Як у рэгіёнах развіваецца сувенірная індустрыя

Мясцовы каларыт на доўгую памяць

Любы падарожнік з далёкіх краін прывозіць не толькі ўражанні. Сувеніры — абавязковая частка багажу па дарозе дадому. І няхай гэта будзе энная па ліку статуэтка або талерка, мала патрэбная ў звычайным жыцці. Без падобных сведчанняў адпачынку, на жаль, ніяк. Бо першы закон вандроўкі — вярнуцца з атрыбутамі тых месцаў, дзе пабываў. Па такім жа сцэнарыі развіваецца цікавасць да сувенірнай прадукцыі ў Беларусі. Турысты, якія наведваюць нашу краіну, сёння ўжо могуць разлічваць на разнастайнасць выбару. Аднак калі заезджы госць апынецца ў рэгіёнах, што чакае яго там?


Сустрэчы, выставы, кірмашы, кааперацыйныя біржы... Сотні прадстаўнікоў з розных краін па пытаннях бізнесу і не толькі штогод наведваюць Гомельшчыну. Сярод арганізатараў мера-прыемстваў Гомельскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. І вось тут не ўтойваюць, што падбор іміджавых падарункаў для дзелавых людзей — сапраўдная праблема. Прэзенты павінны несці шыфр таго рэгіёна, з якім тут і цяпер знаёмяцца турысты. Чаму гэта важна, у аддзяленні БелГПП тлумачаць літаральна на пальцах:

— Іміджавы сувенір — гэта міні-прэзентацыя краю. Ён павінен адлюстроўваць каларыт гэтых месцаў, традыцыі, іх асаблівасць, унікальнасць. Менавіта такія сувеніры запамінаюцца і на падсвядомым узроўні замацоўваюць важныя асацыяцыі.

Для таго каб накіраваць увагу стваральнікаў сувеніраў у патрэбнае рэчышча, Гомельскае аддзяленне вось ужо трэці год цесна супрацоўнічае з мясцовымі рамеснікамі і майстрамі. Зараз менавіта яны прыходзяць на дапамогу ў самыя важныя моманты. Так, падарункамі для замежных гасцей станавіліся няглюбскія ручнікі, гліняныя кубкі для кавы ў палатняных мяшэчках, керамічныя талеркі з мясцовым арнаментам, аздобленыя галінкай лёну.

А ў гэтым годзе рэгіянальная палата абвясціла першы адкрыты конкурс “Гомельскі сувенір”. Пасыл аўтарам быў такі: выраб павінен раскрываць традыцыі Гомельшчыны. У шэрагу лепшых работ — гліняныя лялькі-званочкі Вольгі Жарнасек. Майстар зрабіла іх з дакладным выкананнем традыцый народнага касцюма, характэрнага для Рэчыцкага рэгіёна канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя. Дарэчы, аўтар у якасці ўзнагароды атрымала аплачаны заказ на выраб сувенірнай прадукцыі для Гомельскага аддзялення БелГПП.

Майстар Вольга Жарнасек зрабіла гліняныя лялькі-званочкі з дакладным выкананнем традыцый народнага касцюма, характэрнага для Рэчыцкага рэгіёна канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя.

Статыстыка не дае заблытацца ў сусветных тэндэнцыях. Паводле лічбаў апошняга дзесяцігоддзя, ядомыя сувеніры займаюць да 20 працэнтаў у агульным аб’ёме рэкламна-сувенірнай прадукцыі. І гэтая доля штогод расце. Мы таксама не стаім на месцы. Буйныя айчынныя алкагольныя і кандытарскія прадпрыемствы вельмі актыўна развіваюць гэтую тэму. Першыя нясмелыя спробы робяць і дробныя вытворцы.

Адна з такіх ідэй з прывязкай да мясцовасці — веткаўскія пернікі з няглюбскім “кодам”, якія, з’явіўшыся восенню мінулага года, адразу трапілі ў топ попыту. У чым тут навізна? Пернікі, здавалася б, не беларускі канёк. Але вось адаптацыя матэрыялу да тутэйшых традыцый атрымалася вельмі ўдалай. Начальнік аддзела грамадскага харчавання АСП “Веткаўскае” Гомельскай універсальнай базы Тамара Убажэнка распавядае, на што выйшлі:

— Хацелася знайсці такі варыянт прадукцыі, які будзе па-сапраўднаму брэндавы. Думалі-гадалі. І раптам прасвятленне: ды нашы няглюбскія ўзоры-арнаменты, вядомыя на ўвесь свет! Вывучылі матэрыял, сустрэліся з майстрыхамі-ткачыхамі, напрацавалі ручны і трафарэтны роспіс... Так і з’явіліся нашы пернікі — знакі багацця, дзіцячай засцярогі, любові, дрэва жыцця, вобраза чалавека, зямлі-карміцелькі і іншых знакаў, якія шанаваліся нашымі продкамі.


Няглюбскія пернікі пякуць з імбірнага цеста, замяшанага на сметанковым масле з даданнем натуральнага мёду і карыцы. Верх пакрываюць белай глазурай, на якую і наносяць чырвоную размалёўку ў выглядзе старадаўніх знакаў-сімвалаў. Пернікі, якія “размаўляюць”, адразу ж прыцягваюць увагу. Асабіста пераканалася, калі па дарозе на вакзал зазірнула ў мясцовы магазін. І вось жа не атрымалася прайсці міма ядомых сувеніраў.

Дарэчы, на ўсіх выставах-кірмашах, дзе веткаўскія кандытары ўжо прад-стаўлялі сваю “пернікавую” творчасць, імбірныя пернікі “Няглюбка” распрадаваліся ўмомант. Гэтаму пачынанню яшчэ б і магутны маркетынг... І хто ведае, магчыма, менавіта пернікавы сімвалізм стане прыбытковай справай для мясцовага грамадскага харчавання.

Вось ужо другі год па краіне вандруе незвычайная выстава рэанімаваных герояў беларускай міфалогіі. Яны і сапраўды апынуліся за кадрам нашага сучаснага жыцця. Пра багоў Алімпа любы школьнік раскажа, пабудзі яго хоць сярод ночы. А вось хто такія еўнік, жэўжык і жнівень — гэта наўрад. Уласна кажучы, пра іх і яшчэ дзясяткі родных міфічных персанажаў распавядае адкрыты праект LIPA.CLUB, які некалькі гадоў таму задумалі маладыя людзі розных прафесій, што аб’ядналіся вакол аднаўлення сядзібы Абуховічаў у вёсцы Вялікая Ліпа пад Нясвіжам.

З сядзібы ўсё і пачыналася. Міфалогія ж адкрылася нечакана. Куратар праекта Павел Арлоў, праграміст сталічнай IТ-кампаніі, дзеліцца сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з тагасветным:

— Вывучаючы гісторыю сядзібы, раптам сутыкнуліся з тым, наколькі самабытны родны фальклор, які налічвае каля 500 розных персанажаў. Сярод іх ёсць прадстаўнікі, характэрныя для канкрэтных тэрыторый. Героі, якія былі апісаны ў паданнях, не абстрактныя і не адцягнутыя ад жыцця. Яны побач. І вось мы вырашылі ўзнавіць гэтыя вобразы і пасяліць іх у Вялікай Ліпе. А пакуль сядзіба рэканструюецца, калекцыю міфалагічных герояў, што расце з кожным днём, паказваем у гарадах Беларусі.

Цяпер энтузіясты са сваім праектам пабывалі ў Гомелі. У аснове экспазіцыі аб’ёмныя фігуры фальклорных персанажаў, выкананыя скульптарам Антонам Шыпіцам на аснове ілюстрацый вядомага графіка Валерыя Славука. Колькі стварэнняў, столькі і паданняў. Дамавік і Дамавуха — захавальнікі ачага. Шатаны і злыдні збіваюць добрых людзей з панталыку. Зюзя і Мароз — гаспадары зімовага часу. Жэўжык — валадар рэк і азёр. Еўнік — вартаўнік ураджаю... Зрэшты, ініцыятары праекта прапануюць паглядзець на гэтых герояў не толькі з пункту гледжання ведаў. Павел Арлоў, напрыклад, упэўнены:

— Айчынная міфалогія — кландайк для камерцыйных праектаў. Адзенне, сувеніры, турыстычныя маршруты, камп’ютарныя гульні і кнігі — усё гэта можа набыць вядомыя рысы герояў беларускіх міфаў і легенд і прыносіць мільёны долараў нашай эканоміцы роўна гэтак жа, як і ў іншых краінах, дзе такі кірунак ужо развіты.

Дарэчы, першыя крокі ў гэтай справе LIPA.CLUB ужо зрабіў сам. Выраблены міні-ўзоры персанажаў, якія могуць прадавацца ў сувенірных крамах; мультыплікацыйны фільм і камп’ютарная гульня — падарожжа ў свет беларускай міфалогіі. Чым не прыклад для пераймання?

МЕРКАВАННЕ

Галіна Нячаева, дырэктар Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава:

— Чаму, калі гаворым пра сувеніры, мы ўяўляем толькі тое, што можна прымацаваць на халадзільнік? У Гомельскай вобласці, напрыклад, не менш за 18 строяў (комплекс традыцыйнага адзення). Чаму б не вывучыць у даследчыкаў гэтую крыніцу вобразаў? Зачароўвае сучасную душу тэма старадаўніх размаляваных дыванкоў. Цікавыя тэмы лекавых траў, міфалагічных герояў, старадаўніх абрадаў, кухні. Невычэрпная скарбніца для творчасці — арнамент. Галоўнае, правільна трактаваць знакі, зашыфраваныя ў ім.

dralukk73@mail.ru

Фота аўтара і Гомельскага аддзялення БелГПП
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter