Выступ 12-гадовага трамбаніста Іллі Кісялёва адкрые сёлетнія “Джазавыя вечары” ў Мінску

Музыка ля Ратушы

Адметная традыцыя мінскіх “Джазавых вечароў” — удзел у іх таленавітых дзяцей. Пра гэта на прэс-канферэнцыі казаў рэжысёр фестывалю Андрэй Каліна. Юны трамбаніст Ілля Кісялёў, які жыве ў пасёлку Чырвоная Слабада Салігорскага раёна Міншчыны, адкрые сёлетняе музычнае свята.  Арганізатары абяцаюць таксама на плошчы Свабоды ля Ратушы, сапраўдны духавы баттл.

Кожны вечар фэсту — 23 чэрвеня, 30 чэрвеня, 7 ліпеня — будзе прысвечаны асобнай тэме: “Лацінаамерыканскі джаз”, “Традыцыі і сучаснасць”, “У джазе толькі дзяўчаты”. Але іх аб’яднае джазавая п’еса Майлза Дэвіса “So what”.

Дарэчы, “Джазавыя вечары” — цікавы і яркі праект. Штогод фестываль дорыць гледачам магчымасць пачуць як прафесіяналаў, так і тых, хто робіць толькі першыя крокі на сцэне. У канцэртах паўдзельнічаюць беларускія музыканты, а таксама госці з ЗША, Германіі, Бразіліі, Францыі, Ізраіля, Кубы і Расіі. Парадуюць прыхільнікаў джазу Mingus Big Band — Алекс Сіпягін (ЗША), саліст SWR Big Band Клаўс Райхшталлер (Германія), віртуозная піяністка Billy Cobham Band Камелія Бэн Насер (Францыя). Перад гледачамі выступяць беларускія музыканты Premier Orchestra, квартэт Паўла Арлова, джаз-трыа Яўгеніі Лятун, віртуозны саксафаніст, які прызнаны на еўрапейскай джазавай сцэне, выхадзец з Беларусі Аляксей Losh Малахаў, які сёння жыве ў Германіі.


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter