“Мы любілі жыццё, і Радзіму, і вас, дарагія…”

Заўтра будзе 65 гадоў, як фашысты спалілі ХатыньСонечны і светлы сакавіцкі дзень, спакойны і лагодны. У празрыстым паветры трымцяць тонкія галінкі бяроз, якія хутка, зусім ужо хутка пакрыюцца празрыстым зеленаватым вэлюмам. А на іх будуць сядзець і высвістваць гімн жыццю ашалелыя ад вясны і цеплыні страката-бліскучыя шпакі, і закружацца ў блакітнай высі буслы, прарочачы добрае надвор'е і ўдалы год...Светлая, звычайная, простая чалавечая мара, якая тут ніколі не спраўдзіцца. Распусцяцца дрэвы, прыйдзе на зямлю красавік, за ім травень. Але шпакі не прыляцяць сюды, бо ніхто руплівымі рукамі не змайструе для іх хатку. І буслы мінуць гэту вёску, бо тут няма каму прыносіць дзяцей, тут няма ні старой бараны на дрэве, ні ўтульнага вільчыка на страсе, дзе б можна было збудаваць гняздо і гадаваць у ім малых пісклявых буслянят. Тут гэтага не будзе ніколі, бо тут няма жыцця. Жыццё тут скончылася ў адзін момант, у сакавіку 1943-га...

“Мы згарэлі жывымі ў агні”
Я іду па ціхай вуліцы з гасцінна расчыненымі весніцамі. Не бразгаюць калодзежныя калаўроты, не чуваць галасоў, не скалыхнецца на акне фіранка, не выгляне адтуль зацікаўлены старэчы твар. Мёртвая вёска. Мёртвая цішыня. Толькі званы. Кожны іх удар — як стрэмка ў сэрцы. Боль, які застанецца назаўсёды. Памяць, якая не сатрэцца хвілінамі і гадамі.
Падыходжу да кожнага шэрага коміна на месцы спаленай хаты і шукаю, ліхаманкава шукаю ў доўгіх спісах (па дзевяць, па восем імёнаў толькі малых!) імя адной дзяўчынкі, маёй цёзкі, пра якую мне нядаўна расказалі. Яна старэйшая за мяне роўна на пяцьдзесят. Цяпер ёй было б семдзесят тры, і калі б давялося з ёй сустрэцца, я б звярталася да яе “бабуля”. Але яна назаўсёды засталася васьмігадовай дзяўчынкай. Леначка Яскевіч не згарэла ў калгасным гумне, куды сагналі жыхароў Хатыні. Убачыўшы фашыстаў, яна паспрабавала дабегчы да лесу і схавацца. Не паспела: яе дагнала аўтаматная чарга. І вось яе імя — на шэрым слупе побач з імёнамі бацькоў, братоў, сясцёр...
Самаму малодшаму спаленаму жыхару Хатыні было ўсяго сем тыдняў. Гэта быў пляменнік аднаго са сведкаў трагедыі, які дажыў на нашых дзён, — Уладзіміра Яскевіча. Я доўга вагалася, перш чым набрала нумар Уладзіміра Антонавіча: яго за гэтыя шэсцьдзесят пяць гадоў ужо столькі разоў прасілі расказаць пра самае страшнае ў жыцці. Яму зараз семдзесят восем гадоў, значыць, у сакавіку 43-га было трынаццаць. Вось ён, яго вечны ўспамін, згадка аб тым самым жыцці, якога ў Хатыні цяпер няма: “У той дзень сям’я займалася звычайнымі хатнімі справамі. Калолі дровы, бацька, здаецца, рэзаў сечку на корм карове. Дзяцей было шмат, але выхоўвалі нас тады па-іншаму. Старэйшы гадаваў малодшых, пакуль бацькі працавалі ў калгасе... Раптам пачуліся стрэлы. Я пабег у супрацьлеглы бок ад месца, дзе стралялі. Прабег метраў дзвесце і ўскочыў у яму, дзе захоўвалі бульбу. Схаваўся туды і чакаў, баючыся выглянуць. Адчуў толькі, як пацягнула паленым... У нашай сям’і ў той дзень загінула дзевяць душ. Потым мы разам з сястрой Соф’яй, якая таксама цудам выратавалася, жылі ў дзядзькі ў вёсцы Мокаць. Пасля вайны трапілі ў Плешчаніцкі дзіцячы дом...”
Ад гэтых простых, звычайных слоў старога чалавека гісторыя, якую ён расказвае, яшчэ больш жудасная. Уладзімір Антонавіч замаўкае, і я яго больш ні пра што не пытаю. Ён там, у сваёй роднай Хатыні, і ў хаце шумна і весела, і бацька рэжа сечку карове, якая побач, у хляве, чакае пачастунку і з яе вільготнай цёплай пысы ідзе пара... Божа, як чалавек жыве з  гэтымі ўспамінамі? Усё жыццё, з дзяцінства разумеючы, што гэтага не будзе больш ніколі, што гэта знікла за некалькі гадзін, што знішчылі гэта людзі... Людзі?..
 22 сакавіка  1943 года ў Хатыні было спалена 26 хат з надворнымі пабудовамі, знішчана 149 мірных жыхароў. Больш за палову з іх былі дзеці.
“Каб нідзе і ніколі ў віхры пажараў жыццё не ўмірала”
Назвы лагераў смерці і лічбы забітых я чытала на сцяне за бетоннымі кратамі. Сцяна болю. Сцяна агню. Сцяна памяці. Яна тут, у Хатыні, дарэчы. Калі б быў прыбор, здольны вымяраць людскі боль і жалобу, яго б тут зашкаліла. Болю тут столькі, што рэальна, фізічна пачынаеш адчуваць, як заходзіцца-шчыміць сэрца. Трасцянец. Целы забітых фашысты перакладвалі дровамі, аблівалі смалой, закладваючы ў полымя для павышэння тэмпературы авіяцыйныя бомбы... Саласпілскі канцлагер у Латвіі. Трэцяя частка ад усёй колькасці трапіўшых туды савецкіх дзяцей — ураджэнцы Прыдзвіння, Віцебшчыны.  Дзяцей, нават груднічкоў, там трымалі ў асобных бараках. На малых выпрабоўвалі атруты, а таксама  заражалі цяжкімі хваробамі. Ад такіх эксперыментаў памірала да 150 дзяцей у дзень... Цяпер у латвійскіх падручніках па гісторыі лагер у Саласпілсе называюць “прафілактычным”. Што сталася з вашай памяццю, людзі?!
Шэрую, попельную Сцяну памяці ў Хатыні ажыўляюць толькі яркія плямы. Гэта дзіцячыя цацкі. Дзеткі, што прыязджаюць з бацькамі ў Хатынь, пакінулі тут свае лялькі для тых, хто ўжо ніколі не стане дарослым.
У Хатыні, як у кожнай вёскі, ёсць свае могілкі. Могілкі вёсак. Хатынь галосіць па іх сваімі званамі. Агуркі, Боркі, Шыцікі, Весялова, Старонка... Кожная назва — як песня. Колькі б людзей маглі б называць іх сваёй малой радзімай... З 9200 населеных пунктаў, разбураных і спаленых гітлераўцамі ў Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны, звыш 5295 фашысты знішчылі разам з усім насельніцтвам або часткова ў час правядзення карных аперацый. Напрыклад, у Мінскай вобласці двойчы былі спалены 92 вёскі, тройчы — 40, чатыры разы — 9, пяць і больш разоў — 6 вёсак. У некаторыя фашысты нават прывозілі пясок і раўнялі вуліцы з зямлёй... Хатынь — толькі маленькая свечка гэтага пажару...
“Каб змаглі вы ўсталяваць мір і спакой на зямлі”
Дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комлекса “Хатынь” Канстанцін Мішын з сумам адзначае: калі ў часы Савецкага Саюза Хатынь наведвала 1,5—1,7 мільёна чалавек ў год, дык, напрыклад, летась у мемарыяльным комплексе пабывала крыху больш за 120 тысяч. Сёння святыня і боль Беларусі выклікае менш увагі. Можна, канешне, спаслацца на тое, што знаходзіцца Хатынь далекавата ад вялікай дарогі, што з’явілася шмат іншых турыстычных аб’ектаў (праўда, наўрад ці ў каго павернецца язык назваць Хатынь “турыстычным аб’ектам”). Але справа не ў гэтым. Справа ў самасвядомасці кожнага з нас. Справа ў тым, што мы расказваем сваім дзецям у школе і дома. Справа ў тым, як мы пра гэта гаворым: як пра даўно мінулыя падзеі ці як пра непазбыўны боль, які не мае тэрміну даўнасці.
У Хатыні быць цяжка. Эмацыянальна, фізічна. Але ў Хатыні пабыць трэба. Хоць аднойчы ў жыцці. Бо іменна вярнуўшыся адтуль, пачынаеш разумець, што найвялікшае для чалавека шчасце — гэта калі няма вайны. Пасля разумення прыходзіць яшчэ больш важнае — роздум: а што асабіста я магу зрабіць для таго, каб ніколі-ніколі на гэтай зямлі, на Зямлі ўвогуле не з’явілася яшчэ адна Хатынь? Мінае час, сыходзяць у нябыт сведкі той апошняй (дай Божа, каб яна заставалася для Беларусі апошняй на векі вечныя) вайны. Але ёсць званы Хатыні. Яны ўсё раскажуць.

Заўтра на тэрыторыі комплекса пройдзе мітынг-рэквіем “Хатынь — боль і памяць народная” з удзелам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Генадзя Нявыгласа. У мерапрыемстве прымуць удзел таксама вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама, замежныя дэлегацыі, сведкі трагедый спаленых вёсак і іншыя. Таксама пройдзе навукова-практычная канферэнцыя, на якую запрошаны прадстаўнікі падобных мемарыялаў у Чэхіі, Францыі, Расіі, Латвіі, Літве, розных музеяў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter