«Мы бяздонныя вечныя донары, мы народам усiм сваякi»

Так  словамi  класiка  гаварылi  аб  сабе  i  сваёй  дзейнасцi  дэлегаты  IХ  справаздачна- выбарчай  канферэнцыi  ГА  «Беларускае  таварыства  дружбы  i  культурнай  сувязi  з  замежнымi  краiнамi»

Так  словамi  класiка  гаварылi  аб  сабе  i  сваёй  дзейнасцi  дэлегаты    справаздачна- выбарчай  канферэнцыi  ГА  «Беларускае  таварыства  дружбы  i  культурнай  сувязi  з  замежнымi  краiнамi»

А пачалася канферэнцыя з цудоўнага гiмна “Дом дружбы”, якi напiсалi сябры таварыства Сяргей Панiзнiк i Эдуард Зарыцкi. У iм ёсць такiя радкi:

“Мы ў Доме дружбы – сваякi: 

Мiж сейбiтаў планеты 

Вучоныя i мастакi, 

Музыкi i паэты...” 

Вучоныя i мастакi, музыкi i паэты (i не толькi яны) у час канферэнцыi даволi эмацыянальна i ўзвышана аналiзавалi тое, што зроблена за пяць гадоў, разважалi, як, у якiм напрамку рухацца далей. 

— Падсумоўваючы вынiкi папярэдняй пяцiгодкi, мы, i не беспадстаўна, асцерагалiся, цi ўдасца нашай арганiзацыi захавацца ў якасцi мiжкультурнага асяродку, паўнацэннага цэнтра народнай дыпламатыi, — прызналася старшыня прэзiдыума  БелТД Нiна Iванова. — Але сёння чарговая справаздача. I таварыства дружбы зноў пацвердзiла здольнасць актыўна iснаваць i прадуктыўна ўзаемадзейнiчаць у сферы маральных i культурных арыентацый, а значыць, выконваць статутныя задачы. 

Сакрэту ў такой жыццяздольнасцi няма: яна грунтуецца на непадробнай любовi  актыву грамадскай арганiзацыi да свайго, нацыянальнага, i выключна паважлiвых адносiнах да духоўных здабыткаў iншых народаў. Беларускае таварыства дружбы аб’ядноўвала i аб’ядноў­вае самых адметных прадстаўнiкоў нацыянальнай iнтэлiгенцыi, якiя працуюць па наказе душы на iдэю мiжкультурнага супрацоўнiцтва i народнай дыпламатыi. 

Безумоўна, галоўнай яго праграмай было i застаецца культурнае i адукацыйнае супрацоўнiцтва з замежнымi партнёрамi, з беларускiмi грамадскiмi арганiзацыямi i дзяржаўнымi ўстановамi. Дастаткова прыгадаць традыцыйныя мерапрыемствы таварыства — Днi культуры Беларусi ў замежных краiнах, а таксама iншых краiн у нас,  у Мiнску, i iншых гарадах рэспублiкi. Можа, яны былi не такiмi ўжо грандыёзнымi i маштабнымi, як дзяржаўныя мерапрыемствы такога кшталту. Але тое, што яны былi цiкавымi i небескарыснымi, можна не сумнявацца. Пра гэта сведчаць i водгукi ўдзельнiкаў гэтых свят. 

Духоўную прастору актыўна напаўнялi i таварыствы дружбы з асобнымi краiнамi. Яны сiстэматычна праводзiлi вечары, прысвечаныя культуры i традыцыям iншых народаў, а таксама прысутнасцi беларускай культуры ў свеце. Штогод такiх вечароў ладзiцца каля сотнi. За гэтымi лiчбамi — нязменная энергiя, удумлiвыя стараннi i руплiвасць актывiстаў, найперш старшынь i адказных сакратароў таварыстваў дружбы з асобнымi краiнамi. Многiя  таварыствы маюць сваю “фiшку” — тэму, якую распрацоўваюць з года ў год. 

Паўнакроўна i грунтоўна развiваюцца праграмы параднення гарадоў, якiя маюць  вялiкае значэнне ва ўстанаўленнi i развiццi рэгiянальных сувязей. Разам з беларускай грамадскай арганiзацыяй “Пародненыя гарады” за пяць гадоў праведзена 9 каардынацыйных сустрэч беларускiх гарадоў з замежнымi, у тым лiку тры ў гэтым годзе. 

У праграмах БелТД актыўна ўдзельнiчае маладое пакаленне. Асаблiвую цiкавасць выклiкаюць пазнавальна-адукацыйныя мерапрыемствы: семiнары ўдасканалення прафесiйнага майстэрства, круглыя сталы, лiтаратурна-музычныя вечары, прысвечаныя вядомым дзеячам беларускай i замежнай культуры, а таксама ўдзел у мiжнародных праектах. 

У справаздачным перыядзе таварыства працягвала атрымлiваць гуманiтарную дапамогу ад нашых замежных партнёраў. Але, канстатавала канферэнцыя, аб’ёмы яе значна знiзiлiся, асаблiва за апошнiя два гады. Адной з прычын таго з’яўляюцца складаныя мытныя нарматывы i бюракратызаванасць працэдур афармлення. Тым не менш БелТД удалося за пяць гадоў перадаць медыцынскiм установам рэспублiкi 26 новых апаратаў ультрагукавой дыягностыкi (а ўсяго 146 такiх апаратаў), iншай медыцынскай тэхнiкi i прадметаў медыцынскага прызначэння, паступiўшых ад нашых замежных партнёраў, i ў першую чаргу ад фонду “Дзецi Чарнобыля” зямлi Нiжняя Саксонiя, з якiм грамадскае аб’яднанне разам з Чырвоным Крыжам актыўна супрацоўнiчае. Практычна кожная раённая бальнiца рэспублiкi атрымала па гэтай праграме апарат УГД у сваё карыстанне. А ўсяго атрымана i размеркавана медыцынскiх прылад i абсталявання на суму звыш 25 мiльёнаў долараў. Каля 6000 беларускiх дзяцей з малазабяспечаных сем’яў выязджалi на адпачынак за мяжу. 

— Было б занадта смела ў нашай сiтуацыi сцвярджаць, што таварыства дружбы ўваходзiць у новы справаздачны перыяд з ясным усведамленнем сваёй будучынi, — закончыла свой даклад яшчэ адным прызнаннем Нiна Iванова (дарэчы, менавiта яна зноў абрана старшынёй прэзiдыума). — Тым не менш назапашаны творчы, арганiзацыйны i духоўны патэнцыял, а таксама вялiкае кола сяброў i паплечнiкаў даюць падставу спадзявацца, што арганiзацыя i далей будзе iснаваць i развiвацца. 

З ёй у гэтым былi салiдарны i выступоўцы. Яны ўнеслi шмат цiкавых i карысных прапаноў па ўдасканаленнi i пашырэннi дзейнасцi таварыства, якiя ўвайшлi ў рэзалюцыю справаздачна-выбарчай канферэнцыi. Член прэзiдыума БелТД, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзiмiр Гiлеп лiчыць (а яго падтрымалi дэлегаты канферэнцыi), што дзяржава не спаўна скарыстоўвае магчымасцi гэтай уплывовай структуры, якая, дарэчы, за дзесяцiгоддзi сваёй плённай дзейнасцi заслужыла, каб ёй быў нададзены статус грамадска-дзяржаўнага аб’яднання. Так што ёсць, як гаворыцца, падстава для роздуму i ўладам. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter