О важных уроках, которые вносит в нашу жизнь зима

Мы ў хату — елку, а яна з сабой — завею

Калі кожны сезон года пачынаецца роўна па календары, здзіўляюся: няўжо сапраўды загадчык нябеснай канцылярыяй не выпусціў з поля зроку дакладны час? Сёлета акурат у снежні ахінуў усё вакол беласнежнай коўдрай. Да такога выразнага графіка не былі гатовыя нават самыя летуценныя рамантыкі. Пра гэта наракалі і ў лістах у рэдакцыю: маўляў, і ружы не паспелі ўкрыць ад маразоў, і вінаград застаўся замярзаць, і шмат яблыкаў засталося ляжаць пад дрэвамі (настолькі іх было шмат). Але гэта яшчэ што? Суровая матухна-зіма вырашыла паказаць свае гаспадарскія якасці па поўнай і адразу: падсыпала не толькі прычыну для вясёлага правядзення часу на санках, лыжах, каньках, але і наслала людзям масу выпрабаванняў у выглядзе халадовых траўмаў, абмаражэнняў і іншых непрыемнасцяў. Некаторыя з іх абмяркуем сёння на нашай прызбе.


Актыўныя карыстальнікі сацсетак хутчэй кінуліся на вуліцу лавіць у свае фотааб’ектывы карагоды сняжынак і з іх дапамогай збіраць тысячы лайкаў у сторыс і рылс. Калі гэта прыносціь радасць, чаму б і не? Аднак ёсць сярод нас і тыя, хто ў кожнай праяве жыцця знойдзе прычыну для негатыву. «Снег — вядома, прыгожа, але праз яго ехала сёння да працы на паўгадзіны даўжэй», — паскардзілася адна мая гарадская сяброўка. Не магла ёй не запярэчыць: «Ты як барыня на аўтобусе ехала, а вось вадзіцелю, што адказваў у той момант не толькі за сябе, але і за жыцці пасажыраў, было у сотні разоў складаней, чым ім усім». 

Мае доказы сказанага заснаваны на рэальным жыцці. Прыйшлося расказаць, як нашу невялікую вёсачку, дзе жыву, штораз у снежнае надвор’е замятае так, што можна доўгі час і не выбрацца. Бывае, прыходзіцца машыну ставіць ля самай трасы і ісці праз чыстае поле кіламетры два, каб заўтра не апынуцца ў снежным палоне. Ды і па трасе ў час завірухі ехаць — выпрабаванне, сапраўдны квэст на гармонах стрэсу. Неяк падумалася: менавіта страх і трывога не вылецець у кювет на слізкай дарозе і сцерагуць многіх вадзіцеляў ад дарожна-транспартных здарэнняў. Аднак, як паказвае практыка, далёка не кожны кіроўца садзіцца за руль з усведамленнем гэтага. З асабістых назіранняў: многія «ездакі» як быццам забываюць, што ўзімку трэба ездзіць асабліва акуратна, больш таго — пераходзіць не толькі на зімовыя колы, але і рэжым кіравання змяняць кардынальна. З чаго гэта я бурчу? 

Раскажу пра такі выпадак: выехала ў мінулую нядзелю ў суседні аграгарадок па малако і хлеб (на нашым хутары крамы няма). Усе дарожныя палосы запарушаныя, толькі ў сярэдзіне трасы — раз’езджаная «лыжня», як раз для аўтамабільных колаў. Паспяхова пераадолеўшы снежныя гурбы, неяк ўстала коламі ў тыя каляіны і паехала не спяшаючыся. Раптам машына ззаду пачынае зіхацець фарамі, падаючы сігнал даць праехаць. Але як? Не скіруеш ні ўлева, ні ўправа: вакол суметы. Мяне апанавала абурэнне: няўжо так складана ехаць з аптымальнай хуткасцю і не ладзіць у складаных умовах гульню навыперадкі? У такіх аматараў хуткасці хочацца спытаць: куды яны спяшаюцца? Да першага дрэва ці слупа? 

На жаль, глупства на дарозе не рэдкасць. Яшчэ адно назіранне: нават ва ўмовах суцэльнага снегу некаторыя вадзіцелі спрабуюць строіць з сябе вялікіх хакеістаў — толькі за рулём асабістага аўто. Калі ў крайняй правай паласе дзве машыны едуць, выконваючы дыстанцыю, двое ліхачоў, апярэджваючы тых ціхаходаў (сярод іх і я), прымудраюцца ўціснуцца паміж імі. І тут усе разумныя разлікі затармазіць бяспечна для ўсіх могуць скончыцца кучай машын, па ланцужку ўразаных адна ў адну. Вось табе два ў адным: кіраванне траспартным сродкам і масавае катанне. Узнікае пытанне: чаму б дарослым людзям загадзя не ўлічыць, што любы рэзкі рух на слізкай дарозе можа прывесці да непрыемных наступстваў.

Спытай у любога вадзіцеля — у кожнага знойдзецца з дзесятак гісторый пра глупства і грубіянства на дарозе: пра «тармазоў», што любяць ездзіць у крайняй левай паласе і незразумела навошта туды становяцца, пра нахабнікаў, якія паркуюцца ў неналежных месцах. Асабліва непрыемна, калі ўдзельнікі дарожнага руху адкрыта хамяць іншым, што нярэдка прыводзіць да аварыйных сітуацый. 

А чаму вас паспела навучыць цяперашняя зіма?

kuzmich@sb.by
Дорогие друзья! Подключайтесь к нашему диалогу. Задавайте вопросы, делитесь рассуждениями о наболевшем, высказывайте слова благодарности тому, кто помог вам, подставил плечо в трудную минуту. Присылайте отзывы на наши статьи, звоните на горячий телефон (8-017) 311-02-88, а также пишите в рубрики «Земляки», «Мир увлечений», «Путешествие по родным местам», «Хотим поделиться радостью»… 

С нетерпением ждем ваших писем и звонков!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter