Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Легендарныя Мышкавічы

Мышкавічы: паказальны пасёлак і працавіты аграгарадок

НАЗВА цэнтральнай сядзібы слыннага кіраўскага ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» — Мышкавічы, як сцвярджаюць гісторыкі, паходзіць ад прозвішчаў мясцовых жыхароў Мішыца, Мышка, Мышковічы. 

Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца ў 1506 годзе як велікакняжацкае ўладанне ў Троцкай палове Бабруйскага стараства Вялікага Княства Літоўскага. Мышкавіцкія сяляне займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. З-за частых войнаў Сярэднявечча жыццё ў вёсцы стала затухаць. Як сведчаць дакументы, без гаспадароў пуставалі 13 адмераных надзелаў зямлі.



У сярэдзіне ХVII стагоддзя гетман украінскіх казакоў Багдан Хмяльніцкі ў час вайны з Рэччу Паспалітай накіраваў на Магілёўшчыну казацкія атрады. Да канца існавання Вялікага Княства Літоўскага Мышкавічы, як і навакольныя паселішчы, падпарадкоўваліся цівунам бабруйскіх намеснікаў. 

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) новая дзяржаўная мяжа прайшла па рацэ Друць. Праз два дзесяцігоддзі ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Мышкавічы адышлі да Расійскай імперыі. У ХІХ стагоддзі ўваходзілі ў Качэрыцкую воласць Мінскай губерні і належалі пану фон Гойеру. У 1863 годзе ў прыватным будынку адкрылася царкоўна-прыходская школа, якая да 20-х гадоў мінулага стагоддзя месцілася ў доме святара. Вучыліся ў ёй 60 хлопчыкаў. Заняткі вяліся на роднай мове. 



На брацкай магіле, дзе пахаваны 14 савецкіх воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, усталяваны помнік. Мышкавічы сталі адным з эксперыментальна-паказальных пасёлкаў СССР. У савецкі час за забудову і добраўпарадкаванне адзначаны дыпломам і залатым медалём ВДНГ. 

Штогадова аграгарадок пашырае межы.

ПЕРШ чым адправіцца ў Мышкавічы, павандраваў па кампактным райцэнтры Кіраўск, які раней называўся Старцы. Вуліцы горада накшталт нью-ёркскіх авеню і стрыт перасякаюцца. Праз горад пралягае ажыўленая аўтатраса з Магілёва на Бабруйск. Акуратна дагледжаныя газоны, шматлікія клумбы з пярэстасцю фарбаў асенніх кветак, скверы і сады ствараюць святочную атмасферу.

Галоўны дыспетчар гаспадаркі Валерый БЯЛЯЎСКІ і старшыня сельвыканкама Жанна КАМІНСКАЯ.

На галоўнай плошчы ўзвышаецца помнік Сяргею Кіраву. Насупраць манумента ў скверы — алея з бюстамі слынных землякоў. Сярод іх былыя і добра вядомыя кіраўнікі мышкавіцкага калгаса “Рассвет” — Кірыл Арлоўскі і Васіль Старавойтаў.

З Васілём Канстанцінавічам сустракаўся, а пра Кірыла Пракопавіча шмат чытаў. Менавіта ён — прататып галоўнага героя кінафільма “Старшыня”. У роднай вёсцы Мышкавічы закончыў царкоўна-прыходскую школу, салдатам царскай арміі ваяваў на франтах Першай сусветнай вайны. Служыў у Чырвонай Арміі, а пазней — у органах НК. Змагаўся ў партызанскім атрадзе супраць нямецкіх і польскіх акупантаў і фарміраванняў Булак-Балаховіча. У Вялікую Айчынную вайну ўзначаліў разведвальна-дыверсійную групу НКДБ, якая была закінута на акупіраваную гітлераўцамі тэрыторыю Беларусі і вырасла ў партызанскі атрад «Сокалы». Зімою 1943 года байцы на чале з Арлоўскім знішчылі з засады некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў фашысцкай адміністрацыі.

Поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы Людміла Нічыпараўна ПАЛЕВІЧ.

Пасля вызвалення Мышкавіч ад ворагаў Арлоўскі звярнуўся да Сталіна з просьбай узначаліць калгас у роднай вёсцы. За чвэрць стагоддзя старшынёўства Кірыл Пракопавіч стварыў буйную шматгаліновую гаспадарку.

СЯРОД ушанаваных на Алеі герояў і іншыя прадстаўнікі слыннага сельгаспрадпрыемства. Як і на Дошцы гонару сярод сённяшніх перадавікоў раёна — мышкавіцкія жывёлавод Алена Дзікарэвіч, механізатар Іван Салановіч, вадзіцель Аляксандр Бабіч. Ёсць там і фотапартрэт Аляксандра Сухадольскага, які паўгода таму ўзначальваў заатэхнічную службу гаспадаркі, а зараз — першы намеснік старшыні Кіраўскага райвыканкама.

Эканаміст Анастасія СІБІРКОВА з дачкою Ксеніяй і мужам Аляксандрам Міхайлавічам.

Сустрэліся з ім у працоўным кабінеце. Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што клопатаў дадалося, маштабы дзейнасці пашырыліся. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі прайшоў багатую практычную школу ў мышкавіцкай гаспадарцы, якую ён лічыць вытворчым лакаматывам сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. Тут вырабляецца трэцяя частка сельгаспрадукцыі раёна. У вытворчых падраздзяленнях гаспадаркі пастаянна ўдасканальваецца тэхналагічны працэс, што дае магчымасць высокаэфектыўна развівацца і быць прыкладам для іншых.

Цікава было слухаць пра сённяшнія справы гаспадаркі, якая дзесяцігоддзямі грымела славай. На ўсталяванай адзінай на прасторы краін СНД біягазавай устаноўцы з адыходаў вытворчасці вырабляецца электраэнергія і пастаўляецца ў агульную сетку. Вытворчая дзейнасць кааператыва разнапланавая. Акрамя асноўнай прадукцыі — малака і мяса, на спажывецкі рынак пастаўляюцца рыба, гародніна, садавіна. Дзейнічае свой санаторый. Галоўнае, на думку Аляксандра Сухадольскага, што ў сельгаспрадпрыемстве ёсць каму працягваць справу бацькоў. Калектыў пастаянна абнаўляецца маладымі кадрамі.

Трактарыст Уладзімір НЕСЦЯРОВІЧ.

З РАЙВЫКАНКАМА накіраваўся па вуліцы ў бок Мышкавіч, якія ў некалькі кіламетрах ад райцэнтра. На ўскрайку горада мурожная сцяжынка прывяла да крынічкі, што бруіцца паміж узвышшамі да рэчкі Ала. Густыя шаты высокіх дрэў вартаўнікамі ахоўваюць гаючы выток. Некалькі глыткоў халоднай вадзіцы прыдалі бадзёрасці. 

Каля крынічкі сустрэліся са старшынёй Мышкавіцкага сельвыканкама Жаннай Камінскай. На старэнькім легкавіку адправіліся вандраваць па аграгарадку. Расказала Жанна Аляксееўна, што пасля заканчэння сярэдняй школы з залатым медалём мела выбар свайго будучага. Пайшла па слядах бацькі — агранома з Вілейшчыны Аляксея Папковіча. Пасля заканчэння аграфака Белдзяржсельгасакадэміі размеркавалася ў Кіраўскі раён. Маладому аграному даручылі доследныя дзялянкі ў калгасе “Рассвет імя К. П. Арлоўскага”, дзе выпрабоўваліся розныя сарты сельгаскультур. Выйшла замуж. Маладая сям’я атрымала жыллё. Жанна Аляксееўна ўзначаліла агранамічную службу гаспадаркі. Потым кіравала суседнім калгасам імя Кірава. Дзесяць гадоў была старшынёй Паўлавіцкага сельвыканкама. Лёс вярнуў яе ў Мышкавічы, дзе кожнага жыхара добра ведае.

Механізатар Аляксей ЮРКАВЕЦ.

Забудаваны паўвека таму па генеральным плане архітэктара Т. Галіёта жылы пасёлак захаваў прывабнасць. Аўтадарога з Кіраўска пераходзіць у вуліцу, паабапал якой кампактна выстраіліся двухпавярховыя жылыя дамы з палісаднікамі. Агароды мяжуюць з шырокім полем. Цэнтр аграгарадка ўпрыгожвае шыкоўны Палац культуры. Побач з ім на плошчы ўзвышаюцца адміністрацыйны будынак праўлення акцыянернага таварыства, атэль, гандлёвы цэнтр. Прыгожа глядзяцца дэкаратыўны фантан і мемарыяльная стэла. Усталяваны помнік першаму старшыні калгаса “Рассвет імя К. П. Арлоўскага”.

Ля кожнага жылога дома — утульныя ўнутраныя дворыкі з азелянёнымі пляцоўкамі для адпачынку. Будынкі аздоблены чорным і чырвоным гранітам, што стварае выразны сілуэт забудовы. Усе вуліцы заасфальтаваныя. На ўскрайку зона адпачынку са штучным вадаёмам, вакол якога добраўпарадкаваная набярэжная. Падпіраюць неба стромкія дрэвы парку, за якім размешчаны стадыён. Арыгінальны будынак дзіцячага садзіка. Пабудаваны ён па праекце архітэктара Заблоцкага.

Настаўнік Іван КАМІНСКІ з навучэнцамі на ўроку фізкультуры.

У ЦІХІМ куточку з-за высокіх дрэў віднеецца школьны будынак, узведзены, дарэчы, на сродкі Кірыла Арлоўскага. Двор патанае ў зеляніне дрэў і больш падобны на санаторый. З 1952 года школа стала сярэдняй. Узначальвае педкалектыў Святлана Шчэрбіч. На стадыёне заняткі па фізкультуры з вучнямі пятага класа праводзіў настаўнік Іван Камінскі. Ад дырэктара даведаўся, што сёлета атэстаты сталасці атрымалі 11 выпускнікоў, а ў першы клас прыйшлі 24 хлопчыкі і дзяўчынкі. З гэтага навучальнага года старшакласнікі ў Жыліцкім аграрным каледжы атрымліваюць прафесію садавода.

Многія працаўнікі гаспадаркі жывуць у сваіх дамах. Шмат у Мышкавічах двухпавярховых катэджаў. Анастасія і Аляксандр Сібірковы двухпавярховы дом прыватызавалі. Пасадзілі сто яблынек на падворку, свой агарод маюць. Падрастае ў іх дачка Ксенія. Анастасія Мікалаеўна працуе эканамістам, а муж Аляксандр Міхайлавіч — аграномам у цяпліцы.

ЗАВІТАЛІ да поўнага кавалера ордэна Працоўнай Славы Людмілы Палевіч. З кавенькай у руках сустрэла яна нас у ганку. Зайшлі ў кватэру, і пачаліся ўспаміны. З роднага Клічаўскага раёна маладая сям’я Палевічаў пераехала амаль 60 гадоў таму ў Мышкавічы.

Дырэктар сярэдняй школы Святлана ШЧЭРБІЧ з вучнямі старэйшых класаў.

Памятае гаспадыня першую сустрэчу з Кірылам Арлоўскім. Да маладой пары старшыня паставіўся паважліва, быў задаволены, што прыехалі ў калгас. Нарадзіліся сын і дачка. Людміла Нічыпараўна перайшла з паляводства на жывёлагадоўчую ферму. Узяла групу першацёлак. Уручную раздойвала іх. Кірыла Арлоўскага запомніла як строгага кіраўніка, але справядлівага. Ён клапаціўся, каб у калгаснікаў былі вартыя ўмовы працы і адпачынку, добрыя заробкі. Звычайна прыязджаў на ферму да ўзыходу сонца. Узгадала былы жывёлавод, што даілі і даглядалі кароў уручную. Пасля вячэрняй дойкі збіраліся ў калгасным клубе на рэпетыцыі хору пад кіраўніцтвам Валянціны Яўстратавай.

Трыццаць гадоў даіла кароў Людміла Палевіч. Першы ордэн Працоўнай Славы ёй уручалі на ферме ў 1975 годзе. Праз год атрымала другі. А трэці ордэн Працоўнай Славы заззяў на грудзях у 1986 годзе, калі ад кожнай з 25 кароў групы надаіла па 6600 кілаграмаў малака. Сама і даглядала сваіх каровак. Кашамі насілі сілас, буракі. Бюст поўнага кавалера ордэна Працоўнай Славы Людмілы Палевіч усталяваны на Алеі Герояў у Кіраўску.

Медсястра Вольга ЗАРУБАВА і загадчыца ФАПа Святлана ЮРКАВЕЦ.

Мінулым летам кіраўніцтва гаспадаркі віншавала яе з 80-годдзем. За святочным сталом сабраліся дзеці, унукі. Да аўдавелай суседкі пасватаўся таксама аўдавелы Іван Бяляўскі. 44 гады адпрацаваў ён на трактары. Адзначаны медалём “За працоўную доблесць”. Падумалася, што разам ім лягчэй.

МОЛАДЗЬ поўніць калектыў гаспадаркі. Толькі па расказах ведаюць маладыя пра былых кіраўнікоў. Галоўны дыспетчар Валерый Бяляўскі, бацька якога Міхаіл Іванавіч быў першым намеснікам у Кірыла Арлоўскага, памятае легендарнага старшыню, які неаднойчы бываў у іх доме.

Бабуля механізатара Уладзіміра Несцяровіча расказала ўнуку, як адбудоўвалі Мышкавічы пасля вайны. У спадчыну яму дастаўся дом бабулі. Адрамантавалі яго. Уладзіміра Ігаравіча сустрэлі ў садзе, дзе на трактары МТЗ-82 адвозіў сабраныя яблыкі ў сховішча. Пасведчанне механізатара атрымаў у Кіраўскім прафтэхліцэі. Адслужыў у арміі і вярнуўся ў родныя Мышкавічы. Пасля школы застаўся працаваць механізатарам у гаспадарцы і Аляксей Юркавец. Сваё будучае яны бачаць толькі ў родных мясцінах. Інакш і быць не можа. Тут створаны ўсе ўмовы для жыцця і працы.

Слесар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Юрый КУЧЫНСКІ.

З дыпломамі медыкаў вярнуліся дамоў і працуюць на ФАПе загадчыцай Святлана Юркавец і медсястрой Вольга Зарубава. Бацька Вольгі Уладзіміраўны многія гады трэніраваў калгасную футбольную каманду. Пасля яго смерці штогадова праводзіцца футбольны турнір памяці трэнера Уладзіміра Бяляўскага.

Пасля завяршэння вучобы ў Клічаўскім прафтэхкаледжы вернецца дамоў працаваць тэхнікам-механікам Максім Кучынскі. Гаспадарка выплачвае яму стыпендыю. Бацька юнака Юрый Кучынскі працуе слесарам па водазабеспячэнні ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы Мышкавіч. Брат Ігар таксама плануе атрымаць адукацыю і вярнуцца дамоў. 

Ім, маладым, працягваць славу гаспадаркі імя легендарнага Кірыла Пракопавіча Арлоўскага.

Кіраўскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter