Музыка крочыць у правінцыю

Рэгіёны пакрысе, але настойліва нароўні са сталіцай становяцца прывабнымі месцамі для сямейнага культурнага адпачынку

Рэгіёны пакрысе, але настойліва нароўні са сталіцай становяцца прывабнымі месцамі для сямейнага культурнага адпачынку

Жадаючым паслухаць класічны канцэрт у віртуозным выкананні зусім не трэба абавязкова ехаць у Мінск. Яго “жыўцом” могуць пачуць, напрыклад, жыхары Чачэрска, Іванава, Турава і многіх іншых невялікіх населеных пунктаў Беларусі. Сёлетні сезон адкрывае фестываль “Заслаўе-2013”. Шчыра кажучы, час для мерапрыемства не зусім зручны — 18 студзеня прыпадае на працоўны дзень. Але вечарам у пятніцу, калі паспяшацца, нават з Мінска можна патрапіць на якасны канцэрт у мясцовым Доме культуры.

Усяго па краіне заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы Міхаіла Фінберга праводзіць ажно 18 такіх фестываляў. Не кажучы ўжо пра тое, што скрыпачы, піяністы, флейтысты, трубачы, кларнетысты і іншыя музыканты пад кіраўніцтвам свайго маэстра заязджаюць ледзь не ў кожны аграгарадок. Вось гэта — сапраўднае здзяйсненне мары, адлюстраванае ў вядомым лозунгу “Культуру — у масы!”. Калі музыканты адпачываюць, уявіць цяжка. Жыццё на колах, і ўвесь год — у раз’ездах.

— Падводзячы вынікі, адзначу, што мы сапраўды шмат чаго зрабілі, — гаворыць Міхаіл Фінберг. — Напрыклад, у мінулым годзе адыгралі 163 канцэрты. Прычым я маю на ўвазе толькі тыя мерапрыемствы, якія праходзілі ў малых гарадах. Што датычыцца іншых кірункаў, то зараз рыхтуемся да правядзення чарговага 24-га джазавага фестывалю ў Мінску (у наступным годзе мы будзем адзначаць 75-годдзе беларускага джаза). Праз месяц пройдзе фестываль “Шлягер на ўсе часы”. Пачалі працаваць над праграмай выступлення на 22-м фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. Да яго з нашай сяброўкай, таленавітай спявачкай Ларысай Долінай ужо рыхтуем сумесны адмысловы канцэрт. А 2013 год пачынаем, як заўсёды, з Міншчыны — ладзім фестываль у Заслаўі. Ён, дарэчы, пройдзе ўжо трынаццаты год запар.

Па словах маэстра, менавіта сталічнаму рэгіёну музыканты надаюць асаблівую ўвагу. Тут калектыў праводзіць некалькі фестываляў, якія сталі, калі так можна сказаць, “візітнымі карткамі” Мінскай вобласці.

— Перш за ўсё гэта фестываль у Маладзечне, — адзначае Міхаіл Фінберг. — Затым “Музы Нясвіжа”, фестываль у пасёлку Чысць, які мы толькі распачалі. І зусім новае мерапрыемства, якое толькі рыхтуемся пачаць сёлета ў Любані. Пра яго хочацца расказаць асобна. Дарэчы, яго ініцыятар — старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Васільевіч Батура. Калісьці Любань была вельмі “музычным” мястэчкам — пра гэта мы ўзгадваем у рабоце над праграмай. Менавіта тут упершыню прагучыць новая песня Эдуарда Зарыцкага, прысвечаная гораду. Таксама адбудуцца майстар-класы, творчыя сустрэчы.

Як адзначыў Міхаіл Фінберг, кожны з фестываляў мае свае адметныя рысы і прысвечаны славутым беларускім імёнам.

— Толькі за апошнія гады мы ўзгадалі імёны Грыгорыя Пукста, Дзмітрыя Лукаса, Пятра Падкавырава, Льва Абеліёвіча, — распавядае Міхаіл Фінберг. — Год таму мы ўзгадвалі імя славутага беларускага музыканта, кампазітара, кіраўніка знакамітых “Песняроў”, народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна. Ды і, шчыра кажучы, няма такога беларускага кампазітара, творы якога мы б не выконвалі. У гэтым кірунку мы будзем рухацца і далей. Сёлета ў Заслаўі будуць гучаць імя і музыка народнага артыста БССР Анатоля Багатырова — чалавека, які стварыў кампазітарскую школу ў нашай краіне. Ён вучыўся ў такіх майстроў, як Аладаў і Залатароў. А вучнямі самога Багатырова з’яўляюцца Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Андрэй Мдзівані, Эдуард Зарыцкі, Людміла Шлег, Генрых Вагнер, Эдзі Тырманд, многія іншыя. Што ні імя — з’ява. Маштаб гэтага майстра цяжка нават уявіць. Таму я і назваў галоўную праграму на фестывалі “Анатоль Багатыроў і яго час”. Мы пакажам, як перадавалася музычная навука ад яго да таленавітых вучняў. Дарэчы, спадчына Багатырова заўсёды будзе падручнікам для музыкантаў, яна будзе жыць і “працаваць” далей.

Падчас фестывалю пройдзе таксама конкурс маладых выканаўцаў — навучэнцаў музычных школ Мінскай вобласці. Адметная рыса конкурсу — дзеці будуць выконваць творы выключна беларускіх кампазітараў. Праграма вельмі насычаная. Будзе дзейнічаць мастацкая выстава, а ўвечары адбудзецца канцэрт эстраднай музыкі з удзелам усіх нашых выканаўцаў, якія працуюць у складзе заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.

Такім чынам, усе, хто здолее патрапіць 18 студзеня ў Заслаўе, не будуць расчараваныя. Як нам удалося даведацца, падчас фестывалю пройдуць нават творчая сустрэча і асабісты майстар-клас самога маэстра Міхаіла Фінберга, які абяцае адкрыць усім жадаючым сакрэты майстэрства.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter