Без елки и шампанского: как отмечали Новый год наши предки

Мёд у келіху

Сёння Новый год — адно з самых чаканых свят сярод дзяцей і дарослых. Аднак для нашых продкаў пачатак новага календара не меў ніякага значэння. Свята, якое яны адзначалі, хутчэй можна назваць Навалеццем, звязаным з нараджэннем сонца і пачаткам новага вегетатыўнага цыкла. Вось чаму Новы год у гісторыі беларусаў адзначаўся і 1 сакавіка, і 1 верасня.
livingheritage.by
Фота Максіма Вечара

Нашмат больш важным святам для нашых продкаў было Нараджэнне Хрыстова, якое ў традыцыі сплялося з нараджэннем сонца. Свята адзначалася ў час першай, так званай беднай, куцці. Поснай, стрыманай была і трэцяя куцця, напярэдадні Вадохрышча. Багатая куцця, якую яшчэ называюць Шчодрай, Шчодрыкам, Шчодрым вечарам, прыпадала на 31 снежня ў католікаў і на 13 студзеня ў праваслаўных. Падчас яе нашы продкі і адзначалі пераход ад аднаго земляробчага года да другога.

Напярэдадні свята вычышчалі хату і падворак, хадзілі ў лазню, стараліся апрануцца ва ўсё чыстае і па магчымасці — новае. Рыхтавалі багаты стол, каб цешыцца дастаткам у наступным годзе. На свята падавалі каўбасы, катлеты і іншыя стравы са свініны або ялавічыны, масла, сыр, бліны, верашчаку, гародніну, рыбу, грыбы. Пілі кампот, піва і сыту — разбаўлены ў халоднай вадзе мёд.

Ёлку не ўпрыгожвалі. Такая традыцыя з’явілася толькі ў ХХ стагоддзі. Падарункамі таксама не абменьваліся — гэта рабілі на Вялікдзень. Затое на Шчодрык абавязкова праводзілі абрад засявання. Дзеці заходзілі ў хаты з торбачкамі, поўнымі зерня жыта, аўса, ячменю, спявалі калядкі, рассыпалі па падлозе зярняткі, прыгаворваючы: «Сею, сею, засяваю! З Новым годам паздраўляю!» За выкананне рытуалу, які абяцаў гаспадарам багаты ўраджайны год, малыя атрымлівалі сушаныя ягады, арэхі, каўбасы і іншае.

Не абыходзілася навагодняе свята і без варожбаў, якія былі асабліва папулярныя сярод маладых незамужніх дзяўчат. Было распаўсюджана класціся спаць у адной панчосе, прыгаворваючы: «Суджаны-раджаны, дай мне знаць, хто будзе маю ножку ра­зуваць». Часам таксама каля ложка ставілі канструкцыю з мосцікам — на міску клалі якую-небудзь лучынку ці палачку. Казалі: «Сасніся той, хто будзе мой».


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter