Музыку, маэстра!

МАЛАДЗЕЧАНЦЫ, як і ўся музычная ды паэтычная супольнасць краіны, шчырыя прыхільнікі роднага слова і мелодыкі, заўсёды чакаюць такога блізкага беларускай душы свята, якое стала візітоўкай горада і Міншчыны. Сёлета яно прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Сёння ў вячэрнім небе Маладзечна – грандыёзны феерверк з нагоды ўрачыстага адкрыцця ХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

МАЛАДЗЕЧАНЦЫ, як і ўся музычная ды паэтычная супольнасць краіны, шчырыя прыхільнікі роднага слова і мелодыкі, заўсёды чакаюць такога блізкага беларускай душы свята, якое стала візітоўкай горада і Міншчыны. Сёлета яно прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

— Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі мы пачалі ладзіць з 1993 года. Напачатку ставілі самадзейную пляцоўку, а само свята адбывалася на гарадскім стадыёне. Увесь час мы з натхненнем працавалі з беларускай народнай песняй, музыкай, і слаўная традыцыя доўжыцца вось амаль дваццаць гадоў. За бадай што два дзесяцігоддзі адбылося шмат музычных падзей. Сёння няма ніводнага беларускага кампазітара ці паэта, імя якога не ўзгадалі на фестывалі. Мы выхавалі цэлае пакаленне новых выканаўцаў, якія сталі лаўрэатамі і пераможцамі шматлікіх конкурсаў, што адбываюцца не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Адметнасць Маладзечанскага фэсту ў тым, што ўсе праходзячыя на ім мерапрыемствы — вялікая прафесійная падтрымка беларускіх кампазітараў, спевакоў і паэтаў. Аркестр падрыхтаваў 31 праграму на музыку і тэксты нашых творцаў, і пераважная колькасць іх прагучала менавіта ў Маладзечне, — расказаў ініцыятар і нязменны «рухавік» розных творчых імпрэз на гэтым фэсце, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг.

І яшчэ адну акалічнасць музычнага свята на радзіме Купалы ўзгадаў маэстра: яно заўседы праходзіла пры дрэнным надвор’і. Сіноптыкі абяцаюць дождж і сёння, у суботу. Але тут, у горадзе, расквечаным вясёлкавымі фарбамі дамоў, прыгожымі клумбамі і маладой лістотай непаўторнага гарадскога парку з яго рознакаляровымі фантанамі, іскрыстымі вадаспадамі на каскадзе рукатворных вадаёмаў і бялюткімі ратондамі, надзвычай цёпла і сонечна ад вясёлых усмешак гаспадароў і гасцей фестывалю.

Гэта нацыянальнае свята заўсёды падтрымлівала дзяржава. Яно — адзіны фестываль, які цалкам робіцца на беларускай мове і без ніводнай фанаграмы, адзначыў Міхаіл Фінберг. Сёння ў аркестры працуе шмат спевакоў, якія атрымалі Гран-пры і перамогу ў Рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў, што праходзіць у рамках фестывалю. Гэта і Дзмітрый Качароўскі, якога, дарэчы, абрала сярод іншых пачынаючых спевакоў журналісцкае журы. У ім выпаў гонар працаваць і аўтару гэтых радкоў, таму цяпер прыемна ўсведамляць, што мы тады не памыліліся. Гэта і Наталля Тамела, і маладзечанец Аляксандр Салаўёў.

«Мы заўсёды з вялікай адказнасцю рыхтуем фестываль, каб слухач змог зразумець, што за цуд — беларуская песня, якую трэба захоўваць і папулярызаваць», — сказаў Міхаіл Фінберг.

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр падрыхтаваў адмысловую праграму «Дзве яркія зоркі», прысвечаную 130-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Такая ж назва і ў песні, што спецыяльна да знакавай музычнай падзеі напісаў кампазітар Эдуард Зарыцкі, яна і адкрые фестываль сёння вечарам. Падчас урачыстага адкрыцця ў гала-канцэрце заслужанага калектыву пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы Міхаіла Фінберга ўсяго прагучыць дваццаць прэм’ер. Упершыню аркестр будзе працаваць з новай апаратурай, якую закупіў Мінскі аблвыканкам да «Дажынак-2011», а аркестр падараваў Палацу культуры светлавыя прыборы. І зараз у Маладзечне ёсць прафесійнае музычнае абсталяванне, з якім можна паставіць любое відовішчнае шоу і канцэрт.

А напярэдадні адбудзецца ўганараванне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў, які прайшоў учора ў Палацы культуры горада Маладзечна. У ім прыняў удзел 21 спявак — па тры ад кожнай вобласці і горада Мінска.

У пятніцу таксама гучала шмат беларускіх вершаў — у Мінскім абласным драматычным тэатры прайшла літаратурна-музычная вечарына «Паэзіі чароўная краса» з удзелам вядучых акцёраў дзяржаўных тэатраў краіны. Апафеозам беларускаму слову стала рок-опера «Курган» паводле паэмы Я. Купалы на музыку Ігара Лучанка. Аўтарам гэтага праекта стаў беларускі паэт Андрэй Скарынкін.

А сёння адбудуцца паэтычныя чытанні ля помніка Янку Купалу ў філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Песняра ў вёсцы Вязынка. Пісьменнікі і паэты, прадстаўнікі грамадскасці ўскладуць кветкі да помніка, а таксама наведаюць філіял у вёсцы Яхімоўшчына.

Па традыцыі ў гэтыя дні паэтычныя сустрэчы ладзяцца і на Музычным падвор’і Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага. Сёлета ў Маладзечна прыехалі і новыя кнігі — прэзентацыя выданняў, якія выйшлі да юбілею слынных песняроў, запланавана ў раённай цэнтральнай бібліятэцы імя М. Багдановіча.

На Цэнтральнай плошчы горада выступаюць аматарскія калектывы Міншчыны. Працуе Горад майстроў, дзе наладжана выстава-продаж вырабаў з саломы, лазы, дрэва, скуры — сапраўдных скарбаў народнай культуры, адкуль нарадзілася і беларуская песня. А яе свята пад маладзечанскім небам — сведчанне нашай самабытнасці і таленту беларускага народа.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

НА ЗДЫМКУ: нязменны «рухавік» маладзечанскага фэсту — Міхаіл ФІНБЕРГ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости