Ні межаў, ні мытняў — і гэта выдатна...

Народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін, які нядаўна адзначыў 70-годдзе, расказаў пра свае лепшыя ролі, пра здымкі ў серыялах і пра тое, чаму ён не любіць сучасныя фільмы

Галоўнае — адносіны

— Уладзімір Васільевіч, вы часта негатыўна адгукаецеся пра расійскі кінематограф. Чаму ён вам не падабаецца?

— Кіно сёння становіцца атракцыёнам, забавай: маючы вялікую колькасць тэхналогій, страчвае акцёрскую арганіку, найглыбейшы псіхалагізм перажыванняў, складанасць чалаве­чых узаемаадносінаў.

Адыходзіць страсны кінематограф, лепшыя ўзоры якога мы бачым у савецкім кіно. Вядома, і тады была маса кан’юктурных вырабаў, але я гавару пра карціны, якія стваралі знакамітыя рэжысёры. Іх фільмы можна глядзець бясконца: трапляеш, напрыклад, на “Вайну і мір” Бандарчука або “Ціхі Дон” Герасімава — і не можаш адарвацца. А фільмы-атракцыёны больш за адзін раз не паглядзіш.

— Нядаўна вы прадстаўлялі фільм “Вока за вока”, у якім сыгралі адну з галоўных роляў. Што для вас значыць гэтая работа?

На здымках фільма “Ёлкі 1914”

— Гэта апошні шэдэўр выдатнага майстра Генадзя Палокі. Фільм зняты паводле аповесці Барыса Лаўранёва “Сёмы спадарожнік”. У аснове сю­жэта — гісторыя пра белага генерала са знатнага дваранскага роду і махровага бальшавіка, якія аказваюцца ў ролях ахвяры і ката. У часы чырвона-белага тэрору пасля замаху на Леніна па ўсёй Расіі расстрэльвалі былых царскіх службоўцаў. У магілёўскім каменданцкім доме іх расстрэлам загадваў мой герой — акопны служака Кухцін. І раптам паміж гэтым прасцяком-бальшавіком і царскім генералам узнікае сувязь. Інтуітыўна разумеючы, што яны прадстаўнікі аднаго народа, гэтыя два чалавекі становяцца неабходнымі адзін аднаму.

Ідэя яднання была кроўна блізкая рэжысёру: два яго дзяды падчас Грамадзянскай вайны ваявалі ў процілеглых лагерах. “Усё гэта лухта, наноснае, — гаварыў мне Палока на здымках, — галоўнае, чалавечыя адносіны. Знішчаць адзін аднаго — гэта вар’яцтва”.

Мы некалькі разоў прадстаўлялі “Вока за вока” на фестывалях у розных гарадах, двойчы ладзілі паказы ў Маскве, і я бачыў, з якімі ўзрушанымі вачамі людзі выходзілі пасля кінасеанса. Пры гэтым ніякай рэкламы не было, фільм мы знялі ў Беларусі за капейкі. Здымкі спынялі, і мне нават прыйшлося звяртацца па дапамогу да Аляксандра Лукашэнкі. Паглядзеўшы матэрыялы фільма, Прэзідэнт сказаў: “Працягвайце здымаць!”

У серыяле “Дальнабойшчыкі”

Асабісты вадзіцель Дзеда Мароза

— Калі азірнуцца назад, у якіх карцінах вам было цікава здымацца?

— У фільме “Ляўша” Сяргея Аўчарова. Ён здымае прытчы ў форме нейкага ачумелага гратэску. Некаторыя гледачы прызнаваліся, што не адразу “ўязджалі” ў яго стылістыку, але, калі ўжо гэта здаралася, зведвалі ўзрушэнне. Рад, што мне часта выпадала магчымасць здымацца ў такіх карцінах.

Люблю і свае серыяльныя ролі, над якімі доўга працаваў, расстаўляючы псіхалагічныя нюансы. З задавальненнем успамінаю работу ў шматсерыйным фільме “У лясах і на гарах” паводле Мельнікава-Пячэрскага, дзе я сыграў волжскага купца. Рэжысёр Аляксандр Замяцін валодаў матэрыялам, з ім было цікава працаваць. На здымачнай пляцоўцы ўвесь час адчувалася, як ён лепіць характары з гарачага, размятага пластыліну, нягледзячы на жорсткі серыяльны рэжым.

Спадабалася здымацца ў чатырохсерыйнай гісторыі “Доктар Смерць”, дзе я іграў дрэннага хлопца, былога бандыта з 1990-х, які стаў масцітым бізнесменам. Мне быў цікавы гэты характар. Іншая справа, да фіналу аўтары аблегчылі гісторыю, скончыўшы яе стралянінай, а была магчымасць зрабіць так, каб герой нарэшце ўсвядоміў пустэчу мінулага жыцця і пачаў усё з чыстага ліста.

Цікава было працаваць над роляй следчага генпракуратуры ў серыяле “Грамадзянін начальнік-3”. Пра карупцыю ў верхніх уладных пластах толькі цяпер пачынаюць гаварыць, а Генадзь Каюмаў зняў фільм пра гэта яшчэ ў 2005 годзе. Карціну сустрэлі з напружаннем, але мне падабаецца, што яна такая адкрытая і смела гаворыць пра заганы чыноўнікаў.

У ролі дзядзькі Фрола ў фільме “Уласцімір”

— А як вам успамінаецца работа над фільмам “Узыходжанне”?

— Гэты фільм вызначыў мой лёс у кіно. І адбылося ўсё дзякуючы вялікаму рэжысёру Ларысе Шапіцьцы. Усе ведаюць, што я пяць гадоў быў рабочым сцэны ў Тэатры Савецкай арміі, таму што ніхто не даваў мне роляў. Дапамог выпадак — захварэў артыст, і Барыс Марозаў, цяпер галоўны рэжысёр тэатра, увёў мяне ў свой спектакль. І тут Ларыса Шапіцька запрасіла мяне на пробы ў карціну “Узыходжанне” паводле аповесці Васіля Быкава “Сотнікаў”. На ролю Рыбака спрабаваліся Высоцкі і Губенка, але Ларыса зрабіла стаўку на невядомых акцёраў: на мяне і Барыса Плотнікава са свярдлоўскага ТЮГа. Мы адчувалі, што павінны памерці, але сыграць так, як трэба. 

У Берліне наша карціна атрымала “Залатога мядзведзя”. Але на фестываль ездзілі толькі Барыс з Ларысай — мяне не пусцілі, бо выканаўца адмоўнай ролі не мог прадстаўляць савецкае кіно за мяжой. Пасля “Узыходжання” я стаў здымацца ў тэлесерыяле “Хаджэнне па пакутах”. Мяне звалі на работу ўсе тэатры. І Таўстаногаў запрашаў... Але я паехаў у Мінск, у Студыю кінаакцёра, дзе рэпеціраваў галоўную ролю.

— Над чым працуеце цяпер?

— Іграю ролю асабістага вадзіцеля Дзеда Мароза ў адным “атракцыёне” — гэта дзіцячая казка, фэнтэзі. А Дзед Мароз, кіраўнік карпарацыі Дзядоў Марозаў, паміж іншым, Фёдар Бандарчук. Ездзім на “Волзе”, якая лёгка трансфармуецца ў санкі і наадварот. Роля ў мяне амаль без слоў.

На здымках фільма  “Вылечыць страх”

Радзіма: і ў Маскве, і ў Мінску — я ў сябе дома

— На творчых сустрэчах вы любіце чытаць вершы Сяргея Ясеніна. Як вы адкрылі для сябе яго паэзію?

— З творчасцю паэта мяне пазнаёміла мая настаўніца з самадзейнага тэатра. Я стаў чытаць Ясеніна і пра­чытаў усё, што было выдадзена ў той час. Гэты паэт аказаўся мне настолькі блізкім і так глыбока мяжуецца з маім станам душы, што на ўсё жыццё стаў родным.

Добра разумею яго і, калі чытаю са сцэны, адчуваю, як суперажывае зала. Уласна, я не чытаю вершы Ясеніна, я расказваю гісторыі, закладзеныя ў яго вершах: ад асобы млынара, млынарыхі, Прона Аглобліна. Ёсць у нас у Тэатры-студыі кінаакцёра музычна-паэтычная кампазіцыя па паэме “Ганна Снегіна”, якая карыстаецца каласальным поспехам. Я паказваў яе ў Маскве, у Тэатры на Таганцы, дзе нас таксама цёпла прымалі.

У ролі дзядзькі Фрола у фільме “Уласцімір”

— На радзіме ў Екацерынбурзе часта бываеце?

— Тры гады запар вёў там ура­чыстыя вечары “Героі Расіі” — з Валерыем Залатухіным, з Барысам Галкіным. Горад вельмі змяніўся з тых часоў, як я паехаў з яго. Але ёсць месцы, якія засталіся такімі ж. Аднойчы пасля дваццацігадовай адсутнасці я прыехаў да бацькі на юбілей і пешшу іх усе абышоў.

— У Расіі і Беларусі адсвяткавалі Дзень яднання…

— Шчаслівы, што будуем Саюзную дзяржаву. У гэтым для мяне маса пераваг. Асабліва цаню тое, што прыязджаю на сваю радзіму, як да сябе дадому. З паездкамі ніякіх праблем — ні меж, ні мытняў, і гэта выдатна. Але на маю думку, дык лепш за ўсё, калі б мы, як раней, жылі ў адзінай дзяржаве.

— Як адзначылі свой нядаўні юбілей?

— Не пытайце, я ўжо забыў пра гэта.

У фільме “Першы пасля Бога”

На здымках фільма “Падпаручнікъ Рамашоў”

На здымках фільма “Юнкеры”

Ніна Катаева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter