Імя Сімона Балівара

У Мінску пачаў працаваць Лацінаамерыканскі культурны цэнтр
У Мінску пачаў працаваць Лацінаамерыканскі культурны цэнтр.

Партрэт Сімона БалівараБалівія, Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла, Лацінаамерыканскі культурны цэнтр імя Сімона Балівара ў Мінску… Між тым не кожны чытач нашай газеты добра ведае, чаму далёкія краіны і міжнародная культурная ўстанова ў нашай сталіцы маюць гэтае імя. Таму прыгадаем асноўныя факты жыцця і дзейнасці аднаго з кіраўнікоў вызваленчай барацьбы лацінаамерыканскіх народаў супраць панавання іспанскіх канкістадораў.

Сімон Балівар нарадзіўся 24 ліпеня 1783 года ў Каракасе, цяперашняй сталіцы Венесуэлы. Атрымаў добрую адукацыю ў Еўропе, дзе яму, дарэчы, сталі вядомы імя і дзейнасць ураджэнца Брэстчыны Тадэвуша Касцюшкі, які змагаўся за вызваленне не толькі свайго народа, але і народа ЗША. Добра было б ведаць, наколькі славянскі прыклад уздзейнічаў на Сімона Балівара, калі ён у 1810 годзе актыўна ўключыўся ў барацьбу супраць каланіяльнай улады ў Венесуэле, ды гэта ўжо тэма спецыяльнага даследавання. Адзначу, што ў 1819 годзе армія пад кіраўніцтвам Балівара вызваліла Новую Гранаду (цяперашнюю Калумбію), а ён сам стаў прэзідэнтам федэрацыі Вялікая Калумбія, куды ўвайшлі Венесуэла, Новая Гранада і крыху пазней правінцыі Кіта (сённяшні Эквадор) і Верхняе Перу (апошнюю ў гонар Балівара назвалі Балівіяй). Памёр Балівар у 1830 годзе, што адгукнулася рэхам у віленскім і пецярбургскім друку.

І вось імя Сімона Балівара нададзена Лацінаамерыканскаму культурнаму цэнтру ў Мінску, які быў адкрыты 13 красавіка па вул.Пуліхава, 31. Урачыстую цырымонію распачаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс Нуньес. Ён падкрэсліў, што асноўная мэта цэнтра — папулярызацыя не толькі венесуэльскай, але і ўсёй лацінаамерыканскай культуры. Паслы лацінаамерыканскіх краін, якія акрэдытаваны ў Маскве і Мінску, у адказ на накіраваныя ім запрашэнні выказалі зацікаўленасць і згоду ўдзельнічаць у рабоце цэнтра. А гэта — і арганізацыя мастацкіх выстаў, і запрашэнні музычных калектываў, і знаёмства з мастацкай літаратурай. Прэзентацыяй цэнтра пачаліся ў Беларусі Дні культуры Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла.

На цырымоніі адкрыцця выступілі таксама намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Амар Сянон Медына Кінтэра. А потым адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці, у якім прагучалі творы беларускіх і венесуэльскіх кампазітараў, народныя песні.

У заключэнне ўдзельнікі ўрачыстай цырымоніі адкрыцця цэнтра агледзелі яго памяшканне, калідоры, упрыгожаныя лацінаамерыканскімі плакатамі, бібліятэчны пакой з калекцыямі кніг, прысвечаных Балівару, Чэ Гевара, Фідэлю Кастра, Уга Чавесу, іншым дзеячам Лацінскай Амерыкі. І мне ўдвайне прыемна было бачыць гэтыя экспанаты: яны атрыманы, прывезены з Гомеля пры пасрэдніцтве рэдакцыі газеты “Голас Радзімы” і таварыства “Беларусь-Венесуэла”. Сабралі ж гэтыя лацінаамерыканскія багацці гомельскія калекцыянеры і культуролагі Аляксандр Снітко і Алесь Сімакоў.

Ад рэдакцыі газеты “Голас Радзімы” новаму цэнтру былі перададзены звесткі пра беларускую дыяспару ў Венесуэле, якая была арганізацыйна аформлена ў 1949 годзе. Ад гэтай арганізацыі павінны былі застацца дакументы і нават вершаваныя творы. Супрацоўнікі цэнтра абяцалі, што здзейсняць пошукі архіўных матэрыялаў.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter