Музыка Дома Ваньковічаў

У свой час ён быў знакамітым мастаком. Некаторыя з работ Валенція Ваньковіча знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Англіі, Францыі, Польшчы, Літвы, Італіі, Расіі. На радзіме ж няма ніводнага арыгінала яго карцін. Але памяць пра Ваньковіча захоўвае дом, які ў 20-30 гады ХІХ стагоддзя служыў майстэрняй таленавітаму мастаку.
У адной з залаў Дома ВаньковічаўУ свой час ён быў знакамітым мастаком. Некаторыя з работ Валенція Ваньковіча знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Англіі, Францыі, Польшчы, Літвы, Італіі, Расіі. На радзіме ж няма ніводнага арыгінала яго карцін. Але памяць пра Ваньковіча захоўвае дом, які ў 20-30 гады ХІХ стагоддзя служыў майстэрняй таленавітаму мастаку.

Сярод сучасных мураваных забудоў у самым цэнтры Мінска, на вуліцы Інтэрнацыянальнай (былой Валоскай), — невялікі аднапавярховы асабняк ХІХ стагоддзя. Тут з 2000 года дзейнічае музей “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя” як філіял Нацыянальнага мастацкага музея.

— Гарадскі дом Ваньковічаў — не толькі помнік архітэктуры класіцызму, але і культурная каштоўнасць, — гаворыць дырэктар музея Наталля Сычова. — Раней, калі дом належаў Ваньковічам, у ім часта збіралася інтэлігенцыя, бывалі знакамітасці — Часлаў Манюшка, Ян Дамель, Караль Ліпіньскі. Таму і аднаўлялі дом з мэтай зрабіць яго цэнтрам музычнага і культурнага жыцця Мінска.

Бадай, ніводзін вечар у сядзібе Ваньковічаў не праходзіў без музыкі. Якраз у той час увайшлі ў моду струнныя квартэты, часта музіцыраваў і сам гаспадар. Нібы ў працяг гэтай традыцыі музыка ў сядзібе Ваньковічаў гучыць і сёння. Вялізнай папулярнасцю раней карысталася фартэпіяна, валодаць якім павінна была кожная шляхецкая сям’я. Нямецкі раяль тае пары і цяпер упрыгожвае музычную гасціную музея, у якой ладзяцца канцэрты.

Тут часта праходзяць вечары рамансаў і камернай музыкі. Нядаўна ў музеі збіраліся жонкі замежных паслоў. Дарэчы, жонка міністра замежных спраў Беларусі Маргарыта Мартынава аднойчы пабачыла ў Парыжы карціны Ваньковіча, прывезла ў Мінск іх фотакопіі і перадала ў музей.

Летась Дом Ваньковічаў папоўніўся і новымі рэпрадукцыямі твораў мастака. Іх перадалі з Нацыянальнага музея Польшчы, зрабіўшы копіі спецыяльна для мінскага музея. Справа ў тым, што варшаўскі музей валодае адной з самых вялікіх і цікавых калекцый карцін Валенція Ваньковіча. Дырэктар гэтага музея Фердынанд Рушчыц адгукнуўся на просьбу беларускіх калег глыбей пазнаёміць мінчан з творчасцю мастака. У выніку для рэпрадукцый былі адабраны работы, розныя па манеры, тэхніцы, часе стварэння. І вось цяпер у філіяле Нацыянальнага мастацкага музея можна ўбачыць аўтапартрэты Ваньковіча, партрэты яго блізкіх і сяброў, імператара Напалеона Банапарта, скрыпача Караля Ліпіньскага, якога называлі польскім Паганіні.

Як паведаміў дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Пётр Казакевіч, некалькі твораў Ваньковіча ёсць і ў Варшаўскім музеі літаратуры. Рэпрадукцыі з гэтых карцін таксама будуць перададзены ў музей мастака.

Сёння галоўнае багацце Дома Ваньковічаў — партрэтная галерэя, якую склалі мноства рэпрадукцый работ майстра. На карцінах адлюстраваны яго сучаснікі, дробная шляхта, службоўцы судовых ведамстваў, іх жонкі і дзеці.

Цікавыя і калекцыі сядзібнага партрэта. Дзякуючы гэтым творам можна лепш уявіць сядзібы ХІХ стагоддзя. Менавіта ў Доме Ваньковічаў можна на некалькі імгненняў апынуцца ў мінулым і, напэўна, лепш зразумець яго.

Між іншым, работы па аднаўленні сядзібы працягваюцца. Побач з домам будуць пабудаваны флігель упраўляючага, брама. А перад уваходам хутка з’явіцца ўжо адліты з бронзы помнік Валенцію Ваньковічу.

Кацярына Немагай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter