Мы разам перамагалі!

Аматары бегу з Беларусі паспяхова ўдзельнічаюць у традыцыйным Міжнародным зімовым марафоне “Дарога жыцця”. Сёлета ён прысвячаўся 70-й гадавіне поўнага вызвалення Ленінграда ад нямецка-фашысцкай блакады.
Аматары бегу з Беларусі паспяхова ўдзельнічаюць у традыцыйным Міжнародным зімовым марафоне “Дарога жыцця”. Сёлета ён прысвячаўся 70-й гадавіне поўнага вызвалення Ленінграда ад нямецка-фашысцкай блакады.

На старт зімовага марафона “Дарога жыцця” выходзяць сотні бегуноў“Радуйцеся, афіняне: мы перамаглі!” — кажуць, такую вестку прынёс калісьці ў Афіны грэчаскі скараход ад месца перамогі над персамі пад Марафонам. Прынамсі, з даўняй легенды “пачынаецца” марафонская дыстанцыя, само переадоленне якой — больш за 42 кіламетры — можна лічыць учынкам гераічным. А паколькі доўгачаканае свята прыйшло ў знясілены вайной Ленінград у студзені 44-га, у пару хрышчэнскіх маразоў, то і марафон “Дарога жыцця” праводзіцца штогод у такі час: вельмі сімвалічна. “Гэта даніна памяці ленінградцам і гераічным абаронцам горада, якія перанеслі ўсе выпрабаванні суровага ліхалецця, але захавалі веру ў перамогу і выстаялі”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе, дасланым у рэдакцыю журналісткай з Ленінградскай вобласці Людмілай Аднабокавай. — Сярод удзельнікаў спаборніцтваў — прадстаўнікі розных пакаленняў: школьнікі, моладзь, ветэраны. Нароўні з мужчынамі стартуюць і жанчыны. Знамянальна, што зімовы прабег па наземным участку Дарогі жыцця праводзіцца ў любое надвор’е з 1970 года, і ні разу не адмяняўся. Тых, хто бяжыць з эмблемай “Разарванае кальцо”, на ўсім шляху ад Ладагі да помніка “Кветка жыцця” паблізу чыгуначнай станцыі Ржэўка вітаюць жыхары паселішчаў нашага Усевалажскага раёна”.
Сёлета, нагадала напярэдадні падзеі калега, 45-ы Міжнародны зімовы марафон “Дарога жыцця” стартуе 26 студзеня апоўдні каля помніка “Разарванае кальцо”. Журналістка палічыла важнай для беларусаў гэтую інфармацыю: летась сярод жанчын у марафоне перамагла беларуска Марына Новік.
Ленінград даўно не чужы для беларусаў. У кнізе “Беларускі Пецярбург” ураджэнца Навагрудчыны, доктара філалагічных навук Міколы Нікалаева ёсць лічбы: яшчэ ад пятроўскіх гадоў там жыло каля 25 тысяч нашых супляменнікаў. А ў XIX стагоддзi, сцвярджае піцерскі навуковец, iх было каля 100 тысяч, і Пецярбург тады па колькасці жыхароў-беларусаў з’яўляўся найвялікім у свеце гарадскім паселішчам і, на думку аўтара, “выконваў функцыю культурнай і адміністратыўнай сталіцы Беларусі”.
Помнік на магіле Ф. СмалячковаЗ пачатку 80-х, з часу вучобы ў Ленінградскім дзяржуніверсітэце я ведаў ветэрана вайны, земляка-беларуса Іван Грышановіча. Найважнейшым перыядам свайго жыцця ён лічыў час, калі, будучы малодшым палітруком на Дарозе жыцця, дапамагаў гораду выжываць у кальцы блакады. Пра тое ў майскім нумары часопіса “За рулём” за 1970 год быў надрукаваны яго артыкул “Дарога жыцця — дарога мужнасці”. Пасля вайны зямляк служыў афіцэрам, застаўся ў Піцеры, жыў на Нова-Ізмайлаўскім праспекце, сустракаўся з аднапалчанамі, часта бываў у маладзёжных аўдыторыях і нават напісаў дакументальную аповесць, рукапіс я трымаў у руках.
Дык вось, Іван Яўхімавіч расказваў: і сярод афіцэрскіх чыноў, і сярод шафёраў на Дарозе жыцця, увогуле на Ленінградскім фронце было шмат беларусаў. Праўда, нацыянальнасць тады не асабліва падкрэслівалі, але звычайна абаронцы горада ведалі, адкуль хто родам: каб у выпадку чаго хоць вестку родным адправіць…
Вось яшчэ адзін гераічны, але кароткі лёс. І дзевятнаццаці гадоў не пражыў на свеце наш зямляк з Быхаўшчыны Герой Савецкага Саюза Феадосій Смалячкоў. Закончыўшы ў Ленінградзе ФЗУ, сялянскі сын з вёскі Падгор’е працаваў мулярам, у вайну ж стаў снайперам. “У баях на Ленінградскім фронце знішчыў 125 нямецкіх салдат і афіцэраў, скарыстаў пры тым усяго 126 патронаў. Загінуў у раёне Пулкава 15 студзені 1942 года ад кулі нямецкага снайпера,” — чытаем пра Героя ў інтэрнэце. Дарэчы, пахаваны юнак на Чэсменскіх ваенных могілках цяперашняга Санкт-Пецярбурга.
Марына Новік любіць бегацьНе ўсе ведаюць такі факт: перад вайной у Ленінград на вучобу напраўляліся тысячы “фэзэушнікаў” з Беларусі. У блакаду, без бацькоў і родных, знясіленыя холадам і голадам падлеткі стаялі ля завадскіх станкоў і масава гінулі. Цяпер устаноўлена гранітная стэла на вядомых Піскароўскіх могілках, знак памяці пра амаль 12 тысяч беларускіх юнакоў і дзяўчат. На стэле надпіс: “Суайчыннікам, якія загінулі ў блакаду, рамеснікам вучылішчаў Ленінграда ад беларускага народа”. Звыш чатырох тысяч з іх пасмяротна ўшанаваны медалём “За абарону Ленінграда”. Падрабязна пра тое пісала Раіса Барадзіна, жыхарка Санкт-Пецярбурга, ураджэнка Веткаўскага раёна Гомельшчыны. У яе тэксце “Яны таксама набліжалі Перамогу...” (ГР, №34, 8 верасня 2011 года) ёсць звесткі, што яна, як і іншыя члены пецярбургскага спецыялізаванага Фонду расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” цяпер даглядаюць гістарычны помнік, ім дапамагаюць вучні 334-й піцерскай школы.
Як бачым, у беларусаў ёсць поўнае права сказаць: мы таксама, разам з прадстаўнікамі іншых народаў былога Савецкага Саюза, у блакадным Ленінградзе выстаялі і перамагалі, заплаціўшы за гэта тысячамі жыццяў. Дарэчы, а ці варта акцэнтаваць увагу, што і беларуская жывучасць, працавітасць, стойкасць духа дапамаглі адолець лютага ворага, які 900 дзён і начэй моцна трымаў Ленінград у абцугах смерці? Думаю, варта. Інакш знакаміты заклік “вспомним всех поименно”, з якога і пачынаецца сапраўдны патрыятызм, застанецца пустым гукам для нашчадкаў. А за кожным імем ёсць яшчэ і імя па бацьку, і прозвішча — гісторыя роду. На недагледжаным месцы вырасце хіба толькі пустазелле, а герояў заўжды выхоўвае, усёй сваёй гісторыяй, канкрэтны народ. Дык чаму ж не аддаць і яму, разам з героямі, даніну павагі!
Пра тое, што беларусы па-ранейшаму памятаюць гераічнае мінулае бацькоў і дзядоў, ды і самі гатовы на подзвігі ў імя Бацькаўшчыны, сведчыць штогадовы ўдзел нашых бегуноў у Міжнародным зімовым марафоне “Дарога жыцця”. Інтэрнэт дапамог мне даведацца: бягуння-беларуска Марына Новік, якая летась была мацнейшай сярод жанчын і адолела поўную марафонскую дыстанцыю з вынікам 3:14.20 па судзейскім пратаколе, уваходзіць у Мінскі клуб аматараў бегу “Вікторыя”. З нашых зямлячак да фінішу дайшлі яшчэ — ім таксама гонар! — Таццяна Гурская (4-е месца) з Асіповічаў, Вольга Радчанка і Аксана Качаноўская з Мазыра, Алеся Абідзіентава з Мар’інай Горкі. Мужчын з Беларусі на фінішы марафона было 10, у тым ліку Аляксандр і Сяргей Абідзіентавы. Тры марафонцы, атрымліваецца, з адной сям’і!
Вельмі цікавы “погляд знутры” на тое, што адбывалася на дыстанцыі, аформіў у словах і размясціў разам са здымкамі ў інтэрнэце намеснік кіраўніка клуба аматараў бегу “Вікторыя” Васіль Лялека. Усю дыстанцыю прабег ён з аднаклубніцай, дасягненне якой назаўжды застанецца ў гісторыі марафону, апісвае тактыку яе бегу. “Нягледзячы на адрыў ад саперніц, наша беларуская нарвежка (Марына выйшла замуж у Нарвегію. — Аўт.) і пасля 30-га кіламетра не збавіла тэмп, упэўнена апярэджваючы тых мужчын, хто няправільна разлічыў сілы. Упэўнены ход прынёс Марыне на фінішы камфортныя 7 мінут адрыву, але яна перакананая: магла б і яшчэ лепш прайсці дыстанцыю!” І быў на марафоне момант, які да глыбіні душы ўразіў бывалага бегуна: “На першай трэці дыстанцыі пажылая жыхарка вёскі, размешчанай ля трасы марафону, працягнула руку Марыне з падарункам і сказала нечаканыя словы: “Дзяўчына, вазьміце! Гэта на ўдачу! Я спецыяльна вязала для першай дзяўчыны гэтага марафону!”. Падарункам аказалася маленькая вязаная сурвэтачка з бусінкаю па цэнтры. Дзіўным было, што на той момант першай была зусім не Марына — але ж кудмень-амулет прынёс запаветны поспех!... Гэта было незабыўна!”. Уразіла спадара Васіля, што калі ўсе 17 марафонцаў вярталіся цягніком дадому, ужо за поўнач горача абмяркоўваючы падзеі, у перапоўненае купэ да іх зайшоў пасажыр. Не з папрокамі за шум — ён захацеў узяць аўтографы ўсіх удзельнікаў экспедыцыі, бо яго вельмі ўзрушыла, “што людзі самага рознага ўзросту так любяць сваё захапленне, што нават у ліхое надвор’е з Беларусі за свае грошы паехалі прабегчы марафон у гонар памяці герояў і ахвяраў блакаднага Ленінграда”.
Калі пішуцца гэтыя радкі, каманда беларускіх марафонцаў, 26 чалавек, толькі вярнулася з “Дарогі жыцця”. Марына Новік была другой на марафоне, а Наталля Маліноўская заняла чацвёртае месца. Перамаглі і мужчыны ў асобных узроставых групах. Малайцы!

Даведка “ГР”. Траса марафона праходзіць па наземным участку знакамітай Дарогі жыцця, якая на працягу 900 блакадных дзён была адзіным сродкам сувязі горада з “Вялікай зямлёй”. Мемарыял “Разарванае кальцо” ўстаноўлены на беразе Ладажскага возера, насупраць участка, дзе ў 43-м савецкія войскі прарвалі блакаду. Траса вядзе ля іншых помнікаў і мемарыялаў, а па гранітных кіламетровых слупах спартсмены звяраюць графік бегу.

Іван Ждановіч

На здымках:
На старт зімовага марафона “Дарога жыцця” выходзяць сотні бегуноў
Помнік на магіле Ф. Смалячкова
Марына Новік любіць бегаць
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter