Імёны ў летапісе Перамогі

Пра тое, што Перамогу нельга дзяліць па нацыянальнасцях, ішла размова на нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры
На пачатку мая ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі з’явіліся новыя алеі і кветкавыя клумбы, пасаджаныя прадстаўнікамі розных нацыянальных супольнасцяў Беларусі: армянамі, украінцамі, цыганамі, карэйцамі, рускімі, грузінамі, татара-башкірамі, малдаванамі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі пад назвай “І памятае свет выратаваны” казаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў. Менавіта сумеснай акцыяй з Батсадам РЦНК адкрыў цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі.


На пасадку кустоў і кветак у Батанічным садзе  прадстаўнікі этнасуполак выйшлі як на свята

Безумоўна, Дзень Перамогі — знакавае свята для ўсяго народа Беларусі, у якім, паводле перапісу-2009, ёсць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцяў. Людзі розных этнасаў і вераванняў адстойвалі сваё права на жыццё ў міры і згодзе ў партызанах, падполлі, на франтах разам. І гінулі разам, у тым ліку і на землях Беларусі. Тады, у ваенныя 40-я, абаронцы Айчыны не дзялілі вайну “па нацыянальнасцях”: гэта былі вайна і перамога аднаго савецкага народа.

“Як сёння дзяліць Перамогу? — задаецца пытаннем старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Барыс Герстан. — Чыёй лічыць вайну, калі ў адной магіле пахаваны два Героі Савецкага Саюза: азербайджанец Газанфар Акпераў і дзяўчына-ўдмурдка Таццяна Барамзіна? Яны абодва змагаліся з ворагамі, загінулі і былі пахаваныя пад адным помнікам на беразе рэчкі Волмы, што пад Мінскам”. Напэўна, кожны пагодзіцца: для іх вайна была агульная. Як, зрэшты, для ўсіх народаў свету супраць фашызму. Згодны з калегам і старшыня Саюза палякаў на Беларусі Мечыслаў Лысы. І нагадвае: у  2008-м пад Баранавічамі, на месцы былога канцлагера Калдычэва, дзе ў вайну фашысты знішчылі дзясяткі тысяч людзей, прадстаўнікі польскай, яўрэйскай і цыганскай дыяспар Беларусі адкрылі помнік, каб пра трагедыю не забылі нашчадкі, каб жахі вайны не паўтарыліся.

Напярэдадні свята Перамогі актывісты нацыянальных супольнас­цяў і моладзь прыносяць кветкі і вянкі да магіл сваіх суайчыннікаў, аддаючы даніну памяці загінулым за мірнае жыццё. Шмат хто падключаецца да пошукавай працы, каб адшукаць дакументы, родзічаў воінаў сваёй нацыянальнасці, што пахаваны ў Беларусі. Актывісты этнасуполак і даглядаюць магілы супляменнікаў. Старшыня Грузінскага культурна-асветніцкага таварыства “Мамулі” Кахі Пакацашвілі расказваў: “На Гомельшчыне, у вёсцы Дуброва Светлагорскага раёна пахаваны Герой Савецкага Саюза Серго Чыгладзэ, і для нас ужо традыцыя: у Дзень Перамогі наведваць магілу супляменніка, каб ушанаваць памяць героя”. На мітынг памяці ў Дзень Перамогі ў Мінску, на мемарыяльным комплексе “Яма”, узведзеным у памяць ахвяр генацыду, традыцыйна збіраюцца беларускія яўрэі. Усяго ж месцаў масавага знішчэння яўрэяў у Беларусі — сотні, і з 2004 года ўстаноўлена 86 памятных знакаў і помнікаў. Адкрыты яны ў Гарадзеі, Давыд-Гарадку, Баранавічах, Віцебску, Слуцку ды іншых месцах. Сёлета, па словах Барыса Герстана, запланавана адкрыццё яшчэ дзевяці такіх знакаў. А з 5 мая ў Мінскай бібліятэцы імя А. Пушкіна працуе выстава “Супраціўленне яўрэяў Чэхаславакіі пад час Другой сусветнай вайны”. Там жа прайшла прэзентацыя кнігі аб праведніках свету з Беларусі.

Газета “Голас Радзімы” расказвала пра цікавую справу: беларускія і армянскія навукоўцы сумесна пры падтрымцы армян Беларусі выдалі кнігу пра армян — Герояў Савецкага Саюза, што атрымалі высокае званне на тэрыторыі нашай краіны (“Армянскі акцэнт сяброўства”, 17.06.2010). Цяпер рыхтуецца да выпуску кніга пра тых армян, хто загінуў у Беларусі. Па словах старшыні Мінскага гарадскога армянскага культурна-асветніцкага таварыства “Айастан” Георгія Егіазарана, 9 Мая — святы дзень для народаў былога Савецкага Саюза, у тым ліку і армянскага. “Вядома, што кіраўнікі некаторых краін адмовіліся сёлета ад удзелу ў Парадзе Перамогі ў Маскве, сталіцы краіны-правапераемніцы Савецкага Саюза, — адзначыў ён. — Аднак, як бы ні стараліся навамодныя гісторыкі і палітыкі ў перапісванні гісторыі, факт застаецца фактам: свет выратаваў ад карычневай чумы савецкі народ”.

Радуе, што Беларусь — адна з тых краін, дзе шануюць памяць пра вайну, і моладзь з павагай ставіцца да подзвігаў дзядоў. Аднак яшчэ доўга будзе чуваць рэха страшэннай вайны. І яшчэ кажуць, што вайна не скончана, пакуль не пахаваны апошні салдат. Пра тое памятаюць у Беларусі: сістэмна вядуцца пошукавыя работы, праводзяцца перазахаванні воінаў, і ўсё новыя імёны герояў вяртаюцца з нябыту. І прозвішчы іх, незалежна ад нацыянальнасці, запісваюцца ў агульны летапіс Перамогі.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter