Музыку, маэстра!
09.06.2012 19:37:02
Сёння ў вячэрнім небе Маладзечна – грандыёзны феерверк з нагоды ўрачыстага адкрыцця ХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.
МАЛАДЗЕЧАНЦЫ, як і ўся музычная ды паэтычная супольнасць краіны, шчырыя прыхільнікі роднага слова і мелодыкі, заўсёды чакаюць такога блізкага беларускай душы свята, якое стала візітоўкай горада і Міншчыны. Сёлета яно прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
І яшчэ адну акалічнасць музычнага свята на радзіме Купалы ўзгадаў маэстра: яно заўседы праходзіла пры дрэнным надвор’і. Сіноптыкі абяцаюць дождж і сёння, у суботу. Але тут, у горадзе, расквечаным вясёлкавымі фарбамі дамоў, прыгожымі клумбамі і маладой лістотай непаўторнага гарадскога парку з яго рознакаляровымі фантанамі, іскрыстымі вадаспадамі на каскадзе рукатворных вадаёмаў і бялюткімі ратондамі, надзвычай цёпла і сонечна ад вясёлых усмешак гаспадароў і гасцей фестывалю.
Гэта нацыянальнае свята заўсёды падтрымлівала дзяржава. Яно — адзіны фестываль, які цалкам робіцца на беларускай мове і без ніводнай фанаграмы, адзначыў Міхаіл Фінберг. Сёння ў аркестры працуе шмат спевакоў, якія атрымалі Гран-пры і перамогу ў Рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў, што праходзіць у рамках фестывалю. Гэта і Дзмітрый Качароўскі, якога, дарэчы, абрала сярод іншых пачынаючых спевакоў журналісцкае журы. У ім выпаў гонар працаваць і аўтару гэтых радкоў, таму цяпер прыемна ўсведамляць, што мы тады не памыліліся. Гэта і Наталля Тамела, і маладзечанец Аляксандр Салаўёў.
«Мы заўсёды з вялікай адказнасцю рыхтуем фестываль, каб слухач змог зразумець, што за цуд — беларуская песня, якую трэба захоўваць і папулярызаваць», — сказаў Міхаіл Фінберг.
Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр падрыхтаваў адмысловую праграму «Дзве яркія зоркі», прысвечаную 130-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Такая ж назва і ў песні, што спецыяльна да знакавай музычнай падзеі напісаў кампазітар Эдуард Зарыцкі, яна і адкрые фестываль сёння вечарам. Падчас урачыстага адкрыцця ў гала-канцэрце заслужанага калектыву пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы Міхаіла Фінберга ўсяго прагучыць дваццаць прэм’ер. Упершыню аркестр будзе працаваць з новай апаратурай, якую закупіў Мінскі аблвыканкам да «Дажынак-2011», а аркестр падараваў Палацу культуры светлавыя прыборы. І зараз у Маладзечне ёсць прафесійнае музычнае абсталяванне, з якім можна паставіць любое відовішчнае шоу і канцэрт.
А напярэдадні адбудзецца ўганараванне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў, які прайшоў учора ў Палацы культуры горада Маладзечна. У ім прыняў удзел 21 спявак — па тры ад кожнай вобласці і горада Мінска.
У пятніцу таксама гучала шмат беларускіх вершаў — у Мінскім абласным драматычным тэатры прайшла літаратурна-музычная вечарына «Паэзіі чароўная краса» з удзелам вядучых акцёраў дзяржаўных тэатраў краіны. Апафеозам беларускаму слову стала рок-опера «Курган» паводле паэмы Я. Купалы на музыку Ігара Лучанка. Аўтарам гэтага праекта стаў беларускі паэт Андрэй Скарынкін.
А сёння адбудуцца паэтычныя чытанні ля помніка Янку Купалу ў філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Песняра ў вёсцы Вязынка. Пісьменнікі і паэты, прадстаўнікі грамадскасці ўскладуць кветкі да помніка, а таксама наведаюць філіял у вёсцы Яхімоўшчына.
Па традыцыі ў гэтыя дні паэтычныя сустрэчы ладзяцца і на Музычным падвор’і Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага. Сёлета ў Маладзечна прыехалі і новыя кнігі — прэзентацыя выданняў, якія выйшлі да юбілею слынных песняроў, запланавана ў раённай цэнтральнай бібліятэцы імя М. Багдановіча.
На Цэнтральнай плошчы горада выступаюць аматарскія калектывы Міншчыны. Працуе Горад майстроў, дзе наладжана выстава-продаж вырабаў з саломы, лазы, дрэва, скуры — сапраўдных скарбаў народнай культуры, адкуль нарадзілася і беларуская песня. А яе свята пад маладзечанскім небам — сведчанне нашай самабытнасці і таленту беларускага народа.
Алена КЛІМОВІЧ, «БН»
НА ЗДЫМКУ: нязменны «рухавік» маладзечанскага фэсту — Міхаіл ФІНБЕРГ.