Мылі гусi ляпкi...

Апошні па ліку зуб Івану Сымонавічу вырвалі не вельмі ўдала...

Толькі Іван Сымонавіч выйшаў з пад’езда, сеў на лавачку, прыпаліў цыгарэціну і са смакам зацягнуўся, як побач узніклі два вісусы, гадоў па сямнаццаць кожнаму.

— Што, бацька, у цёткі Мані не пасваволіш? — спытаўся смялейшы.

Сымонавіч пыхнуў дымам, усміхнуўся:

— Я, хлопцы, хоць і стары чалавек, а ў гарадскім вашым жыцці нечага не разумею. Як гэта можа быць, што ў прыбіральню ў кватэры ходзіш, а цыгарэту пасмаліць — на вуліцу?

Як толькі да хлопцаў дайшло, што дзед меў на ўвазе, яны зарагаталі так, што аж птушкі з блізкага дрэва ўверх шуганулі, а на другім паверсе адчынілася акно і з яго высунулася ўскудлачаная галоўка дачкі Мані.

— Дзімка, Воўка, чаго, падшыванцы, да чалавека прычапіліся, кыш дахаты. Тата, і ты з дарогі стаміўся, ідзі адпачні.

Некалькімі словамі перакінуўшыся з Маняй, якая пабегла ў садзік за дачкой, стары прылёг на канапу, агледзеўся. Апошні раз у гэтай кватэры, якую яны і дапамаглі дачцэ пабудаваць, ён быў гадоў шэсць таму. Жывая была яшчэ і жонка, Вольга Пятроўна, а Маня была на апошніх месяцах цяжарнасці. Унука ці ўнучку, каго Бог дасць, старыя чакалі з нецярпеннем, засмучала толькі тое, што гадаваць малое дачцэ прыйдзецца адной. «Эх, Маня, ты мая Маня», — цяжка ўздыхнуў Сымонавіч, прыпамінаючы, як недарэчна склаўся лёс дачкі.

У Івана Сымонавіча і Вольгі Пятроўны, настаўнікаў з глухой палескай вёсачкі, яна была адным і познім дзіцём. Бацькі з яе, можна сказаць, пылінкі здзьмухвалі, лашчылі і песцілі, але вырасла з Манечкі, як можна было б чакаць, не нэндза і капрызуля, а на дзіва прыстойны чалавек — ветлівая і памяркоўная, выдатніца ў вучобе. І сапраўдная прыгажуня. Углядаючыся ў яе зграбную постаць, мілы тварык, вялікія блакітныя вочы, Іван Сымонавіч лавіў сябе на думцы, што бачыць у дачцэ палепшаны варыянт сваёй жонкі Вольгі, якая і зараз, у свае сорак з гакам, магла даць фору нават сучасным фотамадэлям. Манечка тым часам скончыла з залатым медалём школу, з першага разу паступіла ў сталічны медуніверсітэт, лёгка (нервавала хіба тое, што аднакурснікі крыху пасмейваліся з яе палескай гаворкі, у якой рускія, беларускія і ўкраінскія словы перамяшаліся самым дзіўным чынам) адвучылася год і... Дзе ён браўся, чаму зваліўся на светлую і разумную галоўку дачкі той страшэнны менінгіт, ніхто, вядома, бацькам сказаць не мог, але хварэла Манечка вельмі цяжка. І не без наступстваў — нешта зрабілася з памяццю, дзяўчына, як сказаў прафесар, прыпынілася ў разумовым развіцці і, вядома, вучыцца на доктара ўжо не магла. І гэта б яшчэ паўбяды, бо здольнасцей стаць медсястрой у Мані ўсё ж хапіла, вучылішча закончыла з адзнакай, але чаму цнатлівая і сціплая вясковая дзяўчынка стала такой ласай да мужыкоў, ні Іван Сымонавіч, ні Вольга Пятроўна зразумець не маглі. Любілася дачка ці не з першым сустрэчным, колькі раз п’яныя палюбоўнікі яе абражалі, лупцавалі на горкі яблык, адбіралі апошюю капейчыну. Бацька з маці не спалі начамі, іншы раз зрываліся з вёскі, каб прыехаць у горад і ратаваць дачку ад чарговых непрыемнасцей. У адзін з такіх прыездаў яны даведаліся, што Маня зацяжарыла, а ад каго, і сама толкам не ведае. Потым нарадзілася ўнучка Настачка, а яшчэ праз паўгода знічкай згарэла ад раку Вольга Пятроўна. У заўчаснай гэтай смерці Маня вінаваціла адну сябе і сваё бязладнае жыццё — Івану Сымонавічу яна казала, што каб не Настачка, то яна пайшла б у манастыр і прасіла б там божай літасці для мамы. Зрэшты, так яно ці не, але зараз Маня выкінула з галавы мужыкоў, паставіла, падобна на ўсё, крыж на асабістым жыцці і са скруры вылазіла, каб толькі ў яе Настачкі былі самыя лепшыя цацкі, адзенне, прысмакі. У хрушчоўскай двухпакаёўцы, на якую Іван Сымонавіч аддаў усё, што яны з нябожчыцай жонкай назбіралі за жыццё, у яе быў асобны, самы ўтульны і светлы пакойчык, спрэс застаўлены лялькамі, домікамі і зусім не зразумелымі дзеду Івану прыладамі. І крый бог каму з дзяцей ці дарослых зачапіць яе Настачку — за гэта Маня магла, не раўнуючы, галаву знесці любому. Спачатку Івану Сымонавічу падавалася, што такі шумны, калі не сказаць звяглівы, характар дачкі наўрад ці будзе падабацца суседзям, аднак тут ён памыліўся на ўсе сто. Суседка, з якой Сымонавіч аднойчы бавіў час на лавачцы, расказала, што ўвесь дом на яго дачку ледзьве не моліцца: памераць ціск, даць пілюлькі, зрабіць укол, паставіць кропельніцу — гэта ўсё да Мані, хоць днём, хоць ноччу. А аднойчы, калі трынаццацігадовы Дзімка з другога пад’езда прабіў сабе жывот прэнтам ад агароджы і літаральна паміраў ад моцнай страты крыві, Маня аддала яму сваю прама ў машыне хуткай дапамогі і, як урачы казалі, гэтым хлопчыка ўратавала.

— Дзядулечка, родненькі! Ты да мяне прыехаў, — Іван Сымонавіч, які быў прыдрамаў на мяккай канапе, не мог не прачнуцца, калі па пакоі імклівым вятрыскам праляцела ўнучка Настачка і з размаху кінулася яму ў абдымкі. — Дзядулечка, я так па табе сумавала.

Іван Сымонавіч асцярожна абдымаў худзенькія плечыкі, туліў да сябе бялявую галоўку ўнучкі і ледзьве стрымліваў слёзы — столькі шчырасці, столькі радасці, яму адрасаванай, было ў гэтым малым і такім родным чалавечку, што шчымела ў сэрцы.

— Дзядулька, ты доўга ў нас будзеш? Дзядулька, ты слоніка майго бачыў? Дзядулька, а са мной Сашка з нашай групы пацалавацца хацеў, — Настачка, утульна ўладкаваўшыся ў дзедавых абдымках, літаральна высыпала на таго воз і добры абярэмак пытанняў і інфармацыі, а калі даведалася, што любы дзядулька прабудзе ў іх, сама меней, месяц, то аж заві-шчала і заскакала ад радасці.

Іван Сымонавіч і сапраўды, прыехаў надоўга. Яно, калі па праўдзе, горад гэты яму сто гадоў не патрэбны, але ж зубы знасіліся ўшчэнт — паўтузіна мо, цэлых засталося, астатнія — адны пянькі, ды баляць яшчэ, халера на іх. Маня, неяк убачыўшы, што бацька скарынку хлеба не можа з’есці, распачала такі вэрхал, што Сымонавіч згадзіўся прыехаць і паставіць у Манінай знаёмай доктаркі зубы.

З той пары так і пайшло — раніцай Іван Сымонавіч вёў Настачку ў садзік, затым ішоў у паліклініку, а вечарам забіраў унучку. Па дарозе стары і малая расказвалі адзін аднаму, што з імі здарылася за дзень. Дзед даводзіў унучцы, што тыя стаматолагі зусім не страшныя, што зубы яны рвуць не балюча — хрусь, і няма яго. Унучка скардзілася дзеду на Сашку, які хоча ўжо цалавацца не з ёй, а з рыжай Ленкай, а яна плакса і перашкаджае ўсім ім спаць. Згода паміж дзедам і ўнучкай была поўная, яны разумелі адзін аднаго з паўслова і займелі столькі сакрэтаў, што Маня, якая ў гэту спулку не трапіла, нават злавацца пачала.

Апошні па ліку зуб Івану Сымонавічу вырвалі не вельмі ўдала, і ён спаў цяжкім сном, пакуль дачка не паклікала яго вячэраць. Стары сеў за стол, сербануў лыжку поліўкі і папрасіў унучку:

— Нашта, дай мне шоль.

— Што? — перапытала ўнучка.

— Шоль, — паўтарыў дзед і не адразу зразумеў, што, страціўшы ўсе зубы, не выгаворвае асобныя літары.

А вось малая сітуацыю, як кажуць, прасякла «на раз» і, хітра бліскаючы вачанятамі, падлашчылася да дзеда:

— Дзядулька, скажы «сонца».

— Шонца, — адказаў той, і Настачка аж зайшлася ад смеху.

Некалькі надвячоркаў запар пад дружны «шмех» дзеда і ўнучкі ў хаце гучалі «шушкі», «шала», «шабака», «шукенка», «шадзік».

Нарэшце, ужо напрыканцы мая, Івану Сымонавічу зрабілі і паставілі на абедзьве сківіцы пратэзы. Ён іх крыху саромеўся і патрэбныя гігіенічныя працэдуры з імі праводзіў амаль што ўпотай.

— Дзядуля, а ты што робіш? — унучка аднойчы раніцай заспела дзеда за гэтым заняткам у ванным пакоі.

— Ляпку мыю, — адказаў дзед.

— Шт-о-о? — здзівілася ўнучка, якая ніколі не чула такога слова.

Прыйшлося Івану Сымонавічу не толькі паказаць увішнай малой ружовую пластмасіну з белымі зубамі, але і растлумачыць, што такія рэчы ў іх вёсцы завуць ляпкамі.

— Затое, дзядулька, ты цяпер арэхі можаш грызці, а я — не, — пазайздросціла дзеду Настачка, скрушна паказала на свой шчарбаты рот і тут жа таямнічым голасам прашаптала: — Дзядулька, у нас заўтра ранішнік у садзе, і я там спяваць буду. Ты маме не кажы, мы з табой яе здзівім.

Назаўтра Іван Сымонавіч і Маня, апранутыя ў лепшыя свае строі, сядзелі ў першым радзе маленькай глядзельнай залы і дружна пляскалі ў ладкі, ацэньваючы шчырыя і бясхітрасныя выступленні дзятвы.

— А зараз Насця Мяцельская заспявае нам сваю песеньку, — аб’явіла акампаніятар.

Настачка, у прыгожай блакітнай сукеначцы, з вялікімі бантамі на галаве, выйшла на сцэну, дачакалася першых гукаў музыкі і тоненькім прыемным галаском заспявала пра бабусю, у якой жылі дзве вясёлыя гусі. Усё ішло добра, але вось дзяўчынка дайшла да наступных радкоў:

— Мылі гусі ляпкі...

Жанчына-акампаніятар ад нечаканасці збілася з мелодыі і з усмешкай звярнулася да дзяўчынкі:

— Лапкі, Настачка, лапкі. Давай пачнём гэтыя радкі спачатку.

— Не, Вераніка Мікалаеўна, не лапкі, а ляпкі, — паправіла выхавальніцу Настачка і, бачачы, што тая нічога не разумее, патлумачыла: — У дзядулі майго ёсць ляпка, і ён яе кожную раніцу мые. Дзядулька, пакажы ляпку...

Іван Сымонавіч ад такой неспадзяванкі сумеўся, Маня пачырванела, дарослыя гледачы было заўсміхаліся, але тактоўная выхавальніца хуценька пераключыла ўвагу прысутных на іншае і паспяхова давяла канцэрт да канца.

А вось дома Маня распачала страшэнны скандал. Выходзіла, што Іван Сымонавіч зняславіў яе на ўвесь горад, што ёй зараз нікому на вочы не паказацца, што Настачку дзеці ў садзіку дражніць будуць.

Маня ўсё крычала і крычала. Настачка, шчыра не разумеючы, чаму мама так раз’юшылася, ціха плакала ў сваім пакойчыку. Іван Сымонавіч, унурыўшы галаву ў плечы, сядзеў на кухні, глянуў на дачку і ціха сказаў:

— Зажыўся я ў вас. Заўтра паеду. Выбачай, дачушка, калі што не так зрабіў.

Добрай паўночы ён варочаўся на канапе, у нейкае падабенства цяжкага тлумнага сну праваліўся толькі пад раніцу.

— Тата, у Настачкі сорак тэмпература, — разбудзіў яго спуджаны шэпт дачкі.

Дзяўчынцы было вельмі дрэнна — яна гарэла бы ў агні, трызнела і, здаецца, ці не ўдвая схуднела за некалькіх гэтых гадзін. Доктар з «хуткай дапамогі» назваў нейкі мудрагелісты дыягназ і прапанаваў неадкладна везці дзіцё ў бальніцу. Маня, у якой у момант прачнулася прафесійная медсястра, падрабязна яго аб усім распытала і сказала, што дачку нікому не аддасць, будзе лячыць сама, балазе лекі неабходныя можна купіць у аптэцы.

— Тата, ты даруй мне. Я ведаю, што дурная, што вам з мамай жыццё паламала, што яна яшчэ б жыла і жыла. Ты і Настачка — маё ўсё, я без вас сама жыць не буду, — ціха плакала Маня, калі яны трэцюю ноч запар сядзелі каля ложка дзяўчынкі.

Іван Сымонавіч, хоць і сам баяўся самага горшага, бо за гэтыя дні ад унучкі застаўся хіба што адзін цень, рашуча супакойваў дачку, даводзіў, што ўсё будзе добра, што Настачцы ўжо лепш, што калі яна сёння з’ела лыжку булёну, то заўтра з’есць цэлых пяць...

Бацька і дачка, якая прытулілася да яго, ціха сядзелі ля ложка хворай. Маня на хвілінку задрамала. У сон ужо правальваўся і Іван Сымонавіч, але адчуў лёгкі дотык да рукі, схамянуўся: вочкі Настачкі, якія, здаецца, адны і засталіся на схуднелым тварыку, лавілі яго позірк, а з засмяглых вуснаў ледзьве вырвалася:

— Дзядулька, скажы «сонца».

— Шонца, любая мая, шонца. Шмятана, шалат, штамешка, шмех, шлонік, — Іван Сымонавіч ліхаманкава ўспамінаў усе словы на літару «с», бачыў, як разгараецца агеньчык жыцця ў вачах самага свайго дарагога чалавека, і не зважаў на слёзы, што градам пасыпаліся з яго вачэй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter