«Мы вам зайздросцім»

Журналісты ўкраінскіх СМІ пабывалі ў прэс-туры па Гомельшчыне

Журналісты ўкраінскіх сродкаў масавай інфармацыі пабывалі на Гомельшчыне

У складзе дэлегацыі — тры дзясяткі журналістаў, якія прадстаўлялі Кіеўшчыну, Данбас, Нікалаеў, Роўна, Кіраваград, Палтаву, Адэсу і іншыя рэгіёны краіны-суседкі. Праграма паездкі, асноўнай мэтай якой было азнаямленне з дасягненнямі Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі, вызначалася насычанасцю і разнастайнасцю.

— Нашы краіны раней былі ў складзе адзінай дзяржавы СССР, — кажа арганізатар прэс-тура Вікторыя Дзем’янчук. — Пазней кожная з рэспублік абрала свой шлях развіцця. Таму для нас вельмі важна параўнаць, чаго Украіна і Беларусь дабіліся за мінулае дваццацігоддзе, што страцілі...

Прадстаўнікоў украінскіх СМІ прыняў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Ён даходліва расказаў, якую значную ўвагу надае дзяржава не толькі развіццю вытворчасці, але і сацыяльным пытанням. Кіраўнік рэгіёна пры гэтым зазначыў: клопат аб чалавеку — аснова падыходаў улад ва ўсіх сферах. Стартаваўшы з абласнога цэнтра, дзе прадстаўнікі масмедыя задавальнялі прафесійную цікавасць таксама ў стасунках з работнікамі вытворчага аб’яднання «Гомсельмаш» і кандытарскай фабрыкі «Спартак», з поспехамі аграрыяў па вытворчасці раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі яны знаёміліся ў прыгарадных гаспадарках — сельгаспрадпрыемстве «Брылёва» і саўгасе-камбінаце «Сож». Справы прамыслоўцаў і сельгасвытворцаў, добра наладжаны сацыяльны аспект у аграгарадках настолькі ўразілі ўкраінскіх гасцей, што многія з іх шчыра і са шкадаваннем адзначалі: параўнанні не на карысць іх радзімы. Многае там манапалізавана ў прыватных руках, але ў сваім развіцці, вядома ж, саступае беларускаму. Асаблівую цікавасць ва ўкраінцаў выклікала дзейнасць Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Не выпадкова: пад знакам чарнобыльскай бяды, вельмі адчувальнай для суседніх славянскіх народаў, цэнтр ствараўся якраз для аказання дапамогі пацярпеламу ад раз’юшанага атама насельніцтву Беларусі, Расіі і Украіны. Пасля вядомых падзей, звязаных з развалам Саюза, у гэтыя планы ўнесены пэўныя карэктывы. Але сувязі працягваюцца, і не толькі ў плане лячэння насельніцтва Украіны ў гомельскім цэнтры. Гэта тлумачыцца тым фактам, што зараз па сваім аснашчэнні і ўзроўні аказання шырокага спектра меддапамогі гэта ўстанова вядучага еўрапейскага узроўню, якая падтрымлівае трывалыя стасункі з медыкамі Японіі, ЗША, Германіі, Францыі.

— Мы праводзім і з украінскімі медыкамі нямала сумесных мерапрыемстваў, — адзначае дырэктар РНПЦ Аляксандр Ражко. — Яны ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, што праводзяцца на нашай базе, распрацоўваем мы з украінцамі і сумесныя сучасныя медыцынскія тэхналогіі дыягностыкі і лячэння захворванняў...

Заключным акордам творчай вандроўкі прадстаўнікоў украінскіх СМІ па Гомельшчыне стала паездка ў Жлобінскі раён. Канечне ж, абмінуць у прамым сэнсе славуты на ўвесь свет аб’ект беларускай прамысловасці — БМЗ — журналісты не маглі. У мінулым годзе на базе металургічнага гіганта стварылі холдынг, у які зараз уваходзяць 24 прадпрыемствы, што не толькі прынесла дастойны эканамічны эфект, але і дазволіла больш рацыянальна выкарыстоўваць матэрыяльныя і кадравыя рэсурсы. Напамінкам яшчэ аб адной вялікай гістарычнай трагедыі, якой супрацьстаялі ў адным страі беларусы і ўкраінцы, стала наведванне Мемарыяльнага комплексу «Дзецям — ахвярам вайны» ў пасёлку Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Запісаныя тут аповеды аб горы і пакутах, што перанеслі разам з дарослымі ў час фашысцкай акупацыі малалетнія жыхары нашай краіны, несумненна, адгукнуцца шчырымі радкамі і змястоўнымі перадачамі ў друкаваных і электронных СМІ Украіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter