«Мы, браты» з Наташай Алам

Стваральнікі фільма «Мы, браты» («Авель») раскрылі таямніцу

Актрыса Наташа Алам выканае галоўную жаночую ролю ў фільме «Мы, браты» (ранейшая назва «Авель»). Новая назва стужкі, пад якой яна выйдзе ў сусветны пракат, была аб’яўлена ў час прэзентацыі карціны ў Беларускім павільёне ў Канах. Адначасова было абвешчана і імя выканаўцы галоўнай жаночай ролі, якое хавалі на працягу доўгага часу і наконт якога выказваліся самыя смелыя меркаванні, называлі ледзь не Шэран Стоўн.

Але яе завуць Наташа Алам. 31-гадовая амерыканская актрыса і мадэль родам з Ташкента. У дзявоцтве — Наталля Шыманчук. У 1996 годзе пазнаёмілася з унукам былога шаха Ірана. Яны пажаніліся ў Нью-Ёрку, але ў 2005 годзе развяліся. Другім мужам Наташы стаў амерыканец, уладальнік касметычнай клінікі, ад яго яна нарадзіла дачку. Цяпер Алам жыве ў Лос-Анджалесе. Здымалася ў некалькіх фільмах, мностве серыялаў і тэлешоу, пазіравала для глянцавых часопісаў «Maxim» і «Playboy».

Стваральнікі карціны заяўляюць, што ў фільме будуць заняты тры акцёры з Амерыкі, і абяцаюць імя яшчэ адной актрысы назваць у чэрвені.

Зараз вядома, што акрамя Наташы Алам у карціне ўбачым брата знакамітай Джуліі Робертс — Эрыка Робертса, беларускіх акцёраў Уладзіміра Гасцюхіна, Руслана Чарнецкага, Алесю Грыбок, нямецкага артыста з беларускімі каранямі Яўгена Шмарлоўскага, расіян Аляксея Серабракова і Ігара Савачкіна. Рэжысёрам фільма выступае каскадзёр і пастаноўшчык трукаў Уільям дэ Віталь, які прыехаў у нашу краіну з Амерыкі.

«Мы, браты» — поўнаметражная мастацкая стужка. Праект фільма, распрацаваны айчыннай прыватнай кампаніяй «Nonstop MEDIA», перамог у адкрытым конкурсе Міністэрства культуры на стварэнне нацыянальнага праекта. Упершыню прыватная кампанія атрымала права на здымкі такой маштабнай карціны. Бюджэт фільма — амаль $ 2 млн. Акрамя фінансавай дапамогі «Nonstop MEDIA» прыняла наступныя ўмовы: мастацкі фільм будуецца на фоне падзей найноўшай гісторыі Беларусі, акцёрскі ансамбль абавязкова ўпрыгожвае сусветная зорка, карціна павінна абавязкова выйсці ў шырокі пракат за межы краіны і на фестывальныя экраны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter