся ля стала з таблічкай ФГ «Лайкпол-Агра», дзе прадстаўнічы мужчына ў шыкоўным касцюме, пры гальштуку і прывабная, модна апранутая кабета частавалі ўсіх сакавітымі скрылькамі дыні. Адразу падумалася: «Адкуль тут узяўся паўднёвы прадукт, ды яшчэ не ў сезон? Яўна, што дастаўлены здалёку». Услых сваю зацікаўленасць агучыў чалавек з каўказскім акцэнтам: — Адкуль дыні? — Свае! — Не дурыце галаву. Я з Азербайджана, і то яшчэ там іх няма. — А я — з вёскі Крукаўка, што ля Докшыц. Прыязджайце, возьмеце прама з градкі! — запрасіў да сябе гаспадар тавару…

Дыні – гэта хобі

ПАСЛЯ, ужо ў больш спакойнай абстаноўцы, Юзэф і Аксана Касцюкі, гаспадары сумеснага беларуска-польскага прадпрыемства «Лайкпол-Агра», растлумачылі: у іх 1800 квадратных метраў цяпліц, дзе і вырашчана дыня. Але ягада гэтая — не асноўнае. Як бы хобі. А займаюцца яны на 175 гектарах зямлі малінай, клубніцамі, чорнай парэчкай, чарнаплоднай рабінай, гуркамі, памідорамі, перцам, зернем, бульбай. На 3,3 гектара пасаджаны яблыневы сад. Ёсць невялікая жывёлагадоўчая ферма.

І вось — новая сустрэча. Офіс Касцюкоў, а дакладней звычайная вялікая сялянская хата, дзе яны і жывуць, знаходзіцца ўсяго за некалькі дзясяткаў метраў ад шасэйнай дарогі Глыбокае—Докшыцы. Яго «аблажылі» легкавыя аўтамабілі, якія загружаліся вёдрамі з буйнымі свежымі клубніцамі. Гандаль вёўся проста ў двары.

— Гарачая пара, — тлумачыць Юзэф. — Самы збор ягад.

Запрасіў у дом. На стале побач з камп’ютарам свежы нумар «Белорусской нивы».

— Наша любімая газета і дарадчыца, — заўважае ён, прасачыўшы за маім позіркам. — Шмат каштоўнага і перадавога чэрпаем з яе. Нядаўна вось добра пра вопыт гродзенскіх бульбаводаў, сына і бацькі, напісалі. Еду ў Польшчу, заўсёды вязу з сабой свежыя нумары «Белорусской нивы», каб паказаць там калегам і сябрам. Перадайце нашу асабістую падзяку калектыву газеты.

Потым, за кубкам кавы, Юзэф паведаў пра сваю фермерскую гаспадарку.

«Дзякуй Іосіфу Палачаніну»

САМ Юзэф Касцюк па нацыянальнасці паляк. Вясковы хлопец, родам з Люблінскага ваяводства.

— Бацькі мелі кавалак зямлі, і з шасці год я пасвіў жывёлу, — пачаў ён свой сказ. — Прывык змалку да сялянскай працы і таму, не задумваючыся, выбраў для набыцця вышэйшай адукацыі Варшаўскую сельгасакадэмію. Хаця на той час гэта быў даволі смелы і рызыкоўны крок. Справа ў тым, што на галоўны факультэт акадэміі «Агародніцтва», куды паступаў, быў конкурс 10 чалавек на месца. Нават у прэстыжную медыцынскую навучальную ўстанову быў меншы. У выніку з сярэднім балам 4,5 з 5-ці магчымых — прайшоў. Атрымаў належныя веды па гароднінаводству, садаводству, кветкаводству, гадавальнікаводству і эканоміцы працэсаў гароднінаводства. А спецыяльнасць у мяне — інжынер-ягаднік. Лічу, што кожны фермер павінен мець сельскагаспадарчую адукацыю, каб працаваць не інтуітыўна, а з веданнем справы.

Як у мяне ўзнікла ідэя заняцца фермерствам не ў сябе дома, а ў Беларусі? Пачалося гэта з таго, што я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай мінчанкай Аксанай, якая прыехала ў Польшчу на практыку. Неўзабаве мы аформілі адносіны. Жылі ў вёсцы ў маім Люблінскім ваяводстве. Пакрысе Аксана засумавала па Беларусі. Урэшце мы прынялі рашэнне падацца на яе радзіму і заняцца фермерствам. Пачалі шукаць месца. Аб’ездзілі нямала: і паўднёвыя вобласці, і Магілёўскую. І тут чыста выпадкова, напэўна гэта лёс, трапіўся Іосіф Палачанін, які на той час з’яўляўся начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Докшыцкага райвыканкама. Спакусіла нас у яго прапанове не толькі выдзяленне без усялікіх праблем зямлі, але і само яе размяшчэнне: ля асфальтаванай дарогі на Полацк і Мінск, што ў далейшым вельмі паспрыяла рэалізацыі прадукцыі.

Так у 1996 годзе ўзнікла наша сумесная беларуска-польская фірма «Лайкпол», пасля перайменаваная ў фермерскую гаспадарку «Лайкпол-Агра». Заснавальнікі яе — я і жонка, беларуска і паляк!

Спачатку мы заняліся малінай. Было яе ў нас 50 гектараў. Толькі на збор ягады запрашалі да паўтысячы чалавек. Але ў адну зіму, гэта праз год дзесяць, ударылі моцныя маразы, пад мінус 35. Пратрымаліся яны нядоўга, дні два-тры. Аднак гэтага хапіла, каб парасткі вымерзлі. Перайшлі мы тады на чорную парэчку, якой маем 20 гектараў, і клубніцы. Апошнім у нас цяпер найбольшая ўвага.

Ода ягадам

КЛУБНІЦЫ апраўдалі сябе поўнасцю. Найперш асноўным у гаспадарцы быў сорт «дукат», завезены з Польшчы. Сёлета яго плантацыі займаюць 2 гектары.

— Летась закупілі дзесяць тысяч саджанцаў галандскіх сартоў, больш позніх — «вікода», «віматорда» і іншыя, — прадоўжыў гутарку Юзэф Касцюк. — Заклалі тры гектары матачнікаў. Сёлета яны далі ўраджай. Ды яшчэ які! Ягады, як у вас кажуць, ледзьве не па бульбіне. Вельмі важна яшчэ і тое, што названыя сарты клубніц устойлівыя для транспарціроўкі. А гэта дае магчымасць рэалізаваць прадукцыю не толькі на мясцовы рынак, але і пастаўляць на экспарт. У праватнасці, у Маскву. Масквічы прыязджалі да нас самі і праявілі вялікую цікавасць да нашых клубніц. Яны адзначылі высокую якасць прадукту. Прывабіла іх і тое, што ў нас ягада мае мала кантактаў з пяском і што пры вырошчванні мы выкарыстоўваем мінімум хіміі. Маю на ўвазе мікраэлементы.

Для продажу ў нас распрацавана дакладная тэхналогія. Перш за ўсё з чаго я пачынаў — гэта сорт. Другое — збор. Каб яна паступіла свежай да пакупніка, да абеду збіраем, ахалоджваем, рыхтуем. А пасля абеду тавар ужо ў Полацку ці Наваполацку. Для збору клубніц мы запрашаем жыхароў з суседніх вёсак і Докшыц, школьнікаў, студэнтаў. Бывае, да ста чалавек у дзень. Работа гэта не цяжкая. Можна лёгка зарабіць за няпоўны дзень 200—300 тысяч рублёў.

Канечне, у рабоце з клубніцамі мы карыстаемся і набыткамі польскіх ягаднікаў, якія вырошчваюць вялікія аб’ёмы. Але ж у Беларусі людзі вельмі працалюбівыя, і таму раю чытачам «Белорусской нивы» не баяцца шырока займацца гэтым прадуктам. Клубніцы — гэта не бульба, не капуста, не буракі, не морква, дзе трэба прыкласці шмат намаганняў. А пры перанасычэнні рынку тыя ж супербуракі, суперкапуста, суперморква могуць стаць кормам для жывёлы, што і здарылася ў нас два гады таму назад. Затое такой праблемы з клубніцамі ніколі не будзе, таму што яны заўсёды запатрабаваны. Летась мы прадалі іх 17 тон, сёлета — 20 тон.

Асабіста мы не робім ніякай тайны, а, наадварот, імкнёмся дзяліцца вопытам з жадаючымі заняцца гэтай культурай. І хачу сказаць, што чым больш будзе ў нас клубніц, тым лягчэй будзе нам прабівацца з нашым таварам на знешні рынак. Лішні раз аб гэтым сведчыць вопыт той жа Польшчы.

50 працэнтаў поспеху – заслуга жонкі

У БЛІЖЭЙШЫМ будучым плантацыі клубніц у ФГ «Лайкпол-Агра» мяркуюць давесці да 20 гектараў. Столькі ж цяпер і чорнай парэчкі. Яе да мінулага года, як і клубніцы, збіралі ўручную. І тут узнікалі праблемы. Людзі ў Беларусі, дзякуючы намаганням дзяржавы, пачалі жыць багацей. Беднякоў стала мала. А таму зменшылася і жадаючых зарабіць на зборы чорнай парэчкі. Востра паўстала пытанне аб механізацыі гэтага працэсу. Давялося набыць спецыяльны камбайн, аб чым гаспадары не шкадуюць. Больш за тое, разлічваюць прыкупіць яшчэ адзін.

— На жаль, механізаваць збор клубніц вельмі цяжка, бо ягада паспявае няроўна, — гаворыць Юзэф Касцюк. — Тут ніяк не абысціся без ручной працы. А выйсце бачым у наступным. Пару гадоў таму назад мы набылі непадалёку, у Барсуках, будынак старой драўлянай школы, які прызначаўся на знос. Замянілі дах, зрабілі ўнутры перапланіроўку. Атрымаецца нядрэнная турыстычная база. Будзем запрашаць моладзь, студэнтаў сюды на працоўны агратурызм. Акрамя ягаднікаў, у нас ёсць яшчэ гектар памідораў, па пяць гектараў буракоў і морквы, 3,5 — капусты, 28 — бульбы, з іх — 23 гектары ранніх галандскіх сартоў. У 2012 годзе рэалізавалі гародніны на 300 мільёнаў рублёў. Маем і невялікую свінаферму на 100 галоў. Заўсёды можна пакаштаваць розныя мясныя вырабы: вясковы чысты экалагічны прадукт. Ёсць статак коз і, вядома ж, казінае малако.

За ўсёй гэтай немалой гаспадаркай патрэбен немалы догляд. Пастаянных рабочых у нас усяго 6 чалавек. Нароўні з усімі працую я сам і мая жонка Аксана. 50 працэнтаў поспеху нашай фермерскай гаспадаркі — яе заслуга. Яна і бухгалтарскі ўлік правядзе, і жывёлу пакорміць, і коз падоіць, і градкі праполе, і знойдзе яшчэ час на выхаванне двух невялікіх нашых дачок, Яніны і Юліі. А між тым яна нарадзілася і жыла ў горадзе, дачка мінскага архітэктара. Закончыла інстытут культуры, атрымала цудоўную музычную адукацыю. А яшчэ прайшла курсы менеджараў, кіраўнікоў малога прадпрыемства. Вось такая мая Аксана!

І яшчэ, скажу шчыра, што мне вельмі падабаецца жыць і займацца фермерствам у Беларусі. Тут улады не ставяць палкі ў колы, а, наадварот, імкнуцца падтрымаць. Так, кіраўнік вобласці Аляксандр Косінец ухваліў маштабную праграму па вырошчванні ягад у рэгіёне. Ніякіх праблем не ўзнікала ў нас з адвядзеннем зямлі, мінеральнымі ўгнаеннямі. Набылі летась па лізінгу трактар. Докшыцкі філіял “Белаграпрамбанка” фінансаваў два нашыя праекты.

А ўвогуле, ёсць магчымасць — трэба працаваць!

НА ЗДЫМКУ: Аксана і Юзэф КАСЦЮКІ са сваімі і суседскімі дзецьмі.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter