Мы з табой адной мяжою звязаны

У Брэсцкай вобласці рэалізуецца 26 праектаў па праграме «Польшча—Беларусь—Украіна 2007—2013»
У Брэсцкай вобласці рэалізуецца 26 праектаў па праграме «Польшча—Беларусь—Украіна 2007—2013»

Беларусь, Польшча і Украіна — даўнія суседкі, што асабліва адчуваецца на Брэстчыне. І было б дзіўна не выкарыстоўваць трансгранічны патэнцыял на карысць трох народаў. Каб паглыбіць узаемадзеянне, завязаць кантакты і ўзмацніць сяброўства, у 2007 годзе пачалася рэалізацыя Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча—Беларусь—Украіна». Што зроблена за час яе існавання і з якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія ўдзельнікі конкурсных адбораў, карэспандэнт «Р» даведаўся ў дырэктара ўстановы «Брэсцкi трансгранiчны iнфацэнтр» Яраслава ЛУКШЫ (на здымку).




— Яраслаў Анатольевіч, праграма дзейнічае ўжо пяць гадоў. Што яна прынесла Брэсцкай вобласці?

— З удзелам рэгіёна рэалізуецца 26 праектаў на суму 22,5 млн. еўра, між тым агульны бюджэт праграмы складае прыкладна 190 млн. еўра.

— На якіх умовах заяўнік атрымлівае грант?

— Гэта суфінансаванне. Калі, напрыклад, праект каштуе 100 тысяч еўра, ЕС выдзяляе 90 тысяч, а яшчэ 10 тысяч еўра выдаткоўвае партнёрскі бок.

— Хто звычайна выступае з ініцыятывай таго ці іншага праекта?

— Згодна з правіламі, заяўнiкамі могуць выступаць толькi некамерцыйныя арганізацыі: мясцовыя ўлады, грамадскія аб’яднанні. Самі праекты таксама не павінны мець камерцыйнага характару. Усё, што робіцца ў рамках праграмы «Польшча—Беларусь—Украіна», заклікана працаваць выключна на развіццё рэгіёнаў, іх сувязей і якасці жыцця чалавека. Прыбытку і заробкам тут няма месца.

— Якую накiраванасць маюць дзеючыя праекты?

— Прывяду некалькі прыкладаў. Зусім нядаўна ў Каменцы запусцілі праект па пашырэнні трансгранічнай сістэмы ачысткі сцёкавых вод у воднай сістэме ракі Буг. Фінансаванне беларускага боку складае прыкладна 1,9 млн. еўра. Акрамя таго, Камянецкай ЖКГ заключаны кантракт на атрыманне гранта ў памеры 1,5 млн. еўра па праекце, якi датычыцца развiцця транс-гранiчнай аховы навакольнага асяроддзя ў польскай Чарэмсе і беларускім Высокім. У рамках яго запланавана ў тым ліку рэстаўрацыя парку пры былой сядзібе Патоцкіх і замка Сапегаў. Сумесна з установамі аховы здароўя ажыццяўляюцца праекты па дапамозе людзям з абмежаванымі магчымасцямі, развіцці кардыялагічнай дапамогі, работы з дэвіянтнымі падлеткамі. Вельмі актыўнае супрацоўніцтва вядзецца абласным упраўленнем МНС з польскімі і ўкраінскімі калегамі. Дарэчы, цяпер распрацоўваецца і веласіпедны маршрут «Слядамі прыбужскіх таямнiц» — на яго было накіравана амаль 100 тысяч еўра. Адным словам, праграма «Польшча—Беларусь—Украіна» ахоплівае ўсе сферы жыцця — ад экалогіі і аховы здароўя да сапраўды стратэгічных праектаў.

— Што тут маецца на ўвазе?

— Беларусь мяжуе не проста з Польшчай, а з усім Еўрасаюзам, таму вельмі важную ролю ў супрацоўніцтве мае тэма аховы мяжы і работы на памежжы. Так, беларускі бок атрымае амаль 11 млн. еўра на будаўніцтва пагранічнага пункта пропуску «Пясчатка» ў Камянецкім раёне. Таксама на сродкі праграмы (на Гродзеншчыне) рэалізуецца праект «Будаўніцтва перасоўных сістэм упраўлення рэнтгена-сканіравання транспартных сродкаў».

— Якім чынам вядзецца трансгранічнае супрацоўніцтва ў рамках аб’яднання «Еўрарэгіён «Буг», куды ўваходзіць і Брэстчына?

— У шмат якіх праектах аб’яднанне «Еўрарэгіён «Буг» перакрыжоўваецца з праграмай «Польшча—Беларусь—Украіна». Але ў сам еўрарэгіён уваходзяць толькі Брэсцкая вобласць, Валынская вобласць Украіны і Люблінскае ваяводства Польшчы. Такім чынам, геаграфічна партнёрскіх тэрыторый няшмат, але сумесная праца ад гэтага не менш актыўная.

У рамках дадзенага тэрытарыяльнага аб’яднання таксама рэалізуецца шэраг карысных для вобласці праектаў. Перш за ўсё трэба сказаць пра правядзенне Брэсцкага інвестыцыйнага форуму і выставы «Садружнасць», якія ўжо сталi традыцыйнымi i штогод збіраюць экспанентаў не толькі з Брэстчыны, але і з суседніх рэгіёнаў Польшчы і Украіны. З удзелам абласнога ўпраўлення МНС рэалізуецца маштабны праект «Моладзь памежжа: разам за бяспеку». На яго будзе накіравана 200 тысяч еўра, і гэтыя сродкі абавязкова паспрыяюць павышэнню агульнага ўзроўню бяспекі прыгранічнага рэгіёна праз навучанне дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці.

— Якія планы ў аб’яднання «Еўрарэгіён «Буг» на наступны год?

— Яны былi вызначаны ў час чарговага пасяджэння савета еўрарэгіёна ў Луцку, дзе быў прыняты адпаведны план на 2014 год. Ужо ў студзені там павiнна адбыцца дзелавая сустрэча беларускіх, польскіх і ўкраінскіх прадпрымальнікаў. На чэрвень запланаваны ўдзел беларускага боку ва «Усходнім эканамічным форуме». Дарэчы, з наступнага года пачнецца рэалізацыя вельмі карыснага для Брэстчыны праекта. Будзе створана адзіная інфармацыйная база фермерскіх гаспадарак аб’яднання «Еўрарэгiён «Буг», што вельмі важна для нашай вобласці як для сельскагаспадарчага рэгіёна.

— Вядома, што адпаведная дзейнасць патрабуе асаблівых ведаў і навыкаў. Як складваецца сітуацыя з нашага боку?

— Кожны праект, які мяркуецца падаць на праграму, павінен быць аформлены згодна з усімі патрабаваннямі ЕС. Людзей, якія маглі б зрабіць гэта бездакорна, у Брэсцкай вобласці можна пералічыць на пальцах. І менавіта таму мы маем намер рэалiзаваць праект па фарміраванні і наступным навучанні групы экспертаў, здольных займацца афар-мленнем усiх неабходных дакументаў. Калі гэты праект будзе ўзгоднены i адпаведным чынам прафінансаваны еўрапейскiм бокам, мы плануем падрыхтаваць каля 25 такiх новых спецыялiстаў. Безумоўна, каб скласці заяўку без памылак, патрэбны пэўны час i вопыт. Але ўдзел у праграме магчымы для ўсіх, хто ў гэтым насамрэч зацікаўлены. Нюансы ёсць, але калі ты маеш добрую ідэю і хочаш рэалізаваць яе на карысць сваёй краіны і рэгiёна, то чаму б і не пастарацца? Так ці інакш, гэта патрабуе сур’ёзных намаганняў, але, як паказвае практыка, вынік іх варты затрачанага часу і сіл.

— Дзеянне праграмы завяршаецца?

— Не зусім. 2013-ы — апошнi год падпiсання кантрактаў. Гэта значыць, што заяўленыя раней і ўзгодненыя да фінансавання праекты могуць быць рэалізаваны і пазней, да канца 2015 года. Зрэшты, сама праграма «Польшча—Беларусь—Украіна» будзе працягвацца і далей. Наступны яе этап разлічаны на перыяд з 2014-га па 2020 год. Таму запрашаем усіх зацікаўленых да ўдзелу!

Арцём КІР’ЯНАЎ, «Р»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter