Нітка пакаленняў

Народныя ўмельцы Ганцаўшчыны сёння старажытнае рамяство перадаюць дзецям

Народныя ўмельцы Ганцаўшчыны сёння старажытнае рамяство перадаюць дзецям

За свае дзівосныя ўзоры, вытканыя на кроснах, Ніна Казак і Ульяна Віннік год таму адна за адной атрымалі званне “Народны майстар Беларусі”.

Калі спяваюць кросны

Як толькі ў полі ўся работа была зроблена, дзед Іван уносіў у хату кросны. Пад пільным наглядам бабы Ліды ставіў іх у самым светлым куце сваёй невялікай вясковай хаты, бліжэй да вокнаў, каб святлей было. Штовечар доўгую зіму “спявалі” кросны сваю дзіўную песню. Я з братам разбірала ніткі і раз-пораз паглядала на бабулю: як жа яна спрытна той чаўнок з навітым на цэўку ўтком туды-сюды перакідае, як хуценька бёрдам прыбівае ўточныя ніткі, упэўнена цісне панажы. І ў колерах не саб’ецца, і ва ўзоры не зблытаецца...

Успомніла сваю бабулю, калі ў Ганцавіцкім доме рамёстваў назірала за народным майстрам Беларусі Нінай Казак: жанчына сядзела за кроснамі і засяроджана ткала посцілку — 300 метраў, заказ ад прадпрымальніка, які мае намер арыгінальным вырабам упрыгожыць аграсядзібу.

— Напэўна, мог бы і фабрычную ў магазіне купіць? — пазней спытала я ў Ніны Мікалаеўны.

— Мог бы, — адказала ткачыха. — Ды ў фабрычнай не тая энергетыка была б...

Вось яно — ключавое слова, тое самае, што напаўняе зачараваннем кожную рэч, якая з’яўляецца на свет дзякуючы руплівым і майстравітым рукам Ніны Мікалаеўны. Жанчына вельмі гарманічна глядзіцца за ткацкім станком. Хоць на двары ХХІ стагоддзе, але кросны ў інтэр’еры Дома рамёстваў не выглядаюць чымсьці архаічным.

Колькі сябе памятае, Ніна Мікалаеўна займаецца рамяством. Спачатку на падручных работах была ў сваёй маці — Марыя Трафімаўна ткала хутка і прыгожа, дачку да кроснаў з малых гадоў прывучала. Потым сама села ткаць, пазней ужо сваю дачку Наталлю рамяству вучыла, цяпер вось унучцы сакрэты майстэрства перадае.

Радуецца Ніна Мікалаеўна: не памрэ рамяство! Вось і на выставах, фестывалях  ды конкурсах апошнім часам усё больш і больш маладых ткачых з’яўляецца. На тым жа фэсце рамёстваў у Мінску “Вясновы букет”, на “Палатняных пераплётах”, што сёлета ў Віцебску на “Славянскім базары” праходзілі, ого-го якая была канкурэнцыя!

Карані майстэрства

Дружара — гэта сямейная палавінка Ніны Мікалаеўны, муж Станіслаў Фёдаравіч. Трэба сказаць, чалавек майстравіты: і печ скласці можа, і ткацкі станок зрабіць, і сталярку розную. Для сваёй Мікалаеўны ён — сябар па жыцці. Станіслаў Фёдаравіч першым 14 год таму падтрымаў жанчыну, калі яе запрасілі на працу метадыстам па ткацтве ў Дом рамёстваў. Яна вагалася: а ці хопіць майстэрства, каб іншых вучыць? Сумнявалася, бо на працу трэба ў райцэнтр ездзіць. Суседкі таксама падбадзёрылі — усёй вясковай вуліцай угаворвалі згадзіцца на прапанову. Так спрадвечны навык вясковай жанчыны стаў яе галоўным заняткам на ўсё жыццё.

Сяброўка Ніны Казак і калега па рабоце ў Доме рамёстваў Ульяна Віннік таксама родам з Хатынічаў. Цяпер народны майстар Беларусі жыве ў вёсцы Боркі. Ткаць, вышываць, вязаць — усё ўмее Ульяна Пятроўна.

— З малых год мне хацелася рукадзеллем займацца, — расказвае жанчына. — Памятаю, маладая была, сяджу на печы, узор прыдумляю, потым яго намалюю і ткаць ці вышываць кідаюся. Зробіш адну рэч, хочацца хутчэй за наступную ўзяцца.

Кросны ў доме Ульяны Віннік таксама звыклы прадмет інтэр’ера. За імі яна і адпачывае, і творыць. Куды прыедзе — найперш бяжыць шукаць, дзе ніткі прадаюць. Жанкі нават жартуюць з яе, ды Ульяна Пятроўна не крыўдуе: калі сэрца да нейкай справы ляжыць, дык чалавек жа ўвесь ёй аддаецца. Асабліва ж праславілася майстрыха сваімі ручнікамі — і тканымі, і вышыванымі. Колькі іх зрабіла — хіба хто падлічыць? Калі б скласці ўсе — дык, напэўна, у дзясяткі, а можа, і ў сотні кіламетраў атрымалася б тая ручніковая сцяжынка. І ў музеях па ўсёй Беларусі работы Віннік ёсць, і ў далёкім ды блізкім замежжы. Часта заказваюць ёй вясельныя ручнікі.

— Вясельны ручнік павінна ткаць толькі адна ткачыха, аніякіх памагатых, — тлумачыць Ульяна Пятроўна. — Гэта каб маладыя толькі адзін у аднаго былі ўсё жыццё. Узоры выбіраюць спецыяльныя, дзе шмат сімвалаў жыцця, прадаўжэння роду, заможнасці. Штосьці маці мне перадала, нешта ў аднавясковак падгледзела, нечым на семінарах ды фэстах жанкі з розных куточкаў Беларусі падзяліліся.

Таямнічы ўзор

Між іншым, калі вы засталі б Ульяну Віннік у звычайным вясковым асяроддзі, то здзівіліся б, якая яна ўвішная гаспадыня. У гаспадарцы і карова, і свінні, і куры. Агарод зноў жа ўвагі патрабуе. Не ўтрывала, пытаюся:

— А муж вас да кроснаў, нітак ды іголак не раўнуе? Вунь вы — то ў Мінск, то ў Брэст, то ў Віцебск...

Ульяна Пятроўна смяецца:

— Дык ён жа мне сам часта кампанію складае — мы з Аляксандрам Дзям’янавічам разам у самадзейнасці спяваем.

...Блакітны, чырвоны, бардовы, ружовы... Гэта ж трэба так падабраць колеры, так пераплесці нітачкі, каб узор атрымаўся такі, што вачэй адвесці нельга!

Работамі Ніны Казак і Ульяны Віннік захапляюцца наведвальнікі музеяў, выстаў, “Гарадоў майстроў” на розных фэстах, святах ды кірмашах. А колькі захопленых водгукаў ад калег па ткацкім цэху! Але не дзеля дыпломаў ды званняў шчыруюць ткачыхі. Яны ўсім сэрцам любяць хараство, душой прыкіпелі да рамяства. У Доме рамёстваў народныя майстры Беларусі Ніна Казак і Ульяна Віннік вучаць дзяўчынак і нават хлопчыкаў прыгажосці ткацтва, адмысловасці арнаменту, гармоніі каларыту. Бо гэта традыцыі іх краю, культура іх народа, тая нітачка часу, што яднае пакаленні, каб не згубіліся ў іншай культуры, не страцілі сваёй адметнасці. І каб там, у будучыні, абавязкова знайшліся рукі, якія будуць ткаць дзівосныя ўзоры роднай Беларусі.

Ганцавіцкі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter