Мяняем заяўку на спецыяліста

ПТК Міншчыны сёлета аднавілі навучанне па 25 кваліфікацыях

Па дагаворах у сістэме прафтэхадукацыі Міншчыны сёлета адноўлена навучанне па 25 кваліфікацыях

Структура падрыхтоўкі кадраў вызначаецца з улікам патрабаванняў рынку працы — такі падыход стаў ужо правілам. Са з’яўленнем у сталічным рэгіёне новых вытворчасцей, мадэрнізацыяй і развіццём дзеючых прадпрыемстваў патрэба ў якасных рабочых кадрах застаецца актуальнай.

Менавіта таму, як падкрэслівае начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Алена Марцінкевіч, галоўны арыенцір узяты на актыўнае ўзаемадзеянне з канкрэтнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Установы прафтэхадукацыі заключаюць з імі дагаворы і прымаюць канкрэтныя заяўкі. Сёлета заказчыкі атрымалі чарговую партыю падрыхтаваных спецыялістаў. Так, з 3939 выпускнікоў прафтэхадукацыі толькі адзін скарыстаў заканадаўча прадастаўленае права на самастойнае працаўладкаванне па ўважлівай прычыне, усе атрымалі накіраванні на работу.

Як адзначаюць ва ўпраўленні адукацыі, толькі ў бягучым навучальным годзе па заяўках і дагаворах у шаснаццаці ўстановах адноўлена падрыхтоўка па 25 кваліфікацыях. Разам з тым упершыню пачалі рыхтаваць шліфоўшчыкаў у Барысаўскім дзяржаўным каледжы, укладчыкаў падлогавых пакрыццяў у Маладзечанскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы, аператараў лініі па вытворчасці харчовай прадукцыі ў Слуцкім прафесійна-тэхнічным каледжы перапрацоўчай прамысловасці. Таксама ўпершыню адкрыты прыём на аснове прафтэхадукацыі па спецыяльнасцях «тэхнічнае забеспячэнне лесанарыхтоўчых работ» у Барысаўскім дзяржаўным лесаагратэхнічным прафесійным каледжы і «аўтасэрвіс» у Вілейскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы.

Зусім хутка ўстановы прафтэхадукацыі, а іх у вобласці 23, пачнуць фарміраваць планы набору навучэнцаў на наступны навучальны год і ўжо зараз шчыльна працуюць у гэтым накірунку з работадаўцамі. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter